Свінцовы цяжар змагання: чым стаў для берасцейцаў год барацьбы супраць акумулятарнага заводу

НовостиУчастие общественностиЭкоактивизм

З пачатку года ў Брэсце трывае, бадай, самая працяглая ў гісторыі Беларусі пратэстная акцыя: штотыднёвае «кармленне галубоў» на галоўнай плошчы горада. Нягледзячы на штрафы, суткі і запужванні, грамадская кампанія супраць пабудовы акумулятарнага завода працягваецца. І пакуль нішто не кажа аб тым, што людзі збіраюцца здавацца.

Русскоязычная версия статьи

Сакрэтная будоўля

Усё пачалося 5 студзеня, калі грамадскасць Брэста даведалася аб будоўлі ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» акумулятарнага завода, на якім мяркуецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.  Генеральны падрадчыкам будоўлі выступіла — кітайская ААТ «Аньхойская знешнеэканмічная будаўнічая кампанія».

На заводзе кожны дзень плануецца плавіць больш за 30 тон свінцу і свінцовых сплаваў, што мае на ўвазе з’яўленне больш за 3 тон адкідаў штодзень.

Свінец, па класіфікацыі арганізацыі аховы здароўя ёсць атрутнае рэчыва, якое выклікае паражэнні, у першую чаргу, нервовай сістэмы, нырак і мозгу — ажно да разладу псіхікі. Асабліва небяспечны свінец для дзяцей — іх арганізм паглынае да 40% свінцу прынятага з ежай, у той час як у дарослых — у 3-4 разы меней.

Асаблівасць атручвання свінцом — ягоная падступнасць. Ён проста назапашваецца ў костках і тканінах арганізма, пакуль не дасягне пэўнай канцэнтрацыі – і тады выклікае атручванне. Адно з найчасцейшых наступстваў такога атручвання ў дзяцей — свінцовая энцефалапатыя мозгу, смяротнасць пры якой складае 25%.

Для дарослых жа гранічна дапушчальная колькасць свінцу ў тыдзень — усяго 3 мг, што прыкладна роўна 1/7 ад вагі грэчневага зерня.

Небяспечны радыус ад выкідаў свінцу складае каля 25 км, а па кіслотных адкідах — ажно да 150 км. Аднак жа адлегласць акумулятарнага заводу ад Брэста — усяго 4 кіламетры. Побач знаходзяцца вёскі Хабы, Шчэбрын, Тэльмы-2. У двух кіламерах — рака Мухавец, што цячэ праз Брэст. Ад бліжэйшых жа дамоў і ўчасткаў – 700 метраў. У ваколіцах заводу знаходзяцца фермерскія прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя землі і прадпрыемства па вырошчванні шампіньёнаў.

Дзякуючы дапытлівасці і цікаўнасці грамадскіх актывістаў і блогераў, пытанне было паднятае і людзі справядліва вырашылі, што перамагаць наступствы бяды лепш тады, калі бяда яшчэ не настала.

Крыніца фота — Facebook

Ад кабінетаў да плошчаў

Ініцыятыўная група берасцейцаў вырашыла біць адразу па некалькіх франтах: юрысты падавалі позвы ў суды і вялі перапіскі з інстанцыямі, актывісты распаўсюджвалі інфармацыю, дамагаліся сустрэч з чыноўнікамі, збіралі подпісы, прыцягвалі да ацэнкі сітуацыі экспертаў у сферы экалогіі і будаўніцтва.

Расказвае адзін з удзельнікаў ініцыятыўнай групы, Аляксандр Кабанаў:

— За гэты год у нас сфармавалася даволі сур’ёзная ініцыятыўная група, якая працуе з дакументамі, са зваротамі, ездзіць на сустрэчы з чыноўнікамі. Два разы мы сустракаліся з міністрам. Выносім гэта ўсё, падаем позвы ў суды. Ёсць людзі, якія нядрэнна разбіраюцца ў заканадўстве, у тэхналогіях вытворчасці. З нагоды гэтага мы звярнуліся і да сусветных вучоных, каб даведацца, як усё працуе, якую шкоду можа прынесці. Чаму гэта адбылося? Таму што закранутыя пытанні здароўя і будучых пакаленняў нашых дзяцей, нашых унукаў. І, вядома, нас саміх.

