Эколагі-экстрэмісты? Экадом прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем

НовостиУчастие общественности

17 кастрычніка найстарэйшую экалагічную арганізацыю Беларусі «Экадом» уключылі ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў з прыпіскай, што арганізацыя «працягвае сваю дзейнасць за мяжой праз сеткавыя рэсурсы», а яе «кіраўнікі, каардынатары і ўдзельнікі» нібыта «ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць».

«Для нас зразумела, што гэта працяг сістэматычных рэпрэсій нелегітымнага рэжыму супраць беларускай грамадзянскай супольнасці ў цэлым і экалагічных актывістаў у прыватнасці, напісалі мы ў сацсетках арганізацыі. Замест таго, каб адказаць на прэтэнзіі эколагаў па сутнасці рэжым абраў шлях эскалацыі».

Нагадаем, Экадом быў заснаваны ў 1996 годзе і і 26 гадоў актыўна працаваў для абароны правоў грамадзян на здаровае навакольнае асяроддзе. Наша арганізацыя дапамагала беларусам і беларускам вырашаць экалагічныя праблемы і праводзіла антыядзерную кампанію. У жніўні 2021 года чыноўнікі зліквідавалі Экадом, а таксама абавязалі нас вярнуць дзяржаве 87 рублёў за судовыя выдаткі. Ператрусы прайшлі ў офісе арганізацыі, у дырэктаркі Марыны Дубінай у рамках арт. 293 і 342 КК РБ (масавыя беспарадкі і арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак) і ў члена савета і сузаснавальніцы Экадома Ірыны Сухій.

Міжнародная супольнасць не пакінула гэтую падзею без увагі. На 7-ай сустрэчы Бакоў Орхускай канвенцыі ў канцы кастрычніка таго ж года, ліквідацыю нашай арганізацыі прызналі выпадкам палітычнага пераследу і прыгнёту НДА. Беларусь заклікалі прыняць крокі па аднаўленні рэгістрацыі Экадома да 1 снежня 2021 года або сутыкнуцца з прыпыненнем асаблівых правоў і прывілеяў па Канвенцыі з 1 лютага 2022 года. На жаль, рэжым не пачуў голас розуму, а праз пяць месяцаў, 18 ліпеня 2022 года, афіцыйны Мінск заявіў, што выходзіць з Орхускай канвенцыі. Яшчэ тры месяцы спатрэбілася на тое, каб КДБ Беларусі прызнаў Экадом «экстрэмісцкім фармаваннем».

На сённяшні дзень у Беларусі 95 арганізацый і фарміраванняў, прызнаных датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці. Так, экстрэмісцкімі фармаваннямі раней прызнавалі СМІ, апазіцыйныя ініцыятывы, фонды, анархічныя рухі, Тэлеграм-чаты. Экадом стаў першай грамадскай арганізацыяй у гэтым спісе. Цікава, што для прыняцця рашэння аб прызнанні арганізацыі «экстрэмісцкім фарміраваннем» не патрабуецца суд, дастаткова рашэння МУС або КДБ. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам за стварэнне, фінансаванне, удзел у экстрэмісцкім фармаванні, а таксама садзейнічанне яго дзейнасці прадугледжана крымінальная адказнасць. Пры гэтым трактоўка такой дзейнасці вельмі шырокая.

Мы адзначаем, што не збіраемся спыняць працу, нягледзячы на ператрусы, затрыманні і палітычна матываваную ліквідацыю. Мы шкадуем, што цяпер у Беларусі «прызнанне» заслуг арганізацый грамадзянскай супольнасці адбываецца такім перакручаным чынам і працягваем працаваць для новай, «зялёнай» Беларусі.

Падтрымаць нас можна падпіскай на сацсеткі (ацэньвайце асабістыя рызыкі, сябры):