☢️ 26 красавіка ў Вільнюсе адкрылася выстава «Зона адчужэньня» з працамі дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыля. У адкрыцці ўзяла ўдзел і Ірына Сухій.

Малюнкі, прадстаўленыя на цяперашняй выставе, рыхтаваліся да іншай выставы, якую ў 1990 годзе зладзілі ў Германіі актывісты, што дапамагалі дзецям Чарнобыля. Гэтыя людзі рабілі сваю працу да 2021 года, калі традыцыйныя паездкі дзяцей у Германію мусілі спыніцца па палітычных абставінах.

Працы, зробленыя больш чым 30 год таму, прадстаўляюць дзіцячае асэнсаваньне атрутнасьці зямлі, паветра і прыроды з нестрыманай экспрэсіяй і па-дзіцячаму вольнай формай. Сярод іх — малюнак тады 11-гадовай Марыны Золатавай, былой галоўнай рэдактаркі Tut.by, а цяпер палітзняволенай (глядзі яго ў шапцы допіса). Побач выстаўлена асэнсаваньне дарослых — здымкі легендарнага фатографа Уладзіміра Сапагова з Чарнобыльскіх шляхоў 90-х.

«Ні ў працах, ні ў здымках няма ніякага аптымістычнага аспекту. Няма надзеі, няма веры. Ёсць крыўда, боль, злосць, патрабаванне справядлівасці. Нам сёння гэтыя пачуцці вельмі знаёмыя — такія знаёмыя, што мы навучыліся іх больш не адчуваць. Мяне гэтая выстава вучыць злавацца з усёй сілы, бесперапынна, са звярыным адчаем. Калі чалавек перапоўнены такой злосцю, ён не мае іншага выйсця як дзейнічаць», — піша ў анатацыі да выставы яе куратарка Паўліна Вітушчанка.

Выстава сьведчыць аб тым, як беларусы выжываюць праз жудасныя рэчы, пакідаючы сьлед нашчадкам — дзіцячыя працы, здымкі дэманстрацыяў — і гэты сьлед кліча жыць наперакор усяму.

Калі вы ў Вільнюсе, абавязкова заходзьце паглядзець выставу!

🏛 Цэнтар беларускай супольнасці і культуры ў Вільні (Vilniaus,20)
🆓 Уваход вольны

#чарнобыльскітыдзень #чернобыльскаянеделя