Сёння самае старэйшае экалагічнае грамадскае аб’яднанне Беларусі адзначае 20 год. Для кагосьці гэта быў час сталення і самаіндэнтыфікацыі, для другіх — магчымасць рэалізаваць уласныя амбіцыі і ідэі змянення навакольнага свету да лепшага, для трэціх — спосаб знайсці блізкіх па духу людзей. Аднак усе, нягледзячы на сэнс, які ўкладаюць у сваю дзейнасць, сыходзяцца ў тым, што «Экадом» за гады існавання аб’яднаў іх раз і назаўсёды. Таварыства «Зялёная сетка» і каманда Зялёнага партала віншуюць свайго першага таварыша — аб’яднанне «Экадом» са святам!
Сваю гісторыю грамадскае аб’яднанне «Экадом» бярэ з моладзевай арганізацый «Next Stop — New Life» якраз на зломе Савецкага Саюза і ўтварэння незалежнай Беларусі. У той час «Next Stop» пачаў працаваць з дзецьмі, пацярпелымі ад Чарнобыльскай аварыі. Партнёрскія арганізацыі ў Галандыі і Германіі ладзілі выставы-аўкцыёны малюнкаў мастацкіх школ, што знаходзіліся ў зоне з высокім радыяцыйным забруджваннем. А за выручаныя сродкі ў беларусаў была магчымасць вывозіць дзяцей на Байкал, дзе імі займаліся траўнікі, і нават існавалі цэлая канцэпцыя і падыход да аздараўлення. Згодна з імі дзяцей проста пагружалі ў іншае асяроддзе.
Тады ж нарадзілася ідэя пабудаваць сацыяльны цэнтр для чарнобыльскіх дзетак на Байкале, як у чыстым і прасветленым месцы. Аднак рэалізаваць гэту задумку не атрымалася з-за хутка змяніўшайся эканамічнай сітуацыі.
«Было вырашына стварыць такі цэнтр у Беларусі, і для гэтага выбралі Рассонскі раён… Зараз у галаве не ўкладаецца, але ў той час «Next Stop», агалдзелай моладзевай арганізацыі, вылучылі пад гэтыя мэты 4 га зямлі на беразе возера. Вось такія былі часы…» — узгадвае сябра савета ГА «Экадом» Ірына Сухій.
Дзякуючы аўкцыёнам на будаўніцтва атрымалася сабраць ля 20 тысяч нямецкіх марак, якіх у цэлым было дастаткова на рэалізацыю ідэі з цэнтрам. Аднак пакуль праводзіліся падрыхтоўчыя працы, разнастайныя геалагічныя пошукі і геадэзічныя здымкі мясцовасці, накаціла чарговая хваля крызісу, і ўсё рэзка змянілася.
Менавіта ў гэты ж час стала зразумела, што экалагічны накірунак у «Next Stop» стаў самадастатковым. Было вырашана рэгістраваць асобную арганізацыю, каб больш сур’ёзна займацца экалагічнай адукацыяй і экапрыязным вобразам жыцця.
Адкуль у 1996 годзе ўдзельнікі «Экадома» ведалі пра прынцыпы ўстойлівага развіцця і экамэтазгодны вобраз жыцця, цяжка ўзгадаць нават ім самім.
«Гэта параўнальна з тым, што сёння сказаць «зялёная» эканоміка. Шмат хто не разбярэ, што гэта значыць…» — смяецца Ірына.
Нягледзячы на тое, што пасля сустрэчы ў Рыа ў 1992 годзе прайшло 4 гады, усе прынятыя там канцэпцыі на прасторах былога Савецкага Саюза былі занадта новымі і незразумелымі. А інтэрнэта яшчэ тады толкам не было. Як узгадваюць экадомаўцы, усе неабходныя дакументы іх партнёры прывозілі выключна ў раздрукаваным выглядзе.
Магчыма, на свядомасць маладых людзей паўплываў даклад Гро Харлем Брундтлан «Наша агульная будычыня», зроблены ў 1987 годзе. Гэта быў першы дакумент, які сцвярджаў, што, згодна навуковым даследаванням, наш свет каціцца ў прорву і неабходна штосьці змяняць, калі чалавецтва хоча выжыць. Дзякуючы намаганням «Next Stop» даклад пераклалі і распаўсюджваўся на прасторах Беларусі.
Увогуле першымі накірункамі дзейнасці «Экадома» сталі: экалагічная адукацыя і пермакультура, у тым ліку разнастайныя семінары і трэнінгі па гэтых тэмах.
