2021-ы быў няпростым годам. І тым не менш мы падрыхтавалі для вас гадавую справаздачу пра нашу працу, бо Экадому ёсць, што расказаць.

Мы доўга думалі, ці варта яе публікаваць зараз, калі ідзе вайна ва Ўкраіне. Вырашылі, што варта, бо мы працавалі і працягваем рупліва працаваць над вырашэннем экалагічных пытанняў нават у самыя цёмныя часы — і можа камусьці гэта прынясе хвіліну палёгкі і крыху большай упэўненасці ў заўтрашнім дне.

Нам самім было прыемна рыхтаваць гэтую справаздачу, усведамляючы, што нават нягледзячы на складаную абстаноўку ў Беларусі, разам з нашымі партнёрамі_камі і нашай выдатнай камандай мы працягнулі з любоўю рабіць сваю працу.

2021 год таксама важны для нас тым, што 21 чэрвеня (у дзень летняга сонцастаяння) Экадому споўнілася 25 гадоў. Увесь гэты час мы прасоўвалі ідэі ўстойлівага развіцця, дапамагалі беларусам_кам самастойна вырашаць экалагічныя праблемы, не стамляліся даказваць, што права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе — адно з ключавых правоў чалавека. Але самае важнае тое, што мы кожны дзень рабілі сваю любімую працу з людзьмі, якія падзяляюць нашы каштоўнасці.

У 2021 годзе арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам і пераследам з боку дзейнай улады. Не менш за 550 арганізацый2 былі ліквідаваныя або былі прымушаныя да самаліквідацыі. Гэтыя рэпрэсіі закранулі і экалагічныя НДА: у шэрагу з іх прайшлі ператрусы, некаторыя нашы калегі былі затрыманыя, а іншыя знаходзяцца за кратамі па надуманых крымінальных справах і прызнаныя палітвязнямі.

26 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі падало ў суд пазоўную заяву аб ліквідацыі ГА «Экадом», а 31 жніўня Вярхоўны суд прыняў рашэнне ліквідаваць арганізацыю. Мы лічым гэтае рашэнне неабгрунтаваным, незаконным і палітычна матываваным. 21 кастрычніка ліквідацыя Экадома на Сустрэчы бакоў Архускай канвенцыі была прызнаная пераследам грамадскасці за рэалізацыю ёй правоў паводле Канвенцыі. Частка нашай каманды прайшла праз затрыманні і ператрусы.

Ці паўплывала рашэнне аб ліквідацыі на нашу дзейнасць і настрой у Экадоме? Безумоўна. Але мы працягваем сваю працу і не страчваем упартасці духу.

Чытай нашую справаздачу за 2021 год па-беларуску, па-руску, ці in English.

*Экадом працягвае працу нават пасля ліквідацыі. Але мы не хочам лішні раз падвяргаць небяспецы нашу каманду і тых, хто нас падтрымлівае, таму твары людзей на фота схаваныя.

Калі хочаш нас падтрымаць, падпісвайся на Экадом у сацыяльных сетках!
Instagram
Facebook
Telegram
VKontakte
Youtube