Абарона навакольнага асяроддзя падчас вайны: што кажа права?

АналитикаНовости

Падчас ваенных канфліктаў ахвярай баявых дзеянняў становіцца і навакольнае асяроддзе. Экадом зрабіў падборку ключавых палажэнняў міжнароднага гуманітарнага права, актуальных ва ўмовах бягучай вайны. 

На прыкладзе бягучай вайны ва Украіне можна назіраць, як ракетныя і артылерыйскія абстрэлы прыводзяць да пажараў у лясах і ля нафтасховішчаў, уцечак аміяку, пагаршэння якасці паветра і вады. Светлавое і шумавое забруджванне наўпрост уплывае на флору і фаўну тэрыторый ваенных дзеянняў, а перасоўванне расійскай тэхнікі ў зоне адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС павысіла ўзровень радыяцыйнага фону. Пашкоджанае, атручанае альбо цалкам знішчанае навакольнае асяроддзе грунтоўна ўплывае на жыццё і здароўе грамадзянскага насельніцтва. Да таго ж, экасістэма любой краіны з’яўляецца натуральнай часткай адзінай глабальнай экасістэмы. Таму нанесеная шкода адгукаецца і ў іншых краінах, што пагражае міжнароднай бяспецы. Аднак падчас вайны пад асаблівую прававую абарону бяруцца не толькі людзі і грамадзянскія аб’екты, але і навакольнае асяроддзе. 

Вытокі абароны прыроды падчас ваенных канфліктаў

Сучасная сістэма міжнароднага права склалася пасля Другой сусветнай вайны пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ваенныя жахі ды велізарныя людскія згубы паспрыялі новым спробам узяць пад асаблівую ўвагу дзеянне права падчас ваенных канфліктаў. Як вынік, у 1949 годзе былі прыняты чатыры Жэнеўскія канвенцыі. Яны дапоўнілі існыя міжнародныя дамовы аб гуманізме падчас вайны і сталі краевугольным каменем сучаснага міжнароднага гуманітарнага права. Прынятыя канвенцыі датычыліся паляпшэння лёсу параненых і хворых на полі бою і ў моры, стаўлення да ваеннапалонных, а таксама абароны грамадзянскага насельніцтва падчас вайны. З цягам часу ўсе краіны-чальцы ААН узялі на сябе абавязак выконваць палажэнні Жэнеўскіх канвенцый.

Шмат у чым пачатак асаблівай увагі міжнароднага гуманітарнага права да абароны навакольнага асяроддзя прыйшоўся ў выніку знішчальных войнаў у В’етнаме, Лаосе і Камбоджы (1955–1975), калі арміяй Злучаных Штатаў Амерыкі стала выкарыстоўваліся сродкі вядзення экалагічнай вайны. Адным з іх быў гэтак званы “рымскі плуг”, які прымацоўваўся да трохтонных ваенных бульдозераў і ўжываўся для спілоўвання трапічных лясоў з далейшым спальваннем. Адначасова таксічнымі хімічнымі сродкамі забруджвалася і атручвалася мясцовасць, што несла катастрафічныя наступствы для здароўя грамадзянскага насельніцтва. У выніку такіх дзеянняў і з’явіўся панятак “экалагічнай вайны” альбо “экацыду”, якая ставіць за мэту зруйнаванне навакольнага асяроддзя, парушэнне экалагічных працэсаў дзеля памяншэння ваеннага патэнцыялу варожага боку і масавай пагібелі грамадзянскага насельніцтва. Ваенныя дзеянні ў Паўднёва-Усходняй Азіі хоць і са спазненнем, але даказалі неабходнасць дадатковай абароны прыроднага асяроддзя.