«І пёрла нас вельмі моцна! Мы з такім задавальненнем рабілі гэта ўсё, розныя валанцёрскія лагеры ў Бярэзінскім запаведніку. З традыцый «Next Stop» засталося абавязковым, каб былі міжнародныя ўдзельнікі ўсіх такіх працэсаў, бо гэта заўсёды было цікава і весела. Тым больш міжкультурны абмен, бо, нагадваю, інтэрнэта тады не было!» — расказвае Ірына.
Тым больш што «ў спадчыну» «Экадому» засталіся разнастайныя кантакты і сувязі з арганізацыямі з Заходняй Еўропы. Таму гэта быў як доступ да інфармацыі, новых ідэй і цікавых людзей, што значна пашырала свядомасць.
Ды і да 2001 года ў самой Беларусі ўсё было адносна свабодна. І як напачатку «Next Stop», так і пасля «Экадом» рабілі тое, што сапраўды лічылі важным, цікавым і неабходным.
«Мы ўвесь час дэкларавалі, што «Экадом» — гэта пляцоўка, на якую могуць прыходзіць розныя людзі і рабіць тое, што ім цікава ў межах нашых каштоўнасцей і мэтаў», — удакладняе Ірына Сухій.
Яшчэ адна ідэя, за якую ўчапіўся «Экадом», — па магчымасці аб’яднаць «зялёны» рух, каб мець магчымасць на штосьці ўплываць. З гэтай мэтай у 2001 годзе быў ініцыяваны «Злёт зялёных», першы аналаг сучаснага Форума ЭкаНДА.
Важным момантам у жыцці аб’яднання стаў хутар на возеры Балдук, як энергетычнае месца і месца для сустрэч, семінараў, курсаў, трэнінгаў і іншага.
«Гэта была цудоўная прастора, дзе няма ні электычнасці, ні мабільнай сувязі, ніхто не завісае ў ноўтбуку. І для мяне і для ўсіх хутар быў месцам сілы», — узгадвае суразмоўца.
Трагедыяй для ўсіх стаў пажар, які знішчыў дом, пасля чаго экадомаўцы пачалі набываць сабе вясковыя сядзібы вакол.
«Сумна пра гэта казаць. Асабіста для мяне гэта была вялікая трагедыя. Але, можа, мы паглядзім праз год 20 на сітуацыю па-іншаму, зразумеем, што ўсё было толькі да лепшага. Бо мы перараслі са стану камуны, сталі больш дарослымі з сем’ямі і ўнукамі…» — мяркуе яна.
Першыя 10 год свайго існавання «Экадом» быў вельмі дабратворным аб’яднаннем: «Мір — сяброўства — жуйка —устойлівае развіццё і таму падобнае», — узгадвае Ірына.
Паступова аб’яднанне стала лідэрам антыядзернага руху ў Беларусі, і з гэтага моманту пра навучанне настаўнікаў і выкладчыкаў у беларускіх шкалах можна было забыць. Пачалі з’яўляцца і іншыя накірункі: Орхуская канвенцыя і права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. І сам «Экадом» стаў больш «зубастым» і «злым», калі пачаў хадзіць у суды абараняць правы грамадзян…
Ірына Сухій: «Зборышча амбіцыйных утапістаў»
«Місія «Экадома» гучыць так: «Асноўваючыся на прынцыпах устойлівага развіцця і дэмакратыі, мы ствараем гармонію ўнутры сябе, у доме, горадзе, краіне, сусвеце. Мы робім гэта з членамі «Экадома», аднадумцамі, жыхарамі ваколіц возера Балдук».
Мы масоны (смяецца), і місія наша недасягальная.
Аднойчы з Ірынай Белай мы вялі трэнінг для жаночых арганізацый Каўказа: Грузіі, Арменіі і Айзербальджана. І там быў блок пра місію. Мы павыпісвалі вызначэнні місій розных арганізацый, у тым ліку і «Экадома», раздалі ўдзельнікам і папрасілі абмеркаваць “што гэта можа быць за арганізацыя, і чым яна займаецца”. Падаецца, гэта была цудоўная дзяўчына з Айзербальджана, якая, прачытаўшы місію «Экадома», вызначыла нас як «зборышча амбіцыйных утапістаў». Я з Ірай смяяліся так, бо больш дакладна ніхто не мог прыдумаць».