Аднак вядомай грамадзянская кампанія стала перш за ўсё дзякуючы штотыднёвым — з 25 лютага — выхадам грамадзян на вуліцу з флэшмобам «Кармленне галубоў». У розны час на плошчы Леніна збіралася ад 30 да 300 чалавек. Людзі вымушаныя былі абраць такую форму вулічнага пратэсту, бо цягам году берасцейскія ўлады адхілілі 31 заяўку на правядзенне мітынгу, дазволіўшы толькі адзін — і на, урэшце, яго сабралося 2000 чалавек.

Крыніца фота — Facebook

Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць завода ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу. Тады, у траўні, актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Брэста, якія «ігнаруюць інтарэсы жыхароў рэгіёна і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».

Крыніца фота — Facebook

— Такую з’яву ў прынцыпе можна назваць першай у гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі, калі грамадзяне раптам перастаюць баяцца затрыманняў, казаць, выступаць, пісаць лісты, і пачынаюць супрацьстстаяць усёй сістэме. — кажа Аляксандр Кабанаў.

Актывісты цвёрда ўпэўненыя: сама будоўля завода з’яўляецца незаконнай. У канву гэтага меркавання кладзецца той факт, што ў дачыненні з аднаго з партнёраў заводу, кампаніі Exide Technologies у іншых краінах было пададзена мноства позваў за парушэнне экалагічнага і крымінальнага заканадаўства. У верасні ж на будоўлі выявілі і парушэнні пажарнай бяспекі. Што такое пажар на шкоднай хімічнай вытворчасці ў 4 кіламетрах ад абласнога цэнтру — уявіць няцяжка.

Скептычна ацэнівае законнасць будаўніцтва і юрыст Грамадскага аб’яднання «Экадом» Сяргей Магонаў:

— У сітуацыі з заводам адной з перадумоў дазволу на яго будаўніцтва (а таксама наступную эксплуатацыю) з’яўляецца станоўчая выснова Дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, якая праводзіцца ў дачыненні да праектнай дакументацыі. Перадумовай станоўчага выніку экспертызы ёсць правядзенне Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА альбо ОВОС па-расейску). Абавязковым этапам ацэнкі ёсць грамадскае абмеркаванне справаздачы аб АУНА. І тут мы сутыкаемся з тым, што вось гэтае абмеркаванне праводзілася са шматлікімі парушэннямі: і тэкстаў справаздачы было тры, якія адрозніваліся адзін ад аднаго, і паведамленне друкавалася ў раённай газеце двойчы, але аб’яўленыя тэрміны не адпавядалі рэчаіснасці, і абвестка падавалася да друку неналежным заяўнікам, і да таго ж — шмат пытанняў па тэхналагічным працэсе, выкідах і іншых складніках Ацэнкі. Недакладнасць інфармацыі і недасканаласць Ацэнкі ўплывае на тое, ці наогул такога кшталту вытворчасць можа размяшчацца ў абраным месцы. Таму, цяжка прызнаць дзейнасць па будаўніцтве завода законнай калі яна ажыццяўляецца з парушэннем працэдуры.

Крыніца фота — Facebook

На сайце кампаніі АйПаўэр, тым часам, праект падаецца як выключна інавацыйны і карысны для Беларусі — і цэлыя раздзелы прысвечаныя нібыта бясшкоднасці завода:

«… будзе створанае высокатэхналагічная вытворчасць з выкарыстаннем імпартазамяшчальных тэхналогій, забяпечаны прыток валютнай выручкі ў краіну і створаныя новыя працоўныя месцы. Аналагаў такой вытворчасці ў Беларусі няма».

Аднак гледзячы па развіцці кампаніі, складваецца ўражанне, што пакуль завод стварае працоўныя месцы пакуль для міліцыянтаў.

«Яны выконваюць загад»

Беспрэцэдэнтнай для Брэста стала не толькі самаарганізацыя жыхароў у барацьбе супраць завода, але і рэпрэсіі, якія абрынуліся на актывістаў.

