Экадом ладзіць зялёныя шпацыры па Вільні

ГлавнаяНовости

Пра першы маршрут, што пралягаў па рэгіянальным парку Вяркяй, расказвае Зялёны партал.

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

На вандроўку, арганізаваную беларускімі і літоўскімі экалагічнымі арганізацыямі па Вяркяйскім рэгіянальным парку, сабралося больш за два дзесяткі чалавек. Насамрэч жадаючых было значна больш, але рэгістрацыю вымушаны былі прыпыніць, таму што фармат экскурсіі не быў разлічаны на занадта вялікую колькасць людзей.

За паўтары гадзіны вандроўкі пабачыць удалося толькі нязначную частку парка, які размясціўся ў Вільні на тэрыторыі больш за 2,5 га. 

У Вяркяйскім парку знаходзяцца гістарычныя славутасці: палац епіскапа Масальскага, рэлігійна-архітэктурны комплекс «Віленская кальварыя», былы манастыр трынітарыяў. З прыродных славутасцяў тут размяшчаюцца Зялёныя азёры. У парку можна сустрэць каля 870 відаў раслін, 33 з якіх унесены ў Чырвоную кнігу Літвы.

З беларускага боку ініцыятарам  вандроўкі па Вяркяйскім парку выступіла арганізацыя «Экадом», з літоўскага – Green LT.

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

Зялёны партал пагаварыў з менеджаркай Экадому Карынай Салавей пра супрацоўніцтва беларускіх і літоўскіх экалагічных арганізацый і пра планы па стварэнні ў Вільні беларускага кам’юніці амаратаў дзікай прыроды.

– Карына, як пачалося супрацоўніцтва Экадома с літоўскімі экалагічнымі арганізацыямі?

– Нам расказалі, што ёсць ініцыятыва Green LT, якая была б зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з беларускімі экалагічнымі арганізацыямі. Мы стэлефанаваліся і атрымалі прапанову зладзіць нешта разам.

Справа ў тым, што з людзьмі, якія прыехалі з Беларусі, Украіны і Расіі ніхто тут не працуе па дзікапрыродным, экалагічным кірунках. І хацелася б паспрабаваць гэтую сітуацыю выправіць.

У нашых планах – развіваць супрацоўніцтва з іншымі экалагічнымі арганізацыямі Літвы. Засталося знайсці агульныя кропкі ў дзейнасці і раззнаёміцца з людзьмі. Трошкі бракуе рэсурсу на гэта, таму што гэта нетворкінг, які трэба выбудоўваць з нуля – знаходзіць людзей, знаёміцца, плюс яшчэ ёсць і моўнае пытанне.

Нажаль, мы яшчэ не вельмі добра размаўляем па-літоўску, гэта можа крыху замінаць, але ў цэлым справа не безнадзейная, таму мы будзем спрабаваць знаходзіць сабе мясцовых партнёраў.

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

– Першае пробнае мерапрыемства адбылося ў мінулы чацвер, гэта была экскурсія па Вяркяйскім парку. Чаму менавіта гэты маршрут абралі?

– Так, мы прапанавалі людзям прагуляцца па Вяркяйскім рэгіянальным парку. Гэта адзін з двух рэгіянальных паркаў, размешчаных прама ў Вільні, у межах горада. Мы хацелі зрабіць сустрэчу з гістарычным кантэкстам.

Экскурсію для нас праводзіла супрацоўніца дырэкцыі парка, але сам шпацыр пралягаў праз шыкоўную дзікапрыродную тэрыторыю. Вялікі адсотак гэтага парку – лес, якія знаходзіцца пад аховай.

Многія з удзельнікаў экскурсіі ўпершыню наведвалі Вяркяйскі парк, і я чула водгукі, што людзі планавалі пазней яшчэ сюды вярнуцца. То бок класна, што людзі адкрылі для сябе такую дзікую тэрыторыю ў межах горада.

Мы яшчэ будзем збіраць зваротную сувязь, каб зразумець, наколькі такі фармат людзям заходзіць. Але, па папярэдніх водгуках, людзі былі задаволены і дазналіся шмат цікавостак, гістарычнага характару ў тым ліку. 

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

– То-бок першая сустрэча паказала, што цікавасць і попыт на такія мерапрыемствы ёсць?

– Канешне, гэта трэба яшчэ ацэньваць і аналізаваць. Калі меркаваць па першай сустрэчы, то так. На яе сабралося 25 чалавек літаральна за пару дзён, і гэта пры тым, што шырокага анонсу мы не рабілі.

Мы вымушаны былі закрыць форму рэгістрацыі і пасля мне яшчэ некалькі чалавек пісалі, што хацелі б далучыцца. Таму можна сказаць, што інтарэс ёсць.

Я не бачу прапаноў ад іншых ініцыятыў, прынамсі не на літоўскай мове, якія тычацца  экалагічных кірункаў, дзікапрыродных.

Таму цікава як мінімум паспрабаваць. Невядома, чым скончыццца гэтая авантура, але у будучым нам хацелася б стварыць экаклуб Вільні, які б не толькі сустракаўся на дзікапрыродных шпацырах і трэкінгах, але, напрыклад, на кінапраглядах, абмеркаваннях, лекцыях і дыскусіях па цікавых для удзельніц і ўдзельнікаў тэмах.

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

– А што бы Вы самі хацелі паглядзець у Літве?

– Я б хацела, канешне, максімум паездзіць па нацыянальных і рэгіянальных парках у Літве. Але, калі ладзіць якія-небудзь агульныя выезды, то трэба арганізоўваць транспарт. Магчыма, у будучым мы такое будзем рабіць. Але пакуль абмяжуемся сустрэчамі ў горадзе.

Мне асабіста цікавыя дзікапрыродныя тэрыторыі, у тым ліку бёрдвотчынг на іх. І менавіта ў верасні мы хочам зладзіць шэраг «птушыных» сустрэч, таму што будзе восеньская міграцыя і, магчыма, нават у парках можна будзе сустрэць цікавыя віды. 

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі

– Як і дзе можна далучыцца да гэтых сустрэч? Дзе вы размяшчаеце інфармацыю?

– Усім, хто быў на першай экскурсіі, мы прапануем далучыцца да закрытага чата, у людзей будзе магчымасць дадаваць сваіх сяброў праз спасылку. Наступныя анонсы нашых мерапрыемстваў будуць з’яўляцца ў першую чаргу ў гэтым чаце, а ўжо потым – у віленскіх групах, дзе публікуюцца афішы і анонсы.

То-бок мы будзем рабіць шырокую абвестку, а пасля экскурсій будзем прапаноўваць дадавацца ў наш чат, каб абмяркоўваць сумесныя будучыя івенты. Калі хтосьці зацікавіўся тэмай, можна напісаць мне асабіста ў тэлеграм, і я вас дадам. 

Фота - аўтаркі
Фота — аўтаркі
Крыніца: Вольга Сямашка, Зялёны партал