Ірына Капарыха: «Людзі, эйфарыя да дзейнасці і выварат мазгоў…»
«”Экадом” — гэта адносіны, чалавечыя адносіны…
Займаючыся самапазнаннем і пошукам таго, якая я ёсць, на адной з такіх тусовак мне давялося пазнаёміцца з Ірынай Сухій. Нават хутчэй гэта было зроблена спецыяльна, калі пэўныя людзі, заўважыўшы перспектывы майго асабістага развіцця, вырашылі, што мой з ёй саюз будзе вельмі карысным.
Пры ўсім гэтым знаёмства наша адбылося пры вельмі дзіўных абставінах. Я была ў адпачынку, працуючы ў той час на дзяржаўнай службе ў адным з акадэмічных інстытутаў, але мяне Іра завезла на хутар, на якім праводзіўся дзіцячы летнік па развіццю творчасці, энергіі і самапраяўлення, глыбокае пазнанне крэатыўнасці. Менавіта там мы добра пасябравалі з ёй і сталі падобныя да эстраднай парачкі Тарапунькі і Штэпселя, пастаянна смяшылі ўсіх вакол.
Яшчэ ў мяне быў пункцік на градках, я пастаянна малявала розныя схемкі, і Іра прапанавала мне папрацаваць на хутары, рэалізаваць свае ідэі. Аднак мой адпачынак падыходзіў да канца, і трэба было вяртацца на працу, а Сухій — раз і прапаноўвае звальняцца. Вядома, што я не магла ўявіць сабе такога, бо ў мяне сям’я, дзеці, трэба неяк іх карміць. А яна ўпэўніла мяне, што я змагу зарабляць столькі ж і ў «Экадоме».
Не ведаю, чым я тады кіравалася, бо для мяне гэта было падобным на скачок у прорву. Я, ўся глыбока пранізаная ленінізмам, ідэалагізмам і ўсімі іншымі «ізмамі», раптам трапляю ў НДА-разгільдзяйства, дзе для мяне ўсё новае. Тым больш звальнення ж трэба было чакаць месяц: пакуль яны прымуць заяву, пакуль адпрацуеш… Але Ірына прапанавала мне застацца на хутары, сама завезла маю заяву і аддала, каму трэба. Так атрымалася, што, перадаўшы паперы намесніку, бо сам дырэктар быў у ад’ездзе, мяне звольнілі без усякай адпрацоўкі і доўгіх чаканняў за адзін дзень.
Вось такім чынам праз хутар я пазнаёмілася з «Экадомам» і яго высокімі ідэямі па паляпшэнню наваколля і экалагічнай сітуацыі ў планетарным маштабе. Мяне пачалі знаёміць з абсалютна неверагоднымі людзьмі: музыкамі, мастакамі, альтэрнатыўшчыкамі, экалагістамі — людзьмі з розных краін. Пры гэтым мне было складана, бо я чалавек не тусовачны, але Іра старалася мяне абмежаваць, не парушаць любоў да цішыні.
Каб не прападала мая працоўная кніжка, мяне ўзялі ў аб’яднанне займацца справаводствам, тым больш і адпаведны дыплом я мела яшчэ са школы. Так працягвалася ля года… Але прызнацца, часы тады былі ва ўсіх сэнсах складанымі.
Аднак гэта было жыццё з новага ліста… І ўсе адносіны, ідэі, уся дзейнасць «Экадома» ў мяне вельмі добра ўклаліся на каштоўнасным узроўні. Для мяне гэта быў вельмі моцны і псіхалагічны прарыў. Бо да моманту знаёмства з аб’яднаннем я ўвесь час працавала ў дзяржаўных арганізацыях і крыху ў бізнэсе, а тут у НДА давядолося сутыкнуцца з зусім іншай катэгорыяй людзей: больш адкрытымі, смелымі, з крытычным мысленнем. Нягледзячы на тое, што мы вельмі моцна стамляліся, бо даводзілася шмат бегаць, ненармаваны працоўны дзень, была пастаянна эйфарыя ад дзейнасці і поўны выварат мазгоў ад таго, што на свет можна глядзець па-іншаму, не так, як я звыкла за свае 30-40 год.
І мне вельмі радасна, што шмат людзей з «Экадома» перанеслі ў Таварыства «Зялёная сетка» свой настрой і атмасферу, свой космас, свае адносіны да працы і людзей… Бо я магу сказаць, што нават не ва ўсіх НДА існуе такое, калі ўсё ж не людзі, а праца стаіць на першым месцы».
