Хочацца змяніць сябе і сусвет да лепшага ў новым годзе? Сойка медыя разам з Экадомам сабралі асноўныя парады, з чаго пачаць.
Можна бясконца наракаць на тое, што жыццё з кожным новым годам робіцца толькі страшнейшым і страшнейшым, як у фільме-катастрофе. Аднак, у адрозненне ад кінапаказу, тут прынамсі ёсць дзве магчымасці: 1) моўчкі назіраць за тым, што адбываецца навокал, або 2) узяць пад уласную адказнасць хаця б тое, што нам належыць. Напрыклад, сябе. І цвёрда вырашыць, што ў Новым годзе мы самі станем лепшымі версіямі сябе, па кроплі змяняючы і свет навокал. Наперад!
ЗАЙМЕЙ НОВУЮ ЭКАЗВЫЧКУ
Не нам вам расказваць, што экалогія — гэта не столькі пра пагладзіць козачку ў экасядзібе, колькі пра тое, ці будзе нашым дзецям чым дыхаць заўтра.
Перш чым выбраць сабе ўласную эказвычку (іх цэлае мноства!), памятайце прынцып трох галоваў экацмока: «разумнае спажыванне, паўторнае выкарыстанне і альтэрнатыўныя варыянты». То бок, адмаўленне ад выкарыстання ў побыце аднаразовых прадметаў, абмежаванне спажывання (да неабходнага мінімуму), забяспечванне паўторнага выкарыстання рэчаў і перадача на перапрацоўку ўсяго, што можна перапрацаваць.
Важна разумець, што гэта не абмежаванні, а перагляд ладу жыцця, дзе не абавязкова ў адзін дзень стаць цалкам eco-friendly. Для першага кроку дастаткова, напрыклад, набыць, пашыць ці ўзяць у больш экалагічнай сяброўкі шопер і фруктоўкі, якія дапамогуць зменшыць спажыванне пластыкавых пакетаў (за якія, да таго ж, даводзіцца дадаткова плаціць). Калі гэта ўжо пройдзены этап, шукай парады па энергазберажэнні, сартыроўцы смецця і мажлівасцях валанцёрства.
Да эказвычак файна далучаць усю сям’ю. Дзецям будзе радасна правесці час з бацькамі, майструючы кармушку для птушак альбо навагодні дэкор з матэрыялаў, якія ў іншы час паехалі б на сметнік. Сваякі ж заўсёды будуць рады зручным шоперам або энергазберагальным лямпачкам.
АДСВЯТКУЙ НОВЫ ГОД ЭКАЛАГІЧНА
Перадсвяточная мітусня і прыемны (ці заўсёды?) клопат вакол закупаў і падарункаў могуць сур’ёзна шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Што калі паспрабаваць ставіцца да прыроды больш беражліва менавіта ў святы? Тым больш, што ў нас ёсць пара парадаў:
- Eлка. Вядома, самая экалагічная навагодняя eлка — зробленая з падручных матэрыялаў (у інтэрнэце процьма варыянтаў, як выкласці ялінку з кніг, лент, вашых фотаздымкаў за год). Калі ж гэты крок пакуль занадта радыкальны для вас, можна набыць елку ў кадушцы, якую пасля святаў можна аддаць назад або высадзіць на лецішчы. Дэкорам на ялінку можна абмяняцца з сябрамі, купіць бу або зрабіць самім.
- Падарункі. Любы падарунак стане смеццем, калі ён не патрэбны чалавеку. Таму складанне вішлістоў, дзе чалавек піша тое, што сапраўды хацеў бы мець — не такая ўжо і дрэнная ідэя. Дарыце сябрам і блізкім уражанні: квіткі ў кіно, аплату курсаў вывучэння мовы, абанемент на майстар-клас.
- Дэкор. Выдатны варыянт — упрыгожыць дом старымі навагоднімі цацкамі, якія даволі часта перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў беларускіх сем’ях. Калі вам гэта варыянт не пасуе, то вы можаце разам са сваёй сям’ёй зрабіць экалагічныя цацкі сваімі рукамі — добра, што майстар-класаў на прасторах інтэрнэту дастаткова.
- Стол. Найлепшая ідэя — адмовіцца ад мясных прадуктаў за святочным сталом. Думаеце, гэта немагчыма? Тады падлічыце колькасць гасцей і старанна сплануйце стравы, каб не выкідаць лішняе. Не купляйце больш за неабходнае. Ніхто не любіць даядаць падкіслых маянэзных мяшанак, якія непазбежна застаюцца ў лядоўнях пасля свята.
СТАНЬЦЕ ВАЛАНЦЁР_КАЙ
Хочацца актыўнай дзейнасці, новых знаёмстваў і карысных справаў? Паспрабуйце сябе ў валанцёрстве. Ёсць даволі шмат арганізацый, якім патрэбная дапамога эпізадычна або кожны дзень.
