Калажы, што гавораць больш, чым пра птушак
«Гэта экспазіцыя ў каворкінгу Free Belarus Center аб’ядноўвае мастацтва, інфармацыю і салідарнасць, паказвае, як змаганне за дэмакратыю і ахова прыроды становяцца адным і тым жа для беларусаў», піша Зялёны партал пра выставу ў Варшаве.
Асноўным элементам выставы сталі калажы, якія праз вобразы птушак паказваюць не толькі прыгажосць беларускай прыроды, але і складанасць палітычнай сітуацыі. Як адзначыла куратарка выставы, прадстаўніца Koura Art Initiative, аб’яднання беларус_ак-біёлаг_інь, якія жывуць у Германіі, Соф’я Кузьміч, праз міфалогію можна прасцей за ўсё растлумачыць сувязь паміж птушкамі і палітыкай.
«Птушкі – праваднікі паміж рознымі светамі: паміж Польшчай і Беларуссю, прыродай і палітыкай, дэмакратыяй і дыктатурай. І ўсе ведаюць птушак – яны зразумелыя і знаёмыя кожнаму», – падкрэсліла яна.
Экалогія і рэжым: знішчэнне знутры
Выстава прапануе наведвальнікам пагрузіцца ў некалькі тэматычных блокаў, якія асвятляюць сувязь паміж экалогіяй і палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Першы блок, «Прыродныя каштоўнасці Беларусі», вылучае ўнікальнасць экасістэм краіны: ад беларускіх балот, якія называюць «лёгкімі Еўропы» – да Палесся, вядомага як «Еўрапейская Амазонія».
Далей увагу прыцягвае блок «Утылітарнае стаўленне да прыроды», дзе прадстаўлены прыклады таго, як улада карысліва выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы. Ад разбурэння Альманскіх балот дзеля дарог – да незаконнай забудовы ў заказніку «Лебядзіны» – гэтыя факты паказваюць, як хуткія грошы перамагаюць экалагічныя каштоўнасці.
Трэці блок «Дзікая прырода і мігранцкі крызіс» закранае праблему Белавежскай пушчы і яе залежнасці ад палітыкі, дзе плот на мяжы з Польшчай становіцца пагрозай для дзікай прыроды.
Чацвёрты блок прысвечаны пераследу актывістаў і экалагічных арганізацый. Рэпрэсіі і ліквідацыя больш за 120 экалагічных НДА сталі сапраўднай трагедыяй для прыродаахоўнай сферы ў краіне.
Не абышлі арганізатары ўвагай і тэму атамнай энергетыкі і вайны як экацыду, дзе паказаны амбіцыі Лукашэнкі і сур’ёзныя экалагічныя наступствы ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі.
Экасістэмы без межаў і ахвяры рэжыму
Адным з кранальных момантаў выставы стала магчымасць адправіць птушку — або напісаць паштоўку — зняволеным беларускім экаактывіст_кам, якія зараз знаходзяцца ў турмах.
«Гэта выстава пра людзей, якія сядзяць за кратамі не толькі таму, што яны палітычныя актывіст_кі, але і таму, што змагаліся за ахову прыроды».
Інфармацыя на выставах у Берліне і ў Варшаве была прадстаўлена на двух мовах – беларускай і нямцкай або польскай. Гэта невыпадкова.
«[У Польшчы] Палякі – гэта наша галоўная мэтавая аўдыторыя, таму што большасць беларусаў і так ведаюць пра сітуацыю на радзіме. Але палякі – на фоне мігранцкіх крызісаў, арганізаваных рэжымам Лукашэнкі – могуць пачаць губляць станоўчае ўспрыманне беларусаў», – зазначыла Соф’я.
На думку куратаркі, важна данесці да палякаў, чаму важна працягваць падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух. Гэта дапаможа не толькі абараніць каштоўнасці, але і захаваць такія прыродныя скарбы, як Белавежская пушча ці Палессе.
Праз экалагічны погляд Соф’я і каманда Koura Art Initiative спрабуюць вярнуць увагу на Беларусь у пазітыўным святле. Прырода не ведае нацыянальных межаў, але для яе абароны неабходны актыўны ўдзел грамадзян у дэмакратычных працэсах. У Беларусі ж сітуацыя іншая: рэжым знішчае не толькі грамадзянскія свабоды, але і экасістэмы. Напрыклад, з-за меліярацыйных праграм былі знішчаны вялікія тэрыторыі беларускіх балот, якія адыгрываюць ключавую ролю ў захаванні біяразнастайнасці.
Экадом, які ўдзельнічаў у арганізацыі выставы, сам пацярпеў ад рэпрэсій. Пасля масавых ператрусаў і арыштаў у офісе арганізацыя была ліквідавана. Аднак яе сябры працягваюць змагацца за экалогію і правы чалавека ў Беларусі, нават з-за мяжы.
У салідарнасці наша моц
– Дзякуй усім ад імя Экадома і Koura art, хто далучыўся да выставы ў Вільнюсе. Некалькі дзясяткаў паштовак, спадзяемся, даляцяць, як птушкі, да людзей, якія зараз за кратамі, – каментуе Карына Салавей, дырэктарка Экадома.
Асобны вялікі дзякуй «Майстэрні паштовак салідарнасці» за падтрымку і адпраўку падпісаных паштовак адрасатам, а ініцыятыве “Палітвязынка” за шыкоўныя паштоўкі, якія мы падпісвалі разам з птушынымі, што падрыхтавала Koura art. Кожную паштоўку “Майстэрня” захоўвае ў электроным выглядзе, і нават калі фізічная не дойдзе, актывіст_кі атрымаюць вестачку ад гасцей і госцяў выставы пазней. Заклікаем падтрымліваць згаданыя ініцыятывы і працягваць пісаць палітвязням. У салідарнасці нашая моц! – дадае Карына.
Івэнты былі арганізаваны пры ўдзеле Koura Art Initiative, пры падтрымцы Экадома, Беларускай Грамады РАЗАМ e.V., і Асацыяцыі аховы прыроды Германіі NABU e.V., у межах праграмы ArtPower Belarus, якая фінансуецца Еўрасаюзам.