Турэмны zero waste: гайд па эка–звычках ад праваабаронцы Насты Лойка

BankwatchНовостиСоветы

Мы звыклі, што экалагічнасць — гэта свядомы мінімалізм. Але ці задумваліся вы, што самы нізкі вугляродны след у Беларусі сёння пакідаюць палітвязні? Экадом разам з праваабаронцай і былой палітзняволенай Настай Лойка зазірнуў за краты, каб паглядзець на турэмны быт праз прызму экаактывізму. Ніжэй — ўнікальны гайд па турэмных звычках, якія дапамагаюць захоўваць ідэнтычнасць і прынцыпы экалагічнасці ў асяроддзі, якое з усіх бакоў заахвочвае абыякавасць.

Філасофія вымушанага мінімалізму

Я сапраўды трошкі «эка-замарочаная» і ў сваім жыцці паспрабавала шмат розных эка-звычак. Але калі ты трапляеш у іншы асяродак — у СІЗА альбо калонію, — шмат што ламаецца і выклікае перажыванні. У выніку ў мяне склаўся спіс практык, якія я змагла захаваць і якія магу параіць іншым людзям, чые родныя патрапілі за краты. Калі вы хочаце дапамагчы ім быць экалагічнымі, такія парады могуць сапраўды спрасціць ім некаторыя бытавыя моманты.

Калонія, пры ўсёй яе рэпрэсіўнасці, — гэта лабараторыя вымушанага мінімалізму. Тут экалогія пазбаўлена эстэтыкі, яна жорсткая і неадваротная. Але менавіта ў гэтых умовах становіцца зразумела: эка–звычкі — гэта не толькі пра выратаванне планеты, гэта пра захаванне асабістай тэрыторыі і ўнутранага парадку. Калі сістэма забірае ўсё, твой выбар — заварыць траву замест пакунка ці выкарыстаць шопер замест пластыкавага пакета — становіцца апошняй мяжой тваёй свабоды.

Мы не карыстаемся тэлефонамі, не лятаем на самалётах, не спажываем лішняй электрычнасці — гэта максімальна нізкавугляродны лад жыцця. Сама структура месцаў зняволення, як ні парадаксальна, месцамі нават экалагічная, бо мы карысталіся вельмі абмежаваным наборам рэчаў і носілі іх да апошняга.

У калоніі існуе жорсткі спіс вопраткі, і нельга трымаць больш за норму: напрыклад, не больш за тры майкі, дзве майкі з доўгім рукавом, пяць станікаў, дзесяць майткоў і сем пар шкарпэтак. Каб атрымаць штосьці новае, трэба спачатку напісаць заяву, каб табе знішчылі старую рэч, якую ты больш не хочаш насіць, — гэта абавязковая складаная працэдура праз рэжымны аддзел.

У маім апошнім атрадзе гэта магло заняць месяц, пакуль падпішуць заяву і забяруць рэчы. Таму я заўсёды прасіла сваіх набываць якаснае адзенне, якое можна насіць максімальна доўга. Адну майку з доўгім рукавом я пранасіла ўвесь час у калоніі — два з паловай гады.

Рэжым эканоміі

Перадачы дазволены раз на тры месяцы, таму спажыванне ў калоніі вельмі абмежаванае. Хаця ліміт на атаварку ў краме існуе для ўсіх і складае шэсць базавых велічынь, што дастаткова шмат, мне праз восем месяцаў яго паменшылі да дзвюх, а потым і зусім скарацілі да адной. Адпаведна, я менш траціла і менш купляла — у гэтым ёсць вялікая эканомія.

Праз перанаселенасць мы выкарыстоўвалі шмат вады, але хадзілі ў душ толькі раз на тыдзень на пятнаццаць хвілін, а ў астатні час мыліся часткамі ва ўмывальніку. Электрычнасці таксама спажывалі няшмат: на паверсе жыве сто чалавек, і калі раскінуць выдаткі на кожнага, атрымліваецца мізер.

Пакуль нам не трэба падключаць тэлефоны, мы эканомім шмат энергіі. Да таго ж мы не лятаем на самалётах і нікуды не ездзім, таму не пакідаем за сабой вугляроднага следу. У цэлым — максімальна экалагічны лад жыцця. Нават сукенку, якую выдаюць, можна памяняць толькі раз на два-тры гады.