Марына Дубіна: «Людзі з верай у тое, што яны робяць»
«”Экадом” у першую чаргу для мяне — гэта людзі, якія натхняюць і захапляюць, гатовыя заўсёды падарвацца на справу. Людзі, якія не толькі хацелі б штосьці рабіць, але і робяць! І сваімі справалі даюць імпульс табе. Гэта людзі, што не баяцца брацца за самыя вострыя тэмы, напрыклад антыядзерная кампанія. І не баяцца несці адказнасць…
«Экадом» — гэта месца, у якім калісьці пачаўся экалагічны рух, месца са сваім незвычайным духам і атмасферай, які прысутнічае ў ім і зараз.
Я была год 5 таму на агульным сходзе, і гэта сапраўдная падзея, калі збіраюцца аднадумцы, сябры і таварышы, аб’яднаныя верай у справу».
Ірына Белая: «Гэта дзіця, якое яшчэ толькі сталее»
«Для мяне “Экадом” як дзіця…
Шмат год таму я, Ірына Сухій і Андрэй Збароўскі зарэгістравалі гэту арганізацыю. Вырасла дзіця, якое знаходзіцца ў свабодным плаванні, прайшоўшы праз усе падлеткавыя катаклізмы, яно паціху сталее… Але яшчэ не старыцца, а ўвесь час аднаўляецца.
Найбольш яркай падзеяй сталі першыя ў Беларусі курсы па пермакультуры на хутары, дзе была процьма людзей, не толькі з нашай краіны, але і Грузіі, Малдовы. Дзеці гуляюцца ў пясочніцы, а дарослыя стараюцца ўцяміць, «што такое пермакультура»… Вось неяк так. Нягледзячы на тое, што гэта было вееельмі даўно, яно добра адбілася ў памяці».
Кацярына Ганчарова: «Я ўступіла ў новы век з “Экадомам”»
«Для мяне быў вельмі запамінальны момант уступлення ў “Экадом”, бо гэта было на зломе эпох, якраз на светкаванне 2000 Новага года. Адзначалі мы яго на хутары, дзе сабралася вялікая кампанія родных і блізкіх людзей, ішоў снег разам з дажджом. Было вельмі здорава і весела. І вось мяне ў гэтым гуле 1 студзеня ля вогнішча прымаюць у “Экадом”. Я стаяла ў лужыне ў падмокшых новенькіх зімовых ботах Іры Сухій, бо мае ўжо на той момант былі зусім наскрозь мокрыя. А гэтыя боты былі на 5 памераў большыя за мае ногі, але гэта было вельмі рамантычна і сімвалічна, мне падаецца.
А выглядала гэта прыблізна так: «Навошта табе ўступаць у “Экадом”? » — пыталіся ў мяне. На што я адказала: «Бо тут мае сябры, мае аднадумцы. Тое, што я люблю і чым бы хацела займацца». І гэтага было дастаткова. Вядома, што пасля пры святле свечак я напісала заяву з просьбай прыняць мяне…
Мяне прынялі, як зараз памятаю, у цемры пад апладысменты, пад музыку ветра ў званочках над вогнішчам і ў соснах, пад снег. З таго часу я ў аб’яднанні, мне падаецца, што я вельмі добра ўвайшла — прама ў новы век і ў ”Экадом”».
Ганна Вецер: «Гэта свята, якое заўсёды з табой»
«”Экадом” дапамог мне перайначыць працэсы навучання, зрабіць з абрыдлых і нецікавых заняткаў займальныя рэчы як для саміх вучняў, так і настаўнікаў.
А яшчэ варта зазначыць, што ў аб’яднанні вырастаюць выключныя дзеткі. На гэтым сапраўды трэба засяродзіцца, бо якія б складаныя характары ў каго не былі, першае, што малыя робяць, гэта пытаюцца: “Чым я магу табе дапамагчы?” І трэба бачыць, як яны імкнуцца быць карыснымі ўжо з маленства, як, напрыклад, бяруцца за прыборы, калі гатуецца агульны стол…
“Экадом” — гэта людзі! Неверагодна, але праўда! Мы можам палаіцца ў запале, можам не бачыцца шмат год, але кожная сустрэча — гэта цяпло, эмоцыі і самыя прыемныя ўспаміны. Ведаеце, у аб’яднанні найлепшым чынам праявіўся сэнс слова «таварыш», бо яно не з нейкім негатыўным савецкім мінулым, а сапраўдным, не наіграным падтэкстам, калі цябе падтрымаюць і выручаць.
Яшчэ і тут я скажу словамі Хэмінгуэя: “Экадом” – гэта свята, якое заўсёды з табой!»