У якасці прыкладу прыводзім цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын». Невялікая ініцыятыва, якая аказвае дапамогу дзікім птушкам і жывёлам. Актывіст_кі лечаць хворых жывёл і вяртаюць іх, калі гэта магчыма, назад у натуральнае асяроддзе. За час працы цэнтр справіўся з мноствам бюракратычных цяжкасцяў і вылечыў больш за 1000 асобін. Каманда штодзённа ідзе на рызыку, бо ў Беларусі няма спецыяліст_ак па лячэнні менавіта дзікіх жывёл. Унікальная дзейнасць людзей з вялікімі сэрцамі для захавання біялагічнай разнастайнасці Беларусі.
Яшчэ адзін варыянт экаваланцёрства і па сумяшчальніцтве фітнэсу — беларускае кам’юніці плогінгу. Плогінг — гэта збор смецця падчас прабежак. Пасуе і для тых, хто хоча хадзіць на прабежкі ў группе, і сола. Двайная матывацыя заняцца спортам для тых, хто кожны год абяцае сабе дайсці да спортзалы, але ніяк не атрымліваецца.
Таксама можна паваланцёрыць pro bono, гэта значыць прапанаваць сваю прафесійную дапамогу экалагічным арганізацыям на бясплатнай аснове ў якасці разавай паслугі або пастаянна. Вы здзівіцеся, як шмат ініцыятыў шукаюць дапамогі з сайтамі, дызайнамі, тэкстамі, арганізацыяй івэнтаў і гэтак далей.
ПАСПРАБУЙ СЯБЕ Ў РОЛІ АНЛАЙН-АКТЫВІСТ_КІ НА АДЗІН ДЗЕНЬ
Палепшыць жыццё ў сваім двары, вуліцы, горадзе можна і не выходзячы з дома. Вось шэраг варыянтаў:
Зялёны тэлефон
Калі ёсць пытанне па праблемах вашага двара, але не ведаеце, куды з ім звярнуцца — звяжыцеся з Зялёным тэлефонам. Інфаслужба бясплатна пракансультуе вас і дапаможа вырашыць вялікія і маленькія праблемы беларускіх рэгіёнаў. Кантакты для сувязі:
- Viber або Telegram: +375 29 170-26-70
- e-mail: greenphonehelp@gmail.com
- Telegram-бот: @Green_Phone_Belarus_bot
- Instagram: @greenphonehelp
Удзел у грамадскіх абмеркаваннях
Схема даволі простая: знаходзім актуальныя абмеркаванні на сайце Экадома або на сайтах выканкамаў, удакладняем нюансы, пішам свае каментары праз афіцыйны сайт арганізатараў. Азнаёміцца з дэталямі таго, як працуюць грамадскія абмеркаванні, можна па спасылцы.
Петыцыі
Нягледзячы ні на што, карысць ад петыцый у рашэнні праблем рознага маштабу ўсё яшчэ ёсць. Напрыклад, 100% петыцый пра сметнішчы маюць пазітыўны вынік! Выберыце петыцыю па цікавай вам праблеме, падпішыце яе і пашырце інфармацыю ў сваіх сацсетках. Маніторыць петыцыі можна на сайтах Petitions.org і Change.org. Калі ж ты хочаш стварыць сваю петыцыю, скарыстайся сайтам petitions. Там нават ёсць гайд па стварэнні і прасоўванні петыцый.
Служба 115.бел
Непрыбраны снег? Выбаіна ў дарозе? Абрэзанае пад слуп дрэва? Заяўку з апісаннем праблемы, пажадана з фотаздымкамі, можна размясціць на партале, таксама можна скарыстацца кароткім нумарам 115 альбо мабільнай аплікацыяй.
Таксама добрым варыянтам прыцягнення ўвагі грамадскасці будзе рашэнне звязацца з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і перадаць дэталёвыя звесткі пра тую ці іншую экапраблему. Практыка паказвае, што рэзананс паскарае тэмпы вырашэння мясцовых пытанняў. Не забывайце пра лічбавую бяспеку, асабліва калі ты ў Беларусі. Яшчэ больш бяспечнага актывізму ў Беларусі — у гэтым гайдзе Сойкі.