Крыніца фота — Facebook

З пачатку года 26 праціўнікаў завода былі пакараныя ў адміністрацыйным парадку штрафамі і суткамі. Больш за ўсе, як звычайна, дастаецца тых, каго ўлады лічаць лідарамі. Блогер Аляксандр Кабанаў быў асуджаны 4 разы, Сяргей Пятрухін — 5 разоў. Кожны з іх атрымаў, у тым ліку, па пяць сутак арышту.

Да барацьбы з актывістамі ўлада падышла па-сапраўднаму комплексна.

У меркаваных удзельнікаў пратэсту учынялі ператрусы, выклікалі ў пракуратуру на «дачу тлумачэнняў аб парушэнняі заканадаўства», звальнялі. У рэшце рэшт супраць блогера Сяргея Пятрухіна завялі крымінальную справу. У СМІ пачалі з’яўляцца заказныя артыкулы аб бясшкоднасці завода і «некампетэнтнасці» ягоных праціўнікаў.

Аляксандр Кабанаў кажа, што такая рэакцыя дзяржавы — заканамерная:

— Замест таго, каб прыслухацца да людзей, нейкія прыняць меры па дадзеным факце, улада падключае міліцыю і следчы камітэт, і розныя іншыя органы, каб усё ж такі гэты пратэст спусціць на тармазы, напужаць, націснуць. Таму што па-іншаму не ўмеюць. Ізноў жа, абараняюць сябе. Як ён можа аддаць загад сам сябе пасадзіць у турму? Ён можа аддаць загад націснуць на тых, хто ўскрывае гэты гнойны нарыў, паказвае яго, пры гэтым сцвярджаць: «гэта людзі праплачаныя Польшай, канкурэнтамія, яшчэ кімсьці…» гэта рыторыка звычайнага вінаватага ва ўсім чыноўніка. А міліцыя ў нас звычайна не задумваецца над тым, што яна робяць. Яны выконваюць загад. Для іх загад — важнейшы за Канстытуцыю, за законы, за здароўе іх дзяцей, важней за будучыню. Гэта асаблівы адбор у нашую міліцыю — ён адбываецца даволі даўно.

Спадзяюся, што ёсць усе ж такі людзі са здаровым сэнсам, якія разумеюць, што ўсё ж такі без нейкіх перамен, актыўнай грамадзянскай пазіцыі будучыні няма не толькі ў краіны, але ў тым ліку ў іх сем’і, іхніх дзяцей.

Карэннай жа прычынай праблемы блогер лічыць саму сістэму, у якой словы грамадзян не маюць ніякай вагі:

— Вядома, экалагічная праблема ўзнікае не сама па сабе, а сыходзячы з палітычнай сітуацыі: чыноўнік абараняе сябе. Чыноўнік, які назначаны зверху, які назначаны не людзьмі, які не падсправаздачны людзям, вядома, яму напляваць на людзей, яго не турбуюць іх праблемы, яго турбуе стаўленне да яго вышэйшага начальства. І людзі выдатна гэта разумеюць. І калі раней большасць людзей думала: што гэта дадзены бізнэсмэн, спадар Лемешэўскі, нешта муціць-круціць, спрабуе падмануць органы ўлады, і гэтак далей. То пасля таго, як органам улады было данесена, што адбываецца, якія парушэнні, і з гэтага нічогане атрымалася — не прынятыя ніякія меры, пачынаеш разумець, што: так, насамрэч уся праблема — менавіта ў нашых чыноўніках, у тых, хто сядзіць на месцах, прымае рашэнні, ставіць подпісы.

Крыніца фота — Facebook

Перамога ці зацішша перад бурай?

Зрэшты 15 снежня прыйшла навіна, якую можна лічыць хай прамежкавай, але перамогай пратэстоўцаў: завод накіраваў на паўторную Дзяржаўную экалагічную экспертызу матэрыялы праекта. Гэта азначае ўнясенне ў іх змяненняў. Калі гэтыя змяненні датычацца павелічэння выкідаў, існуе надзея на паўторнае правядзенне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і новыя грамадскія абмеркаванні. Аднак на сённяшні дзень заказчык адклікаў матэрыялы з паўторнай дзяржэкаэкспертызы, з прычыны, што ў праектную дакументацыю працягваюць уносіць змяненні.

