Як беларус_кі вырашаюць камунальныя (і экалагічныя) праблемы праз агалоску.
Усё больш беларуса_к у розных гарадах краіны прызнаюць: афіцыйныя звароты ў камунальныя службы могуць доўга заставацца без выніку. Затое відэа ў тыктоку нават без скандалаў і эмоцый часта запускаюць імгненную рэакцыю. Нягледзячы на заклікі «не выносіць праблемы ў сацсеткі», менавіта публічнасць, паводле слоў людзей, становіцца самым дзейсным інструментам.
Выданне Ex-press.live сабрала меркаванні чытачоў пра тое, як гэта працуе на практыцы. Большасць кейсаў не звязана наўпрост з вырашэннем экапраблемаў, але яны добра ілюструюць бягучую сітуацыю ў краіне і мажлівасці пртостых грамадзян_ак уплываць на прыняцце важных лакальных рашэнняў, у тым ліку экалагічных.
Андрэй, 34 гады, Мінск:
«У нас у пад’ездзе цёк дах два гады. Пісалі ў ЖЭС, тэлефанавалі, рэгістравалі заяўкі — адтуль прыходзілі, глядзелі, разводзілі рукамі. Максімум падлаталі на месяц. Адзін сусед зняў тыкток: паказаў вёдры на лесвіцы, мокрыя сцены, цвіль. Відэа разляцелася. Праз тыдзень прыехала брыгада і зрабілі нармальны рамонт. Да гэтага мы для ЖКГ як быццам не існавалі».
Тамара, 62 гады:
«Я чалавек не з інтэрнэту, але ўнучка мне паказала, як зараз усё працуе. У сяброўкі ў двары не гарэлі ліхтары, страшна было ўвечары хадзіць. Яна год пісала звароты. Нуль. Потым яе суседка зняла тыкток — проста прайшлася ўвечары з тэлефонам. Праз некалькі дзён ліхтары загарэліся. Вось і рабіце высновы».
Ілля, 23 гады, Гомель:
«Нам у інтэрнаце не маглі парамантаваць ліфт. Пяць паверхаў, жывуць і пажылыя, і мамы з вазкамі. Афіцыйна — «няма сродкаў». Мы знялі тыкток, без абраз, проста факты. Яго падхапілі іншыя акаўнты. І раптам сродкі знайшліся. Калі б не відэа, да гэтага часу хадзілі б пешшу».
Вольга, 41 год, Магілёў:
«Я не люблю публічнасць, але бачу, што інакш не працуе. У мяне знаёмыя дабіваліся замены труб — тыя былі аварыйныя, старыя. Дзесяць гадоў адпісак. Калі іх сын выклаў відэа ў тыктоку, паказаў іржавую ваду з крана, усё вырашылася за месяц. Не таму, што праблема новая, а таму што яе ўбачылі ўсе».
Сяргей, 55 гадоў:
«Нас пастаянна вучаць: не выносьце смецце з хаты, пішыце куды трэба. Мы пісалі. Выніку няма. А вось калі моладзь здымае тыктокі — тады адразу праверкі, камісіі, мітусня. Я спачатку быў супраць, а цяпер разумею: агалоска — гэта адзіная мова, якую рэальна разумеюць».
Дзмітрый, 38 гадоў, Барысаў:
«У нас у Барысаве даўно ўсе ведаюць: калі праблема сур’ёзная, і ЖКГ не рэагуе — альбо сам здымай тыкток, альбо пішы мясцовым тыктокерам. Таму ж Пашку-блогеру або Кацярыне, якая пастаянна з чырвона-зялёнай сімволікай. Іронія ў тым, што нават праз прапагандысцкія акаўнты пытанні вырашаюцца хутчэй. Знаёмыя гадамі дабіваліся дарогі на вуліцы. Потым звярнуліся да блогера, ён зняў відэа, і на наступны дзень тэхніка прыехала. Праз афіцыйныя каналы — цішыня».
Кацярына, 31 год, Жодзіна:
«У Жодзіне ўсе ўжо разумеюць: агалоска вырашае. Калі сам не хочаш свяціцца, то складана, вядома. Тым больш, што блогераў вельмі ў Жодзіне адсочваюць, і нават ёсць выпадкі затрыманняў. Не падабаецца ўладам праўда, затыкаюць. У мяне так суседзі зрабілі: былі праблемы з ацяпленнем, холадна, дзеці мерзлі. Заяўкі пісалі, тэлефанавалі — без толку. Стварылі ананімны акаўнт і ўсё паказалі: літаральна праз пару дзён усё ім парамантавалі».
Грамадскія абмеркаванні — гэта таксама адна з тваіх магчымасцяў паўплываць на прыняцце рашэнняў па экалагічна важных пытаннях і горадабудаўнічым праектах. Падрабязна пра тое, як зрабіць свой удзел у іх эфектыўным, чытай тут, а калі застануцца пытанні, звяртайся да Зялёнага тэлефона па бясплатную кансультацыю.
