Што не так з кветкамі на 8 сакавіка

ГлавнаяНовости

І якія ёсць альтэрнатывы?

Заўтра Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за грамадскую роўнасць. Не «свята прыгажосці і вясны», у якое з дапамогай маркетынгу і патрыярхату штогод ператвараецца гэты дзень. Нагадваем, чаму кветкі на 8 сакавіка — гэта не окей з пункту гледжання экалогіі і якія ёсць альтэрнатывы.

Хутчэй за ўсё, святочны букецік цюльпанаў пераадолеў тысячы кіламетраў, каб трапіць у мясцовыя крамы ці на кірмашы. Кветкі вязуць з Эквадора, Кеніі, ПАР і, канечне, Нідэрландаў. Авіяперавозка забруджвае атмасферу парніковымі газамі, перавозка па зямлі — атручвае яе мільёнамі кубаметраў выхлапаў. Да таго ж кветкі перавозяць у вялікіх лядоўнях, якія вытрачаюць шмат энергіі.

Але ўсё роўна амаль 50% з гэтых кветак апынецца на сметніцы яшчэ да таго, як трапіць да спажыўцоў, — бо прыедуць не ў таварным стане.

Кветкавыя плантацыі патрабуюць шмат вады. Так, кветкавы бізнес вядзе да дэфіцыту вады для мясцовых жыхарак — напрыклад, у Кеніі, Эквадоры і Калумбіі.

Людзі, якія працуюць на гэтых плантацыях (часцей за ўсё гэта жанчыны), часта сутыкаюцца з цяжкімі ўмовамі працы.

Кветкі, якія вырошчваюць на продаж нават на мясцовых рынках, неэкалагічныя яшчэ на градках — бо іх апрацавалі пестыцыдамі. А потым апрацавалі іншай хіміяй — кансервантамі, каб выглядалі свежымі даўжэй. У крамах кветкі абгарнуць у пластык (у лепшым выпадку — у паперу) і ў ім жа выкінуць на смецце не распраданыя астаткі. Там пластык будзе разлагацца сотні гадоў, а кветкі — гніць, вылучаючы парніковыя газы.

Калі вельмі хочацца кветачак, ёсць больш-менш экаварыянт — набыць іх у мясцовых бабуль. Верагоднасць таго, што яны сабралі іх са сваіх вялікіх плантацый, апрацаваных пестыцыдамі, мінімальная 🙂

Альтэрнатыва кветкам:

  • расліны ў гаршчках;
  • кнігі, напісаныя жанчынамі;
  • падтрымка ініцыятыў і бізнэсаў, створаных жанчынамі;
  • досвед замест рэчаў;
  • данат для шэлтараў і крызісных цэнтраў ці ў падтрымку палітвязынак;
  • падпіска на адукацыйныя рэсурсы.

P.S. Час разам, увага, падтрымка і дапамога з бытавымі абавязкамі не павінны быць падарункам на 8 сакавіка — спадзяемся, гэта тое, што вы «дорыце» сваім блізкім штодня.