Гігіена за кратамі

Да затрымання я карысталася шматразовымі пракладкамі. У калоніі іх забаранілі і забралі на склад, прычым двойчы. Але падчас этапаў мне пакінулі некалькі маленькіх шматразовых штодзёнак. Гэта вельмі ратавала: я кожны дзень іх засцірывала рукамі і сушыла. Дарэчы, ў атрадах былі спецыяльна абсталяваныя сушылкі з вяровачкамі і прышчэпкамі. Звычайна яны высыхалі хутка: перад працай павесіш — пасля працы здымеш.

Падчас менструацыі, на жаль, даводзілася карыстацца звычайнымі аднаразовымі пракладкамі. Нават калі б у мяне і былі вялікія шматразовыя пракладкі, на фабрыцы няма пастаяннага доступу да ракавіны, таму карыстацца імі было б немагчыма. Але штодзённымі шматразовымі пракладкамі я ганаруся — падаецца, я была адзінай у калоніі, хто такое практыкаваў.

Дэкаратыўнай касметыкай я зусім не карысталася па дзвюх прычынах. Па-першае, яе нельга перадаваць, а набываць у краме мне не хацелася праз ліміты. Па-другое, на гэта няма часу: калі пад’ём а шостай, а ў шэсць дваццаць ужо трэба ісці на сняданак — часу на макіяж проста няма. Дзяўчыны, якія працавалі ў другую змену, маглі фарбавацца зранку. Але потым усё гэта трэба змываць пасля дзесятай вечара, што займае шмат часу. Я зразумела, што мне прасцей не фарбавацца. Гэта таксама экалагічна: мне не патрэбныя былі ватныя дыскі, і я не мучыла свае вочы змываннем тушы па вечарах. Вушнымі палачкамі таксама карысталася вельмі рэдка, і толькі драўлянымі.

Уся мая гігіена трансфармавалася: я стала прасіць перадаваць гель для душа і шампунь у максімальна вялікіх банках. Але паколькі карыстацца вялікай тарай штодзень нязручна, я пералівала сродкі ў маленькую баначку, якую прывезла яшчэ з СІЗА.

Таксама я заўсёды прасіла перадаваць мне толькі драўляныя зубныя шчоткі. Імі можна карыстацца паўгады, у той час як пластыкавыя трэба мяняць кожныя тры месяцы. Некаторыя дзяўчыны таксама пераходзілі на драўляныя шчоткі, але такіх было няшмат.

Асвяжальнікаў паветра ў калоніі таксама не было. Таму мы «муцілі» свае сродкі: змешвалі ваду з невялікай колькасцю геля для душа ці набытай у краме «шакаладкі» для валасоў. Гэтую сумесь выкарыстоўвалі для ўсяго: для прыборкі, як асвяжальнік паветра і нават як імітацыю парфумы.

У калоніі існавала моцная культура булінгу з боку іншых зняволеных у дачыненні да тых, ад каго кепска пахла. Паводле правілаў унутранага парадку, кожны абавязаны падтрымліваць асабістую гігіену, а паколькі жыць, спаць і працаваць даводзіцца вельмі блізка адна да адной, гэта станавілася тэмай нумар адзін. Але праўда ў тым, што ў многіх проста не было грошай на дэзадарант альбо не хапала запасной вопраткі, і людзі выбіралі больш прыярытэтныя рэчы. Напрыклад, каля 90% жанчын у калоніі палілі, і амаль усе грошы сыходзілі на цыгарэты. Я ж прынцыпова не палю, таму і там не пачала, і адчувала сябе ў нейкім сэнсе белай варонай.

Б’юці па-турэмнаму

Цікава, што ў калонію забаронена перадаваць крэм для вачэй, таму я набывала сродкі беларускіх брэндаў у мясцовай краме. Яны былі рознага кошту і дастаткова якасныя. Баначкі хапала надоўга, таму я купляла яе прыкладна раз на паўгода.