Барацьба, на гэтым, аднак, не спыняецца. 21 снежня актывісты падалі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы мясцовага рэферэндума па пытанні завода. На плошчы Леніна ў Брэсце працягваецца штотыднёвае кармленне галубоў. За цэлы год барацьбы ўсё больш выразна паўстае неабходнасць дапамогі актывістам. Вялікі аб’ём дапамогі і салідарнасці ўжо быў праяўлены экалагічнымі актывістамі з розных арганізацый.

«Мы падтрыхтавалі і сумесна з мясцовымі актывістамі накіравалі ў суд позву супраць прадпрыемства і Брэсцкага райвыканкама аб спыненні рэалізацыі праекта, пакуль не будуць праведзеныя паўторныя грамадскія абмеркаванні згодна заканадаўству. Суд адмовіў у задавальненні позвы. Але такім чынам было ўстаноўлена і зафіксавана мноства парушэнняў правоў грамадскасці на ўдзел у прыняцці гэтага экалагічна значнага рашэння. Для сваёй абароны прыцягнуў адвакатаў з Мінска, ў далейшым іініцыяваў позву да нас, тых, хто патрабаваў спынення рэалізацыі праекта, аб кампенсацыі панесеных выдаткаў. Выглядае камічна: рэалізуючы мільённы праект, патрабуюць з грамадскасці тысячу даляраў. Варта зазначыць, суд таксама палічыў заяўленыя патрабаванні празмернымі і зменшыў іх амаль упалову.Зараз мы падтрыхтавалі позву аб прызнанні несапраўдным Заключэння дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, з улікам адмоўнага досведу Дзям’яна Лепесевіча, аналагічную позву якога адмовіўся разглядаць суд у ліпені. І гэта нягледзячы на прама прапісанае ў законе права на зварот у суд. Таксама плануем шэраг крокаў на міжнароднымі узроўні, бо парушэнне права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў — гэта парушэнне не толькі нацыянальнага заканадаўства, але і міжнародных абавязкаў Рэспублікі Беларусь», — адзначае Сяргей Магонаў, і дадае: «Наша дзейнасць не абмяжоўваецца Брэстам і акумулятарным заводам, такога кшталту праблем у Беларусі шмат».

Аляксандр Кабанаў кажа, што адзін з самых неабходных складнікаў дапамогі на сёння — фінансавы:

— Акрамя таго, што ініцыятыўная група выдае ўлёткі, сцяжкі (на гэта зараз ідзе краўдфандынг), усё ж такі даволі шмат штрафаў атрымоўваюць актывісты, і з гэтым нашмат цяжэй. Шмат нясплочаных штрафаў вісіць дагэтуль, у тым ліку і ў мяне.

Але перш за ўсё, кажа ён, актывістам патрэбная дапамога ўдзелам: «Гэта паказалі пратэсты супраць Дэкрэта нумар 3 у мінулым годзе. Людзі дабіліся гэтага не паперкамі, ні лістамі, не здаровым сэнсам — а проста выйшлі на вуліцы, і ўсе спынілася. Там, наверсе, перапужаліся, хаця таксама былі штрафы, рэпрэсіі. Калі пабачылі, што гэта, як снежны ком, як лавіна, пачынае нарастаць, і можа выйсці ўсё што заўгодна. Па маім меркаванні, адзіны варыянт дамагчыся справядлівасці — масавы пратэст» — перакананы блогер.

Прыклады Брэста, Салігорска, ды і барацьбы супраць «дармаедскага» дэкрэту падказваюць, што Аляксандр мае рацыю. Бо Беларусь не такая вялікая краіна — і тое што робіцца ў адным яе баку, непазбежна ўплывае на ўсіх астатніх. Прыклад берасцейцаў кажа, што адстаяць свае правы можна толькі салідарнасцю і супольнымі высілкамі. І калі беларусы возьмуць такі стыль паводзінаў за сацыяльную звычку, магчыма, у будучыні бізнэсмэны і ўлады будуць тры разы думаць перад тым як прымаць рашэнне без абмеркавання з грамадскасцю.

Мiкола Дзядок

Галоўнае фота: Facebook