АРГАНІЗУЙ ФРЫМАРКЕТ, СВОП-ВЕЧАРЫНУ АБО ДРЭС-КРОСІНГ
Усе гэтыя назвы аб’ядноўвае адно — падобныя імпрэзы дазваляюць скараціць спажыванне або прапаноўваюць яго разумныя варыянты. Бо частка рэчаў у нашых шафах — гэта тое, што мы купілі, паддаўшыся імпульсу зніжак, сацыяльнаму падарункаваму прыгнёту ці проста да вызначанай падзеі. І вось яны ляжаць з году ў год на паліцах мёртвым грузам. І выкінуць шкада, і захоўваць бессэнсоўна. У гэтым выпадку таюе падыдзе ідэя арганізаваць фрымаркет, своп-вечарыну або дрэс-кросінг з сябрамі, роднымі або калегамі ды каляжакамі па працы. А тое, што не разыдзецца, можна перадаць у дабрачынныя арганізацыі, і такім чынам зрабіць добрую навагоднюю справу.
- Фрымаркет — бясплатны абмен непатрэбнымі рэчамі. На фрымаркет можна прыносіць адзенне і абутак, дзіцячыя цацкі, упрыгожанні, тэхніку ў працоўным стане, касметыку і іншыя рэчы.
- Своп-вечарына. Прынцып, па якім ладзяць своп-вечарыны, вельмі падобны на фрымаркета, плюс да яго дадаецца забаўляльная праграма і музычнае суправаджэнне з тваіх любімых трэкаў за год.
- Дрэс-кросінг. Аснова яго даволі простая: усе прыносяць чыстае адзенне, яго прымаюць і акуратна развешваюць на вешалкі, а наўзамен выдаюць квіточкі. Пасля вы прыемна бавіце час за гутаркамі і абменьваеце ўпадабаныя рэчы на свае квіткі.
ПАДТРЫМАЙ ЭКААРГАНІЗАЦЫІ Ў ЦЯЖКІ ЧАС (КАЛІ ДЛЯ ЦЯБЕ ГЭТА БЯСПЕЧНА)
Экалагічным арганізацыям Украіны давялося ў той ці іншай ступені змяніць сваю дзейнасць з пачатку вайны. Цяжкая, халодная зіма з перабоямі ў пастаўках святла, вады і ацяплення — для нашых паўднёвых суседзяў ужо рэальнасць. На жаль, у такія часы праблемы навакольнага асяроддзя не бяруць паўзу. Хутчэй, наадварот: мы бачым замінаваныя тэрыторыі, атручаныя вайной глебы, жывёлаў, якія паміраюць з голаду і холаду, трапічныя расліны, што замярзаюць у батанічных садах.
Але нягледзячы на складанасці, актывіст_кі не здаюцца і працягваюць з дня ў дзень сваю працу, часам проста на валанцёрскай аснове. Экадом прапануе ўсім, у каго ёсць фінансавая магчымасць і замежныя карткі, дапамагчы Украіне i падтрымаць экалагічныя ініцыятывы. Напрыклад:
- Падтрымаць арганізацыю «Екодія»
- Падтрымаць МБА «Екологія Право Людина»
- Падтрымаць арганізацыю ГА «Екоклуб»
Калі ж ты хочаш падтрымаць беларус_ак, у Экадома таксама ёсць мажлівасць збіраць данаты. Мы будзем вельмі ўдзячныя за падтрымку! Таксама прапануем звярнуць увагу на праект Дзяніса Кіцеля, які стварае адмысловыя домікі для соваў у Грузіі.
НАПІШЫ ЛІСТ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМ ЭКААКТЫВІСТ_КАМ
У Беларусі ўлады робяць усё больш захадаў па падаўленні любога іншадумства, у тым ліку і ў галіне экаправоў. Актывіст_кі сутыкнуліся з рэпрэсіямі і пераследам, у тым ліку з ліквідацыяй прафесійных арганізацый, вобшукамі офісаў і кватэр, а таксама незаконнымі затрыманнямі і арыштамі экалагіст_ак. Мы памятаем пра кожнага зняволенага і зняволеную і прапануем вам далучыцца да добрай перад- і паслянавагодняй справы ды напісаць хаця б па адным лісце або яркай паштоўцы за краты. Напрыклад:
- Сцяпан Латыпаў — прафесійны арбарыст — майстар па лячэнні і догляду дрэваў, а таксама дырэктар кампаніі «Беларбо». Напісаць яму можна на адрас: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.
- Яўген Рубашка — актывіст анархісцкага руху, удзельнічаў у ініцыятыве «Ежа замест бомбаў» па раздачы веганскай і вегетарыянскай ежы людзям з досведам бяздомнасці. Напісаць яму можна на адрас: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.
- Святлана Кароль — велаактывістка з Гомеля, былая кіраўнічка аб’яднання «ВелоГомель». Святлана займалася папулярызацыяй веларуху, арганізавала ініцыятыву «Ледзі на ровары», дзень без аўтамабіля ў Гомелі. Адрас для лістоў: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
З гісторыямі іншых палітычных зняволеных, дзейнасць якіх была цесна звязана з экалогіяй, ты можаш азнаёміцца тут. А напісаць ліст можна пры дапамозе ініцыятывы Майстэрня паштовак салідарнасці.