Галоўны мясцовы б’юці-трэнд у калоніі — фарбаванне броваў хной. Хну перадаваць можна, і кожны тыдзень паўатрада дзяўчат хадзілі з яскравымі чорнымі бровамі па дзве-тры гадзіны. Хоць фармальна дзяліцца рэчамі нельга, але ўсе ведалі, што ўвесь атрад карыстаецца адной маленькай баначкай, якая пераходзіла з рук у рукі.

З фарбаваннем валасоў было складаней, бо гэта патрабавала шмат часу і рэсурсаў. Да таго ж калонія пачала эканоміць ваду: нам дазволілі мыць галаву толькі ў пэўныя дзве гадзіны — акрамя лазневага дня пакінулі толькі адзін дадатковы дзень на тыдзень для мыцця галавы. Праз гэта дзяўчатам даводзілася цяжка: трэба было загадзя фарбаваць валасы, а потым паўдня хадзіць з пакетам на галаве. Існавалі і іншыя абмежаванні — па колерах фарбы, таму ўсе хадзілі альбо рудыя, альбо чорныя. Я не фарбавалася, бо люблю фіялетавыя колеры, якіх там не было.

Палітвязынкі ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі. Фота: sputnik.by

Сартаванне смецця

Мяне вельмі турбавала пытанне са смеццем. У сталовай была спроба сартавання: асобна адкладалі кардонныя каробкі і вялікія пластыкавыя бутэлькі ад алею. Падчас дзяжурства мы забіралі гэты пластык і кардон і адносілі на спецыяльную пляцоўку. Аднак агульнае смецце забіраў звычайны смеццявоз, і ў самой калоніі раздзельны збор для зняволеных не быў арганізаваны. Асабліва шмат пластыкавых пакетаў з’яўлялася пасля паходаў у краму. Насамрэч сартаваць пластык і паперу было б зусім нескладана, проста адміністрацыя не хацела «замарочвацца». Тое ж самае і ў СІЗА: усё звальвалася ў адзін вялікі пакет і выкідвалася.

Я думала пра тое, каб напісаць прапанову ў Дэпартамент выканання пакаранняў і распісаць пакрокава, як арганізаваць раздзельны збор смецця. Гэта было б вельмі карысна. Але так і не напісала. На словах я магла штосьці казаць адміністрацыі, але рэальнай прасторы для прапаноў не было.

Таксама я прапаноўвала больш дзейсныя меры па эканоміі вады: напрыклад, навучыць дзяўчат адключаць кран, пакуль яны чысцяць зубы. Многія мелі звычку ўключыць ваду і пайсці займацца іншымі справамі. Мяне гэта вельмі абурала: я спрабавала тлумачыць, што вада — гэта абмежаваны рэсурс, які аднойчы можа проста скончыцца. І нават самастойна выключала ваду за іншымі, праз што мы часам сварыліся. Большасць адмахвалася фразамі кшталту: «Мы ж трацім казённае, пасля нас хоць патоп». Тым не менш мая настойлівасць давала плён — некаторыя ўсё ж пачалі прыслухоўвацца.

Каляровы шопер

Тры разы на месяц атрад ідзе на закупы, і многія набываюць пластыкавыя пакеты. Але я прапаноўвала ўсім хадзіць у краму са сваімі шматразовымі торбамі. Людзі сапраўды сталі больш прасіць іх у родных.

Мае родныя пашылі мне спецыяльную чорную торбу, вельмі зручную. Усе здзіўляліся: «А што, гэта можна ў перадачы?». Насамрэч іх проста клалі да рэчаў і асобна ў вопіс не ўносілі. Потым з гэтымі шоперамі хадзілі ўсюды: у душ, спартзалу ці на вучобу.

Шопер — гэта самая клёвая штука. Калі ты ходзіш у форме, шопер з любым малюнкам дазваляе адчуць сябе самадастатковай — з чымсьці сваім, прыемным і блізкім. Таму трэба абавязкова заклікаць родных палітвязняў перадаваць сімпатычныя шматразовыя торбы.

