Сёння, у 33-я ўгодкі аварыі на ЧАЭС, наступствы якой беларусы будуць адчуваць на сабе яшчэ доўга, мы не праводзім афіцыйна дазволенае ўладамі вулічнае жалобнае шэсце і мітынг памяці ахвяраў Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы, а таксама традыцыйную вулічную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Віну за гэта мы ўскладаем на ўлады, якія ў гэтым годзе пачалі гандляваць канстытуцыйнымі свабодамі грамадзянаў, патрабуючы немалых грошай з удзельнікаў мірных дэманстрацый. Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху не стаў плаціць уладам за права правядзення гэтай вулічнай акцыі — яна ўжо аплачаная жыццямі і здароўем людзей!

Памяць пра Чарнобыль не прадаецца, а пратэст не можа стаць камерцыйным шоу, асноўную выгаду ад якога атрымлівае рэпрэсіўная ўлада!

Але ў гэты дзень мы ўсе адзначаем гэтую дату так, як лічым патрэбным: мы распавядаем пра наступствы чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы і рызыках АЭС пад Астраўцом, робім выставы і кінапаказы, праводзім дыскусіі і шмат што іншае. Усе дзеянні маюць адну простую і зразумелую для нас мэту — спыніць атамны генацыд беларусаў.

Сёння мы не проста аддаем даніну памяці, інфармуем і заяўляем, але па-ранейшаму выстаўляем патрабаванні уладам:

  • спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС як пагрозу нацыянальнаму суверэнітэту, эканамічна і энергетычна небяспечнае, якое нясе непрымальныя рызыкі для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя;
  • правесці кансультацыі пра мэтазгоднасць працягу мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі, якая не адпавядае інтарэсам краіны;
  • распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага бяз’ядзернага развіцця Беларусі;
  • спыніць засваенне чарнобыльскіх зямель і вытворчасць там прадуктаў харчавання;
  • даць жыхарам забруджаных тэрыторый рэальныя альтэрнатывы перасялення;
  • аднавіць дзеянне закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС», прынятага ў 1991 годзе, які забяспечвае лепшую абарону ліквідатараў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС;
  • спыніць палітычную і сацыяльную дэстабілізацыю ў краіне, адмяніўшы новае рэпрэсіўнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (гэта папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і Пастанова Савета Міністраў №49), спыніўшы палітычныя рэпрэсіі;
  • пачаць раўнапраўны і сумленны дыялог з грамадскасцю і стварыць дзейсныя механізмы для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў;
  • забяспечыць свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, забяспечыць правядзенне свабодных і празрыстых выбараў.