Прапусцілі выставу «Птушкі па-за палітыкай?» у мінулы раз? Запісвайце новыя даты для трох гарадоў.

🟢 Берлін
10 кастрычніка 2024, 17:00
Федэральны офіс NABU, Charitéstraße 3

🟢 Варшава
18 кастрычніка 2024, 17:00
Каворкінг FBC, Mokotowska 24, офіс 64

🟢 Вільнюс
26 кастрычніка 2024, 17:00 
Творчая прастора “Кропка”Savičiaus g. 6

Звычайна прырода не атаясамліваецца з палітыкай. Людзі любяць праводзіць час на свежым паветры, слухаць птушак і адкладаць убок свае паўсядзённыя цяжкасці. У беларускай культуры птушка — праваднік паміж рознымі ўзроўнямі рэчаіснасці, сімвал свабоды і непазбежнай змены часу. Адпаведна з гэтай сакральнай роляй, на нашай выставе яны стануць праваднікамі паміж супрацьлеглымі светамі: палітыкі і прыроды, дэмакратыі і дыктатуры.

«Птушкі па-за палітыкай?» — івэнт, які складаецца з трох кампанентаў: інфармацыі, мастацтва і салідарнасці. Інфармацыйныя стэнды апавядаюць пра Беларусь у кантэксце яе двух найвялікшых скарбаў: людзей і прыроды. Фотакалажы знаёмяць наведвальнікаў з птушкамі ў беларускім палітычным асяроддзі.

Падчас мерапрыемства наведвальнікі змогуць сімвалічна адправіць птушку з прывітаннем беларускім экаактывіст:кам у зняволенні і тым самым падтрымаць іх.

«Прырода не ведае нацыянальных межаў. Экасістэмы непарыўна звязаны і іх бяспека залежыць ад актыўнага ўдзелу грамадзян у кожнай краіне ў дэмакратычным працэсе прасоўвання і абароны мясцовых і глабальных экалагічна чыстых мер», — тлумачыць куратарка выставы. «Таму мы запрашаем наведвальнікаў знайсці адказ на пытанне: ці сапраўды прырода далёкая ад палітыкі?»

Самы беларускі сокал (Сокал-пустальга – Птушка года Беларусі 2010 г., Чырвоная кніга Беларусі.)

У беларускай міфалогіі сімвалізуе справядлівую справу. Гэтая птушка часта селіцца ў будынках з камення і цэглы. Магчыма, яна жыве і ў Пішчалаўскім замку, дзе знаходзіцца следчы ізалятар № 1, вядомы як «Валадарка».

Гэта адзіная турма ў Еўропе, у якой ажыццяўляецца смяротнае пакаранне. Там жа адбываюць несправядлівае пакаранне беларускія палітзняволеныя.

Ля будынку КДБ (Шэрая гусь – Птушка года Беларусі 2009 г.)

У беларускай міфалогіі вырай – цудоўнае месца, куды па «гусінай дарозе» ці «млечным шляхам» падымаюцца душы памерлых, а на зіму адлятаюць птушкі. Таксама «выраем» называецца «клін» птушак. Лічылася, што чалавек, які пабачыў вырай, будзе шчаслівы ўвесь год.

Вясною шэрая гусь вяртаецца з выраю (зімоўкі) праз Беларусь. На жаль, там яна, як і іншыя прадстаўнікі качыных, становяцца ахвярай вясновага палявання. У 2015 годзе шэрая гусь была адмыслова выключана з Чырвонай кнігі пад ціскам паляўнічых, набліжаных да Лукашэнкі, у тым ліку з шэрагу КДБ.

Дарога да дому (Удод – Птушка года Беларусі 2013 г.)

Гэтая чубатая птушка яскравай афарбоўкі, у беларускай міфалогіі лічыцца чужаземцам сярод птушак. Так і беларусы, вымушаныя з’ехаць з Беларусі, адчуваюць сябе чужынцамі ў іншых краінах і прагнуць хутчэйшага вяртання дадому.

Жалезны плот на мяжы з Беларуссю – фізічнае ўвасабленне недасягальнасці роднага краю.

Івэнт «Птушкі па-за палітыкай?» праводзіцца Koura Art Initiative сумесна з Экадом, Беларускай Грамадай РАЗАМ e.V. і Асацыяцыя аховы прыроды Германіі NABU e.V.,  у межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.