Чарнобыльскі шлях 2022. Рэзалюцыя

Зелёная энергетикаНовостиОстровецкая АЭС

Мы, якія сабраліся сёння, 26 красавіка, у 36-ю гадавіну радыяцыйнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у дзень, калі

— шнары аварыі 1986 года яшчэ не зажылі і яшчэ доўгія гады будуць калечыць землі, забруджаныя небяспечнымі тэхнагеннымі радыенуклідамі. Сляды радыёстронцыю і радыёцэзію, трансуранавых элементаў робяць гэтыя землі непрыдатнымі для жыцця як мінімум на бліжэйшыя трыста гадоў, а цалкам знікнуць толькі праз сотні тысяч гадоў;

— мільёны людзей працягваюць жыць на забруджаных Чарнобылем тэрыторыях і пакутуюць ад яго наступстваў. У асабліва цяжкім становішчы апынулася Беларусь, дзе рэжым Лукашэнкі заявіў, што нібыта пераадолеў наступствы аварыі і цяпер працягвае актыўна выкарыстоўваць чарнобыльскія землі, падвяргаючы жыццё і здароўе цяперашніх і будучых пакаленняў беларусаў непрымальным рызыкам;

— урокі Чарнобыля не засвоены, інакш Еўрасаюз не імкнуўся б абвясціць атамную энергію «зялёнай», а Расея не напала б на АЭС ва Украіне, не ўзяла б іх персанал у закладнікі і не пагражала б свету новым Чарнобылем на месцы ранейшага і не праводзіла б у зоне адчужэння беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах і наступствах ваеннай кампаніі, парушаючы не толькі правілы вайны, абвешчаныя Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 г., але і кідаючы выклік ідэям здаровага сэнсу і чалавечнасці;

— рызыкі новай радыяцыйнай катастрофы на захопленай расейскім войскам Запароскай АЭС працягваюць трымаць у напружанні жыхароў еўрапейскіх краін, а бок адказны за гэтыя рызыкі і пагрозы юрыдычна не вызначаны;

— адсутнасць эфектыўнай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці робіць дзеянні Расеі ў дачыненні да АЭС не толькі беспакаранымі, але і стварае небяспечны прэцэдэнт, за якім могуць рушыць услед іншыя;

— Расея пагражае свету прымяненнем ядзернай зброі ў адказ на «непрыязную рыторыку»;

аддаючы даніну памяці ўсім, хто ахвяраваў сваім жыццём і здароўем, каб мінімізаваць наступствы радыяцыйнай катастрофы 1986 года і не дапусціць новай катастрофы ў 2022 годзе ў Чарнобыльскай зоне і на найбуйнейшай у Еўропе АЭС Запарожжа, захопленай Расеяй войскі,

патрабуем ад міжнароднай супольнасці, у прыватнасці ад ААН і МАГАТЭ, адэкватнага адказу на ядзерную пагрозу мінулага і цяперашняга стагоддзяў, а менавіта:

— прызнаць факт неабароненасці атамных электрастанцый перад тварам ваенных і тэрарыстычных пагроз, як і адсутнасць дзейсных механізмаў прадухілення такіх пагроз; а таксама прызнаць ўсе рызыкі спалучаныя з выкарыстаннем ядзерных тэхналогій у мірных мэтах;

— прызнаць суб’екта, які пагражае ядзернай зброяй і ажыццяўляе тэрарыстычныя і ваенныя атакі на АЭС, цалкам адказным за ўсе магчымыя наступствы; абмежаванне або спыненне правоў гэтага суб’екта ў міжнародных арганізацыях;

— прыняць неадкладныя меры па спыненні фінансавых і тэхналагічных патокаў, якія падтрымліваюць ядзерную пагрозу Расеі;

— прыняць неадкладныя меры па ахове атамных электрастанцый ад рызыкі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе даступныя механізмы і інструменты;

звяртаемся да палітыкаў з патрабаваннем прызнання фактаў таго, што:

— ядзерная энергія ўяўляе рызыку для здароўя і бяспекі насельніцтва і стварае глебу для распаўсюджвання ядзернай зброі;

— атамная энергія не можа быць ні кліматычна-сяброўскай, ні «зялёнай», бо пры разліках выкідаў вуглякіслага газу АЭС не ўлічваўся поўны паліўны цыкл, атамныя станцыі ствараюць і выкідваюць тэхнагенныя радыенукліды, некаторыя з якіх застаюцца небяспечнымі на працягу сотняў тысяч гадоў, а праблема адпрацаванага ядзернага паліва пакуль не вырашана нідзе ў свеце.

Чарнобыль не можа быць зялёным, а АЭС не могуць быць бяспечнымі!

Пуцінская ядзерная пагроза можа і павінна быць спынена!

Будучыня належыць бяспечным, экалагічна чыстым і аднаўляльным крыніцам энергіі!

Ядзерная зброя павінна быць забаронена!