Хутка пасля сканчэння ваенных дзеянняў у 1977 годзе быў прыняты першы Дадатковы пратакол да Жэнеўскіх канвенцый (надалей – Пратакол), датычны абароны ахвяр міжнародных узброеных канфліктаў, які ўключыў у сябе таксама аспекты абароны прыроды. Паралельна ў тым жа годзе была падрыхтавана Канвенцыя аб забароне ваеннага альбо любога іншага варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (надалей – Канвенцыя). Абедзве дамовы сталі важным пунктам адліку ў сферы аховы навакольнага асяроддзя падчас узброеных канфліктаў. Дзякуючы гэтым дамовам, забарона нанасіць значную шкоду навакольнаму асяроддзю дзейнічае як у мірны час, гэтак і ў перыяд узброеных канфліктаў. Разгледзім абодва дакументы падрабязней.

Украінскае Палессе, фота https://ua.igotoworld.com

Пытанні абароны навакольнага асяроддзя рэгулююцца двума артыкуламі Пратакола. Пункт 3 артыкула 35 забараняе канфліктуючым бакам прымяняць метады або сродкі вядзення ваенных дзеянняў, якія маюць за мэту нанесці пашыраную, доўгачасовую і сур’ёзную шкоду навакольнаму асяроддзю. Але якая менавіта шкода кваліфікуецца такім чынам? Афіцыйныя каментары да Пратакола тлумачаць, што “пашыранай” прызнаецца шкода, нанесеная на плошчы не менш за сто квадратных кіламетраў. “Доўгачасовай” лічыцца шкода з негатыўнымі наступствамі працягласцю ў дзесяць і больш гадоў. Калі наносіцца шкода здароўю і выжыванню насельніцтва, яна прызнаецца “сур’ёзнай”. Адзначым, што тры фактары мусяць дзейнічаць у сукупнасці. Адначасова артыкул 55 Пратакола абавязвае здзяйсняць клопат пра абарону навакольнага асяроддзя ад падобнай шкоды. Такі клопат ажыццяўляецца ў тым ліку праз забарону выкарыстання метадаў або сродкаў вядзення вайны, што маюць за мэту рэальную або чаканую шкоду навакольнаму асяроддзю, а разам з гэтым здароўю ці выжыванню насельніцтва. Дадаткова забараняецца нанясенне шкоды прыродзе ў якасці рэпрэсалій у адказ на неправамерныя дзеянні варожага боку.

 Варта адзначыць, што далёка не ўсе краіны-ўдзельніцы Жэнеўскіх канвенцый падпісалі і ратыфікавалі Пратакол, у тым ліку ЗША, Індыя, Пакістан, Турцыя, Азербайджан, Інданезія. Расія ж, нягледзячы на яго падпісанне за савецкім часам, у 2019 годзе дэнансавала Пратакол і выйшла з-пад дзеяння палажэнняў.

Прынятая таксама ў 1977 годзе, Канвенцыя забараняе такія сродкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што выклікаюць пашыраныя, доўгатэрміновыя або сур’ёзныя наступствы дзеля зруйнавання ці нанясення шкоды іншай дзяржаве. Паводле артыкула 2, пад такімі сродкамі разумеюцца любыя шляхі свядомага кіравання прыроднымі працэсамі, дынамікай, складам або структурай Зямлі, што маюць уплыў на біёту, літасферу, гідрасферу, атмасферу, а таксама на касмічную прастору. Як, напрыклад, геафізічныя войны ў розных праявах, сярод якіх штучны выклік залеваў, тайфунаў, цунамі, снегападаў ці землятрусаў, зменаў у азонавым слоі са шкоднымі наступствамі. Гэтаксама як атручванне верхняга слою зямлі і глебы, што робіць яе непрыдатнай да земляробства. Сюды ж можна далучыць практыкі наўмыснага спальвання ці вырывання лясоў. 

