Што Экадом думае аб канцэпцыі новага экалагічнага кодэкса?

2 кастрычніка скончыліся грамадскія абмеркаванні Канцэпцыі Экалагічнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сама ідэя прыняцця Экалагічнага кодэкса цалкам рацыянальная, бо нормы кодэкса, як нарматыўнага прававога акта, маюць большую юрыдычную сілу за нормы закона. Таму пры ўзнікненні супярэчнасцяў нормы закона (напрыклад, Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя») норме кодэкса (напрыклад, Кодэкса аб нетрах, Ляснога кодэкса і да т.п.) прыярытэт за нормай кодэкса.

— Наданне прыродаахоўным нормам закона большай юрыдычнай сілы лагічна. Да таго ж, гэта дае магчымасць перапрацаваць і ўдакладніць нормы, дадаўшы навацыі, якія адпавядаюць лепшым прагрэсіўным практыкам. Усе нормы апынуліся б у адным месцы, паняцці уніфікаваны, супярэчнасці выключаны, і працаваць з такім дакументам было б значна зручней, чым шукаць розныя палажэнні ў спецыяльных законах, падзаконных актах і прынятых у іх развіццё інструкцыях і палажэннях, — тлумачаць нашы эксперты.

Аднак, як адзначаюць спецыялісты, Канцэпцыя Экалагічнага кодэкса (тэкст самога НПА яшчэ не распрацаваны, ёсць толькі прыблізны змест) ужо выклікае пытанні і нават сумневы ў мэтазгоднасці ўсяго пачынання.

Як вынікае з канцэпцыі, новы кодэкс будзе падобны да Экалагічнага кодэкса РФ і Мадэльнага экалагічнага кодэкса для краін-удзельніц СНД, а таксама напоўнены новымі тэрмінамі з прыстаўкай «эка»: экалагічнае заканадаўства (прычым без раскрыцця, што гэта такое), «эколага-прававы статус грамадзяніна», «эколага-прававая адказнасць», «экасістэмныя паслугі», «вугляродныя адзінкі» і многімі іншымі.

Не заўсёды новае – гэта сапраўды нешта новае, як, напрыклад, эколага-прававая адказнасць, якая, па сутнасці, з’яўляецца адказнасцю за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства. Пры гэтым Канцэпцыя так цалкам і не раскрывае мэт прыняцця кодэкса:

– З апісання асобных раздзелаў і частак вынікае, што многія праваадносіны па-ранейшаму будуць рэгулявацца спецыяльным заканадаўствам, а механізмы рэалізацыі асобных правоў будуць, як і раней, рэгулявацца падзаконнымі актамі, – каментуюць эксперты. – У выніку замест яснасці і празрыстасці грамадзяне атрымаюць змешванне ад 10 да 20 розных законаў, максімальна скарочаных для мэт памяншэння выніковага тэксту і кожны з якіх па-свойму добры. А ў прыдачу да іх – пералік падзаконных актаў, якія пашыраюць, дапаўняюць і ўдакладняюць сутнасць.

Паводле экспертаў, Канцэпцыя таксама не раскрывае, якім чынам будзе вырашацца пытанне супярэчнасцяў на ўзроўні кодэксаў (паміж тымі ж Экалагічным, Водным, Лясным і інш.). У канцэпцыі экалагічнага кодэкса прадстаўлены не аналіз, а вельмі павярхоўны агляд заканадаўства замежных дзяржаў, які не адлюстроўвае сучасных напрамкаў развіцця замежнага экалагічнага заканадаўства.

–  У нас ёсць цалкам абгрунтаваная асцярога, што пры кампіляцыі нормаў могуць выпадкова згубіцца палажэнні аб правах грамадскасці, якіх цяпер і так мала засталося.

Так, напрыклад, пытанне прыняцця рашэнняў па ажыццяўленню дзейнасці, якая можа аказваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, у новым кодэксе таксама не прапрацавана. Гэта значыць замест чаканага дакладнага механізму з магчымасцю ранняга ўдзелу грамадзян у прыняцці экалагічных рашэнняў, празрыстай схемы ўзгаднення, наяўнасцю адказнага органа і канчатковага рашэння нам застаецца старая схема з тысячай узгадненняў і без канчатковага рашэння, калі не зразумела, які ў выніку орган дазволіў тое ці іншае будаўніцтва ці вытворчасць.

– Мяркуючы па Канцэпцыі, дабіцца прамога дзеяння норм экалагічнага кодэкса распрацоўшчыкам не ўдасца. Па сутнасці яны ўзялі 10-15 дзейных НПА, дадалі словы «зялёная эканоміка» і «экасістэмныя паслугі», запазычылі з заканадаўства РФ нормы аб ліквідацыі назапашанай шкоды навакольнаму асяроддзю, перапісалі некаторыя параграфы з падручнікаў па экалагічным праве… Пра клімат не ведалі, што пісаць, змяшалі ўсё ў кучу, выкарыстоўваючы нібыта і разумныя словы. У выніку атрымаўся дакумент на 85 старонак, але руху наперад практычна няма.