26 сакавіка ў 20:00 па менскім часе адбудзецца эфір ініцыятывы «Зялёны тэлефон» па тэме «Беларусь цяплее: што гэта значыць?».
Прапануюць далучацца ўсім, каму цікава, як змяняюцца тэмпература, ападкі і экстрэмальныя пагодныя з’явішчы, – і чаму гэта не проста статыстыка, але і сігнал для пэўных дзеянняў. Спікеркай выступіць Іра Панядзельнік, навуковая камунікатарка, менеджарка кліматычных праектаў у рэгіёне Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі.
Разам са спікеркай можна будзе:
- Абмеркаваць кліматычную палітыку: у сённяшніх абставінах гэта раскоша ці неабходнасць?
- Прааналізаваць, як Беларусь упісваецца ў кліматычны парадак дня свету і якія рашэнні могуць уплываць на будучыню краіны.
- Даведацца пра тое, як змены клімату ўплываюць на наша жыццё: ад ураджаю і эканомікі да здароўя і бяспекі.
Сустрэча адбудзецца ў Zoom. Патрэбная рэгістрацыя.