Завяршэнне дачнага сезона ў Беларусі азначаецца стыхійнымі сметнішчамі, якія вы маглі бачыць у лесе зблізку дач і ўздоўж дарог. Інфаслужба па рашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» расказвае, як можна ліквідаваць такое смецце пры дапамозе дзяржслужбаў і дзеліцца гісторыямі поспеху.
Навошта ўвогуле прыбіраць сметнішчы?
Стыхійныя сметнішчы не толькі псуюць эстэтычны выгляд мясцовасці, але і пагражаюць навакольнаму асяроддзю ды здароўю людзей і жывёл. Смецце вылучае хімічныя элементы, а тыя прасочваюцца ў глебу, назапашваюцца і атручваюць грунтавыя воды. Асобныя небяспечныя віды адходаў, такія як выкарыстаныя батарэйкі, атручваюць цяжкімі металамі зямлю вакол, на доўгі час робячы яе неўрадлівай.
Дзікія жывёлы могуць выпіць атручаную ваду або праглынуць небяспечныя адходы і загінуць. Адмысловую пагрозу ўяўляюць несанкцыянаваныя сметнішчы ў лясной зоне ўлетку, бо яны могуць стаць чыннікам пажараў. Таму важна прыцягнуць увагу мясцовых улад да праблемы для яе аператыўнага ўстаранення.
Што пагражае тым, хто зладзіў сметнішча?
— Адказнасць за забруджванне лесу або драўняна-хмызняковай расліннасці адходамі ст. 16.22 КаАП — штраф да 10 базавых. і ч. 3 арт. 16.44 КаАП — да 30 базавых велічынь, — каментуюць у «Зялёным тэлефоне», які рэгулярна дапамагае абанентам разбірацца з падобнымі кейсамі. — Калі вы не ведаеце, перад вамі дазволенае ці несанкцыянаванае сметнішча, зверцеся з пералікам санкцыянаваных на сайце БелНДЦ «Экалогія». Усе аб’екты пералічаны па абласцях і тыпах дазволеных адходаў з указаннем дакладнага адраса.
Уявім, што вы пераканаліся, што перад намі нелегальнае сметнішча. Што рабіць далей?
Як ліквідаваць сметнішча?
- Зрабіце падрабязныя фатаграфіі з забруджанага месца, укажыце дакладныя каардынаты і дату выяўлення бытавых адходаў.
- Складзіце пісьмовы зварот з апісаннем сметнішча і папрасіце «правесці праверку па ўказаным факце забруджвання навакольнага асяроддзя, прыняць меры для ліквідацыі крыніцы забруджвання і ўстанаўлення меры адказнасці для вінаватых у забруджванні навакольнага асяроддзя» са спасылкай на палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Абавязкова прымацуйце ў дадатку фатаграфіі сметнішча. Узор звароту можна сцягнуць па спасылцы.
- Адпраўце свой зварот:
а) уласніку тэрыторыі, а менавіта арганізацыі, у веданні якой знаходзіцца дадзеная тэрыторыя (садовае таварыства, лясгас, сельсавет і інш). Па законе ўласнік абавязаны забяспечваць збор і ліквідацыю адходаў, або ім пагражае адміністрацыйны артыкул;
б) у мясцовы выканаўчы камітэт або сельскі савет;
в) у раённую інспекцыю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Дачакаўшыся адказу, пракантралюйце тэрміны выканання работ па ліквідацыі сметнішча. Калі работы так і не былі праведзены, напішыце паўторны зварот з патрабаваннем выканаць абяцанае.
Альтэрнатыўна вырашыць праблему можна талакою з іншымі неабыякавымі мясцовымі жыхарамі. Але часта гэта рэальна толькі пры невялікім забруджванні.
А шанцы на поспех ад зносін з дзяржслужбамі ўвогуле ёсць?
Так, і нямала! Часам для вырашэння праблемы дастаткова тэлефоннага званка. Так, адны абанент_кі «Зялёнага тэлефона» замест кантэйнераў заўважылі каля дома будаўнічае смецце і дрэвы, не адгароджаныя ад будпляцоўкі. Яны наўпрост патэлефанавалі падрадчыку, вусна запатрабавалі правесці ўборку, і ў той жа дзень працоўныя ліквідавалі сметнішча.
Іншыя выпадкі вымагаюць больш дзеянняў: так, пасля падрыхтоўкі пісьмовых пісьмовых зваротаў у мясцовы сельсавет і раённую інспекцыю Мінпрыроды, іншым абанент_кам удалося прыцягнуць увагу ўлады да сметнішча на ўскраіне пасёлка. Пасля агляду тэрыторыі інспекцыяй і выяўлення фактаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства мясцоваму сельсавету былі накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Тым не менш, абанентам прыйшлося ўвесь час быць на сувязі з прадстаўнікамі ўлады, кантраляваць выкананне працэсу, прадастаўляць актуальныя фотаздымкі таго, як ідуць справы па ўборцы. Але па выніку затрачаныя намаганні далі плён і сметнік быў ліквідаваны.
— Нашая галоўная парада — не здавацца і быць настойлівымі ў камунікацыі з уладамі і мясцовымі жыхарамі, — кажуць аператары інфаслужбы. — Будзьце ініцыятыўнымі, не бойцеся і не саромейцеся кантраляваць, ці своечасова мясцовыя ўлады выконваюць свае абавязкі. Дарэчы, усе экалагічныя петыцыі з просьбай аб ліквідацыі сметнішчаў былі паспяховымі! І абмяркуйце з суседзямі прычыну ўзнікнення сметнішч: можа не хапае кантэйнераў? Ці складанасці з утылізацыяй буйнагабарытнага смецця? Гэта дапаможа прыдумаць план дзеянняў і не дапусціць узнікненні сметнішчаў у будучыні.
Зялёны тэлефон бясплатна кансультуе па гэтым і іншых экапраблемах. Звяртайся!