Андрэй Збароўскі: «Мы рабілі штосьці для душы»
«”Экадом” пачаўся ў той момант, калі была сапраўдная свабода і калі ўсе думалі, што гэта назаўсёды. Канец 1980-х — пачатак 1990-х быў вельмі добрым часам, але, як апынулася, не надоўга. Хтосьці ў гэты перыяд зарабляў грошы, а мы рабілі штосьці для душы. Вось і сёння людзі яшчэ могуць грошы зарабляць, аднак для душы ўжо нічым не зоймешся».
Дзмітрый Герыловіч: «Барацьба за правільныя рэчы негвалтоўнымі метадамі»
«Адна з самых важных рэчаў — гэта тое, што “Экадом” — смелае аб’яднанне, якое не баіцца ўціску і заўсёды адстойвае свой пунк гледжання максімальна магчымымі і негвалтоўнымі метадамі. Гэта мне і спадабалася…
У пытанні будаўніцтва АЭС у Беларусі назіралася паслядоўнасць і дакладная пазіцыя: ў краіне, найбольш пацярпеўлай ад Чарнобыльскай аварыі, узводзіць атамную станцыю ні ў якім разе нельга.
Вядома, яшчэ ўражваюць людзі ў гэтым аб’яднанні. Я з імі быў знаёмы недзе з 2006 года, кожны па-свойму мне сімпатычны. І было цікава, як настолькі розныя асобы могуць рабіць штосьці агульнае і карыснае. Для мяне ў некаторай ступені гэта стала матывам, каб уступіць у “Экадом” у 2011 годзе. Мне запомнілася, калі аб’яднанне разам з адной з літоўскіх арганізацый у 2008 ці ў 2009 годзе праводзілі «Чарнобыльскі шлях», прайшоўшы вялікай калонай па праспекце Гедыміна (у Вільні). Вельмі моцнае ўражанне яднання людзей. Таму, калі я скончыў ЕГУ і вярнуўся ў Беларусь, падаўся ў “Экадом”, бо гэта аб’яднанне, што ставіць правільныя мэты і робіць правільныя рэчы, акцыі і інфармацыйныя кампаніі, у якіх стала цікава ўдзельнічаць самому».
Марыя Гуліна: «Антыядзерная кампанія, экалоджык, пермакультура і міжнародныя праекты»
«У “Экадоме” я ўжо 4 гады, і гэта было ўжо пры Таварыстве «Зялёная сетка». Аднак якраз “Экадом” пачаў рабіць «Зялёны weekend» і Агракультурны фэст, мастацкі плэнер. З гэтага аб’яднання пачалася антыядзерная кампанія, экалоджык, пермакультура…
А ў 2015 годзе “Экадом” стаў партнёрам чэшскай экалагічнай арганізацыі “Hnutí Brontosaurus” у міжнародным адукацыйным праекце. На працягу тыдня вялікай і вясёлай кампаніяй з Беларусі, Чэхіі, Арменіі, Малдовы, Харватыі, Італіі, Іспаніі і Македоніі мы вывучалі віды дрэваў, правілы догляду за імі, правілы пасадкі і абароны. Даведваліся пра старыя гатункі яблыкаў і груш, нават праводзілі іх дэгустацыю, стараліся па апісанню і смаку распазнаць гатунак — было амаль як дэгустацыя віна! А напрыканцы пасадзілі міжнародную грушавую алею ў маленькай чэшскай вёсцы пад назвай Грушкі.
Будзе вельмі класна вярнуцца туды праз год 20, прагуляцца па алеі і з’есці водарны жоўты плод».
Ксенія Малюкова: «Гісторыя экалагічнага актывізму ў Беларусі»
«”Экадом” для мяне — гэта гісторыя экалагічнага актывізму ў Беларусі! Я натхняюся людзьмі, якія працуюць у гэтым аб’яднанні і іх падыходамі да дзейнасці.
Жадаю, каб аб’яднанне адкрывала для сябе больш паплечнікаў і заўсёды стварала цудоўныя, захапляльныя праекты».
Іна Панчкоўская: «Экадомаўцы, вы — Космас!»
«Я ўспрымаю “Экадом” як Вялікі ўзрыў, з якога пачаўся экалагічны рух у Беларусі. Таму жадаю, каб эвалюцыйныя працэсы не спыняліся, каб аб’яднанне пашыралася падобна Сусвету, захопліваючы новыя прасторы, «зацягваючы» ў свае шэрагі і пакараючы новыя гарызонты.
Экадомаўцы, вы — Космас!»