Варта заўважыць, што Канвенцыя забараняе не саму зброю масавага паражэння, але толькі спосабы ўплыву на прыродныя працэсы. Як і ў выпадку з Пратаколам, дзеля пазбягання размытых фармулёвак былі зацверджаны тлумачэнні паняткаў. Такім чынам, пад “доўгатэрміновай” працягласцю ўздзеяння ў Канвенцыі маецца на ўвазе перыяд у некалькі месяцаў альбо адзін сезон. “Пашыранай” прызнаецца шкода, нанесеная на плошчы ў некалькі соцень квадратных кіламетраў. “Сур’ёзнай” лічыцца шкода ў выпадку станаўлення мясцовасці непрыдатнай да выкарыстання або істотнага парушэння ці нанясення шкоды чалавечаму жыццю, прыродным і эканамічным рэсурсам або іншым матэрыяльным каштоўнасцям. Аднак для прызнання такой шкоды дастаткова аднаго з трох пералічаных фактараў. 

Пратакол і Канвенцыя выкарыстоўваюць сходныя паняткі для кваліфікацыі шкоды, але ў выпадку Канвенцыі парог для забароны з’яўляецца нашмат ніжэйшым. Інакш кажучы, нашмат прасцей забараніць маніпуляванне прыродным асяроддзем з ваеннымі мэтамі чым свядомае або выпадковае нанясенне яму шкоды. Так ці інакш, на сённяшні дзень да Канвенцыі далучылася нашмат менш краін чым да Пратакола, але Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай абедзвюх дамоваў. Таксама дадамо, што адпаведна Рымскаму статуту 1998 года, што заснаваў Міжнародны крымінальны суд, нанясенне пашыранай, доўгатэрміновай і сур’ёзнай шкоды навакольнаму асяроддзю з парушэннем прынцыпа прапарцыйнасці з’яўляецца ваенным злачынствам.

Карпаты, фота Depositphotos

Навакольнае асяроддзе і вайна ва Украіне

Украінскія экаактывісты_кі сумесна з юрыст_камі распачалі дбайны аналіз ваенных злачынстваў Расіі супраць прыроднага асяроддзя ў пошуках шляхоў прыцягнення краіны-агрэсара да адказнасці. Сярод іншага, былі ўжо сабраны і задакументаваны факты зруйнавання прыроднага асяроддзя, адабраны метады падліку нанесенай шкоды, а таксама прааналізаваны выпадкі Кувейта, Судана, Албаніі, Косава з пункту гледжання спагнання кампенсацый. Паводле выканаўчай дырэктаркі экалагічнай арганізацыі “Екологія – Право – Людина (ЕПЛ)” Алены Краўчанкі, пад асаблівую ўвагу бяруцца ахоўныя прыродныя зоны і індустрыяльныя збудаванні, наступствы бамбаванняў і ракетных абстрэлаў, неўзарваныя міны, марское забруджванне і пажары, стан заапаркаў і прытулкаў для жывёл, факты пагібелі жывёл. Таксама ў выніку дзеянняў расійскіх войскаў каля Чарнобыльскай і Запарожскай АЭС украінскім бокам выстаўляюцца абвінавачванні Расіі ў ядравым тэрарызме. На дадзены момант ключавымі праблемамі, што тычацца прыроднага асяроддзя, застаюцца пагрозы ўкраінскім прыродаахоўным зонам у зоне баявых дзеянняў, дапамога іх супрацоўнік_цам, якія працягваюць працаваць у небяспецы. Актуальнымі выклікамі застаюцца недахоп персаналу і фінансавых рэсурсаў, перарыванне паставак харчовых прыпасаў і абсталявання. Тым часам Украіна ўжо прыняла Пастанову “Аб зацвярджэнні парадку вызначэння шкоды, нанесенай Украіне ў выніку ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі”.

Падобная праца ўкраінскіх адмыслоўцаў у сферы аховы прыроды, экалагічнага актывізму і права ў будучыні стане падмуркам для прыцягнення Расіі да адказнасці ў парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права. І хаця нанесеную экалогіі шкоду немагчыма цалкам аднавіць, пералічаныя палажэнні здольныя паспрыяць хаця б яе частковай кампенсацыі. Але перад тым, як казаць пра магчымасць поўнай ацэнкі шкоды і адэкватнай кампенсацыі, перш-наперш вайна мусіць скончыцца.