Кругазварот рэчаў

Самае складанае ў калоніі — што нельга дзяліцца рэчамі. І калі прыбывае дзяўчына, у якой зусім нічога няма, я не магу проста аддаць ёй тое, што маю. Гэта трэба ўзгадняць праз рэжымную частку і аператыўнікаў — працэдура амаль нерэальная. Перыядычна перад вызваленнем людзі пакідалі «гуманітарку», але яе было няшмат. Бывала, што людзі выходзілі на волю, не маючы нават сваёй вопраткі. Напрыклад, калі нас вызвалялі разам з Марфай Рабковай, у яе нават не было цёплай курткі. У выніку я аддала ёй сваю цёплую кофту, якая ў мяне заставалася.

Часта вопратку проста знішчаюць. Пасля таго як рэжымны аддзел знішчае старыя рэчы па заяве, дзяўчаткі часам просяць пакінуць гэтыя кавалкі, каб выкарыстоўваць іх як анучы для гаспадарчых патрэб. Супрацоўнікі звычайна дазвалялі, і мы выкарыстоўвалі некаторыя рэчы значна даўжэй, чым прызначана.

Пра харчаванне

З веганствам у калоніі было вельмі складана. Нас кармілі ежай, дзе няма выбару ці спецыяльнай дыеты. Мне прыйшлося зрабіць выключэнне: я ела зранку малочныя кашы, бо інакш заставалася б без ежы на шэсць гадзін. Абед для мяне таксама быў абмежаваны, бо там часта ўсё было з мясам. Але ўсё, што я набывала сама ці атрымлівала ў перадачах, было веганскім. Дзяўчаты за сталом вельмі любілі мяне за тое, што ім даставалася больш: маё масла, яйкі, катлета ці рыба заўсёды камусьці пераходзілі.

Мяне здзіўляла: у кожным атрадзе заўжды былі дзяўчаты, якія не елі мяса ці прытрымліваліся паста. Пры гэтым вельмі шмат ежы проста выкідвалася. Мы жартавалі, што не хапае свінак, каб гэта ўсё скарміць ім. Я ўпэўненая, што гэтая ежа магла б накарміць усіх бяздомных Гомеля, калі б прыдумаць сістэму перапраўкі ў прытулкі.

Яшчэ адзін аспект — выбар у краме. Ён невялікі, і большасць тавараў (што мяне вельмі здзівіла) былі расійскія альбо з Цэнтральнай Азіі. Напрыклад, мне вельмі не хапала ягад. Іх нельга перадаваць у перадачах, толькі на працяглых спатканнях, якіх у мяне не было. І вось бачу я ў краме «Журавіны ў цукры». Я так узрадавалася!

Набываю і бачу: зроблена ў Пскове. Чаму не ў Глыбокім? І так з усім: цукеркі, гарбата — усё тое, што можна было б прапаноўваць беларускае, чамусьці было расійскім. Чаму так? Я не разбіралася глыбінна. Проста факт: большасць тавараў у беларускай калоніі — не беларускія.

Вяртанне да звычак

Пасля вызвалення я баялася, што адразу ўключыцца спажывецтва, але гэтага не здарылася. Я ўдумліва гляджу, што мне сапраўды трэба, а што — не. Мая базавая патрэба выявілася ў пазушках (падкоўдраніках) — у калоніі ў нас былі толькі дзве прасціны, і гэта было вельмі нязручна. Я зразумела, што для мяне гэта базавы парог камфорту.

Наста Лойка глядзіць на свайго сабаку Эрыка па відэасувязі. Варшава, Польшча, вясна 2026 года. Фота: Ірына Арэхоўская

Я стала мякчэй ставіцца да людзей і іх выбару. Раней я магла «наязджаць» за неэкалагічнасць, а зараз разумею: галоўнае, каб людзі падтрымлівалі свой баланс. Зараз я жыву ў сяброўкі, якая любіць свечкі і свежыя кветкі. Раней я б пачала чытаць лекцыі, чаму гэта шкодна, а зараз нават сама купляю ёй свечкі, каб парадаваць.

Але мне важна аднаўляць свае звычкі. Мне пашанцавала, што я магу так павольна ўваходзіць у звычайнае жыццё і спачатку займацца толькі сабой. Будзем шукаць гармонію ў гэтым новым свеце, захоўваючы тое, што сапраўды важна.