Пляцоўку для перапрацоўкі будаўнічых адходаў у Магілёве пабудуюць у абыход закону?

НовостиРешение экологических проблемУчастие общественностиЭкоактивизм

У Магілёве праходзіць грамадскае абмеркаванне ўзвядзення пляцоўкі для перапрацоўкі будаўнічых адходаў на месцы бетоннага пакрыцця вытворчай базы СУ-58 па Слаўгарадскай шашы. Экадом праглядзеў справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння аб’екта на навакольнае асяроддзе (АЎНА) і знайшоў шэраг неадпаведнасцяў.

Эксперты «Экадома» падрыхтавалі 13 заўваг і прапаноў па гэтай справаздачы. Неабыякавыя грамадзяне могуць азнаёміцца з дадзеным спісам і узяць удзел у грамадскім абмеркаванні (яно працягнецца да 10 лютага ўключна), дзе можна даць свае заўвагі прадстаўнікам мясцовай улады. Спасылка на ўведамленне тут.

  1. У справаздачы пазначана, што аб’ект, які зараз знаходзіцца ў стадыі планіроўкі, будзе знаходзіцца на тэрыторыі вытворчай базы БУ-58, але ў той жа час адсутнічае інфармацыя аб наяўнасці ўжо існуючых крыніц выкідаў на дадзенай пляцоўцы.
  2. Эксперты звяртаюць увагу, што ў справаздачы разам з варыянтамі рэалізацыі праектных рашэнняў не ацэнена мэтазгоднасць адмовы ад рэалізацыі праекта. Гэта з’яўляецца парушэннем пункта 4 Экалагічных норм і правілаў (ЭкаНіП) 17.02.06-001-2021 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Правілы правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе».
  3. У справаздачы адсутнічае ацэнка існуючага стану навакольнага асяроддзя з улікам дадзеных па дынаміцы за апошнія 5 гадоў. Гэтая інфармацыя павінна змяшчацца ў справаздачы АЎНА згодна з п. 12 ЭкаНіП 17.02.06-001-2021.
  4. Эксперты «Экадома» адзначылі, што ацэнка ўплыву аб’екта на навакольнае асяроддзе была праведзена па неактуальных нарматыўна-прававых актах.
  5. Са справаздачы не зразумела, ці размяшчаецца дадзены аб’ект у прыбярэжнай паласе, а гэта абавязкова павінна быць улічана. У той жа час у самім дакуменце па нейкіх прычынах нададзена вялікая ўвага аб’ектам, якія дапускаюцца да будаўніцтва на тэрыторыях такога кшталту.
  6. У справаздачы аб АЎНА адсутнічаюць дадзеныя аб характары адходаў, а менавіта коды, клас небяспекі, хімічны склад, агрэгатны стан, парадак карыстання і іншая інфармацыя, запатрабаваная п. 33 ЭкаНіП 17.02.06-001-2021.
  7. У справаздачы таксама не прыведзены разліковыя значэнні ўзроўню шумавога ўздзеяння. Эксперты адзначылі адсутнасць звестак аб тым, ці былі ўлічаны праектуемыя крыніцы выкідаў і шуму ў дадзеным аб’екце.
  8. У справаздачы не абазначаны канкрэтныя тэрміны правядзення работ. Акрамя таго, указаны графік праграмы правядзення ацэнкі ўплыву аб’екта на навакольнае асяроддзе не адпавядае форме дадатку да ЭкаНіП 17.02.06-001-2021.
  9. Ёсць нестыкоўкі ва ўказанай назве запланаванага аб’екта у санітарна-гігіенічным заключэнні. Санітарна-гігіенічнае заключэнне прыведзена па аб’екце «Пляцоўка па перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, размешчаная па адрасе: г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 175В», аднак аб’ект, які праектуецца, павінен мець назву «Рэканструкцыя бетоннага пакрыцця вытворчай базы СУ-58 ….».
  10. Сітуацыйная схема, размешчаная ў справаздачы, відавочна змяшчае памылковыя ўмоўныя абазначэнні: водаахоўныя зоны, якія ўстанаўліваюцца ад берагавых ліній водных аб’ектаў, пазначаны ідэальнымі акружнасцямі, а зоны санітарнай аховы прамымі, пракладзенымі ўздоўж меркавана аўтамабільных дарог і чыгунак.
  11. У справаздачы не прыведзены разлік шкоды жывёльнаму свету пасля знішчэння аб’ектаў расліннага свету на плошчы ажно у 3400 м.кв.
  12. У справаздачы не вызначана колькасць ліўневага сцёку, які плануецца да адвядзення з тэрыторыі вытворчай пляцоўкі, і яго якасны склад. Гэта парушае п. ​​26 ЭкаНіП 17.02.06-001-2021
  13. У справаздачы паказаны аб’ём сцёкавых вод у колькасці 0,08 м3/сут і не пазначаны аб’ём ліўневых сцёкавых вод, які паводле ацэнак перавысіць 5% ад пазначанай колькасці сцёкаў.

Мы лічым, што дадзеная справаздача павінна быць адпраўлена на дапрацоўку. Прычынамі гэтага, яны называюць няпоўнае прадастаўленне інфармацыі і распрацоўку справаздачы ў адпаведнасці з неактуальнымі нарматыўна-прававымі актамі: па зместу справаздача не адпавядае нормам, пазначаным у ЭкаНіП 17.02.06-001-2021.

Калі цябе зацікавіла гэта праблема, ты можаш прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні праекту ўзвядзення пляцоўкі да 10 лютага ўключна. Калі ж ты не ведаеш, як удзельнічаць у такіх абмеркаваннях, гэты матэрыял падкажа асноўныя крокі.