Што рабіць, калі вы знайшлі кажана зімой?

ГлавнаяНовости

Мноства кажаноў знайшлі 2 лютага ў двары гімназіі № 1 у Салігорску. Яны ляжалі на снезе ў моцны мароз. ЯК трэба дзейнічаць?

Як стала вядома, працаўнікі МНС дасталі 230 жывёлінаў з дзіркі ў сцяне, куды яны забіліся зімаваць. Што сталася з кажанамі пазней – невядома, але калі іх проста выкінулі, жывёліны загінуць, падкрэсліваюць у Экадоме. Расказваем, чаму такая сітуацыя магла здарыцца і што рабіць у падобных выпадках.

Як кажаны апынуліся ў школе?

У Беларусі жыве 19 відаў кажаноў, 8 з якіх – «чырванакніжнікі». Усе 19 відаў бяскрыўдныя, але цярпяць ад створанага людзьмі дрэннага іміджу: ад ідэі, што кажаны п’юць кроў, да гісторыяў пра каронавірус, хоць ніякіх доказаў таго, што Сovid-19 перайшоў ад кажана да чалавека, насамрэч няма. Таксама кажаны не нападаюць на людзей, не грызуць правады і сцены. Гэтыя маленькія рэдкія звяркі ўразлівыя перад чалавекам у плане жыллёвага пытання: у Беларусі ёсць толькі адна пячора, але і тая занадта малая, каб стаць домам для калоніі рукакрылых. Таму кажаны селяцца ў скляпах, закінутых будынках ці нават у шчылінах на балконах.

Што рабіць у такой сітуацыі?

Калі вы знайшлі кажана зімой ці рукакрылыя вырашылі «перазімаваць» у вас на балконе, трэба абавязкова звязацца са спецыялістамі. Не турбуйце калонію і не падпускайце да яе хатніх жывёлінаў. На абуджэнне і разаграванне цела кажаны аддаюць вельмі шмат назапашанай энергіі: калі іх абудзіць і прагнаць, то пасля пошуку новага месца і паўторнага ўпадзення ў спячку гэтыя рэдкія звяры могуць проста не дажыць да вясны. Нельга закрываць адтуліну, праз якую кажаны вылятаюць: гэта можа прывесці да гібелі ўсёй калоніі.

Калі кажан заляцеў да вас у кватэру, паспрабуйце не панікаваць і ўзгадаць, што жывёліна ў гэты момант таксама вельмі моцна стрэсуе. Памятайце, што кажанам пакуль яшчэ пагражае знікненне. Надзеньце тоўстыя шчыльныя пальчаткі або рукавіцы (дзікія жывёліны могуць пераносіць некласічны вірус шаленства). Пасля гэтага асцярожна вазьміце кажана і пакладзіце ў скрынку. Скрынку не трэба выносіць на двор: пастаўце яе ў цёмнае прахалоднае месца, недасяжнае дзецям і хатнім жывёлінам.

І галоўнае – патэлефануйце спецыялістам у цэнтр рэабілітацыі рукакрылых на базе НПЦ НАН РБ (+375-29-213-92-57), дзе кажана забяруць і змесцяць на зімоўку ў спецыяльны халадзільнік да вясны або пракансультуюць вас, што рабіць.