Як беларусы працуюць з украінцамі па экалагічных наступствах вайны ва Украіне?

НовостиРешение экологических проблемУчастие общественности

У 2022 годзе дзеля даследавання ўплыву расійскіх ваенных дзеянняў на экалогію паўстала ініцыятыва UWEC – Працоўная група па наступствах вайны ва Украіне для навакольнага асяроддзя, у якой прадстаўлена і незалежная беларуская экспертыза. Расказваем пра значнасць гэтай працы для грамадства і міжнароднай супольнасці.

З’яўляючыся згуртаваннем экалагі_нь, журналіст_ак,  эксперт_ак і актывіст_ак, Група мае за мэту абмен праверанай інфармацыяй і сумесны пошук рашэнняў да ўзніклых падчас вайны экалагічных праблем. 

Негатыўнае ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе відавочнае ў выпадку, напрыклад, лясных пажараў, выкідаў пасля бамбардзіроўкі нафтаперапрацоўчых заводаў і газаправодаў альбо разбураных водаправодных і каналізацыйных ачышчальных збудаванняў. Аднак наступствы вайны сягаюць далёка па-за межы вядзення баявых дзеянняў і наўпрост уплываюць як на экалогію і эканоміку суседніх краін, гэтак і на глабальную экасістэму. Сярод прыкладаў можна прывесці перарыванне ланцугоў пастаўкі прадуктаў харчавання з Украіны, што нанова ўзняло праблему голаду ў найбяднейшых краінах Глабальнага Поўдня. Альбо бягучы энергетычны крызіс у Еўропе, выкліканы адмовай еўрапейскіх краін закупляць расійскі газ у імкненні такім чынам паменшыць паток грошаў у эканоміку краіны-агрэсара.  

Вайна ў цэлым запавольвае рух да глабальных мэтаў па кліматычным нейтралітэце. Сярод палітыкаў у шмат якіх краінах узнікае спакуса адсунуць экалагічныя стандарты і клопат пра навакольнае асяроддзе на другі план, спасылаючыся на складаныя часіны. Вайна таксама выклікала змякчэнне альбо ігнараванне экалагічных патрабаванняў ва Украіне, Расіі і многіх іншых краінах. Палітыкі і карпаратыўныя лабісты часта прапануюць ахвяраваць ахову навакольнага асяроддзя на карысць умацавання дзяржаўнай абароны і захавання эканомікі. Як вынік, расце занепакоенасць падрыву глабальнай кліматычнай палітыкі.

Група UWEC займаецца важнай справай асвятлення ўплыву вайны на экалогію і навакольнае асяроддзе, такім чынам пашыраючы веды пра бягучы стан падзей ва Украіне на нацыянальную і міжнародную аўдыторыю. Ейны фокус працы прыходзіцца на наступныя ключавыя тэмы: прамое ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе; трансгранічны ўплыў; вайна і змяненне клімату; пагрозы і наступствы вайны для экасістэм; выклікі ваеннага часу для грамадзянскай супольнасці; ахова запаведных тэрыторый; харчовая бяспека і экалагічная палітыка; уплыў санкцый на навакольнае асяроддзе; «зялёнае» аднаўленне краіны; ядравая бяспека; міжнародны палітычны крызіс і лёс сусветнай супрацы. Нягледзячы на высілкі як дзяржаўных інстытуцый, гэтак і арганізацый грамадзянскай супольнасці Украіны па дакументаванні нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды, доступ да інфармацыі на акупаваных тэрыторыях і ў зонах актыўных баявых дзеянняў моцна ўскладнены.

Група UWEC з’яўляецца інтэрнацыянальнай і па сваім складзе. Гэтак, Беларусь прадстаўлена эксперткай Ірынай Сухій з арганізацый Экадом і таварыства «Зялёная сетка»

Наша праца складаецца з трох крокаў: маніторынг сітуацыі і збор дадзеных,  іх верыфікацыя і правядзенне незалежнага экспертнага аналізу ды распаўсюд праверанай інфармацыі аб лакальных і глабальных наступствах вайны, – тлумачыць Ірына. – Камандзе UWEC важна недапусціць паслабленне законаў і рэгулявання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя ў ваенны час, бо шматгадовыя наступствы гэтага будуць трагічнымі. Мы таксама рупімся аб тым, каб пасля перамогі Украіна была аднаўлена ў адпаведнасці «зялёным» стандартам устойлівага развіцця

На дадзены момант на сайце Групы UWEC можна адшукаць такія матэрыялы, як, напрыклад, рэпартаж пра лёс жывёл у ваенны час, крытыка будаўніцтва памежных сцен між краінамі на прыкладзе Белавежскай пушчы, даследаванне ўплыву вайны на марскія акваторыі, тактыкі «зялёнага» постваеннага аднаўлення Украіны, а таксама шматлікія інтэрв’ю з украінскімі і міжнароднымі эксперт_камі і эка-актывіст_камі. Можна падпісацца на расылку UWEC раз у два тыдні па-англійску, па-руску і па-украінску або сачыць за абвесткамі у сацыяльных сетках Групы – Twitter i Facebook