5 сусветных экапраблем, актуальных для Беларусі ўжо сёння.
Паводле дадзеных праграмы Эўрапейскага звяза EU4Climate, на дадзены момант найбольш уразлівымі з боку экалогіі беларускімі сектарамі з’яўляюцца агракультура, чалавечнае здароўе, водныя рэсурсы, энергія ды лясныя экасістэмы. Інфаслужба па рашэнні экалагічных праблем «Зялёны тэлефон» падрыхтавала топ актуальных пытанняў для Беларусі і па-за межамі краіны ды распавяла пра спосабы іх вырашэння.
Забруджванне водных экасістэм і негатыўны ўплыў зменаў клімата на водныя рэсурсы
На тэрыторыі Беларусі прамысловыя сцёкавыя воды пераважна ачышчаюцца разам з камунальнымі сцёкавымі водамі без дастатковай папярэдняй ачысткі на прадпрыемствах. У дадатак, шматлікія гарадскія ачышчальныя збудаванні перагружаны і не маюць тэхнічных сродкаў для пазбаўлення ад таксічных забруджвальных рэчываў. Гэтае забруджванне, асабліва нітраты з сельскай гаспадаркі, негатыўна ўплывае на якасць вады ў неглыбокіх калодзежах у сельскай мясцовасці, што сказваецца на здароўі людзей. Таксама акцэнт у кіраванні воднымі рэсурсамі недастаткова засяроджаны на прафілактыцы крыніцаў вады ды не факусуецца на стымуляванні ўжывання больш чыстых тэхналогій на прадпрыемствах. Пры змене клімата, нягледзячы на вялікі аб’ём вады ў Беларусі, яе якасць можа пагоршыцца: узрослыя ў памерах паводкі будуць забіраць з сабой у ваду пестыцыды і гербіцыды з палёў і агародаў, а таксама змесціва прыбіральняў. Акрамя гэтага, зменяцца сцёкавыя сістэмы, з’явяцца экстрэмальныя дажджы.
Што рабіць, калі вы сталі сведкай забруджвання вады? Варта напісаць пісьмовы зварот (праз платформу обращения.бел ці даслаўшы фізічны ліст праз аддзяленне пошты) у мясцовыя органы эпідэміялагічнага і санітарнага нагляду (санстанцыю), раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя», — каментуе «Зялёны тэлефон».
Звярніцеся з наступнай просьбай:
- правесці праверку вадаёма на наяўнасць забруджвання,
- зрабіць аналіз вады,
- скласці акт,
- прадаставіць копію акта з адказам.
Да звароту можна прымацаваць фота забруджвання.
Утылізацыя смецця
Разам з прыкметным ростам прамысловай вытворчасці, утварэнне прамысловых адходаў працягвае павялічвацца. Нягледзячы на тое, што кіраванне прамысловымі адкідамі нядрэнна арганізавана на ўзроўні ўтварэння і аднаўлення, метады ўтылізацыі адстаюць ад міжнароднай практыкі, асабліва ў месцах захоўвання адкідаў, якія ўтвараліся ў вялікіх аб’ёмах у мінулым. З паступовым павелічэннем смецця патрабуецца распрацоўка спісу гарачых кропак палігонаў (месцы, якія патрабуюць тэрміновага выратавання, дзе экасістэма забруджана ў вялікай ступені) прамысловых адкідаўі іх рэабілітацыя, што паўплывае на якасць вады і паветра. Таксама будзе карысным стымуляваць прадпрыемствы па перанакіраванні вытворчасці на малаадкідныя тэхналогіі, развіццё паўторнага выкарыстання і перапрацоўкі адкідаў, узмацніць кантроль за небяспечнымі ды медыцынскімі адкідаміі палепшыць умовы палігонаў.
Забруджванне паветра
Большасць выкідаў у атмасферу з тэрыторыі Беларусі здзяйсняецца праз дарожны транспарт, прамысловую і агракультурную дзейнасць. З цягам часу ў Беларусі значна павялічваецца памер выкідаў аммонія, цяжкіх металаў, меркурыя, кадмію ды свінца (напрыклад, колькасць выкідаў гэтых рэчываў павысіліся на 30-50% з 2005 па 2012 год). Энергетычны і агракультурны сектары з’яўляюцца найбольш адказнымі за забруджанне паветра парніковымі газамі і патэнцыяльныя наступствы ад змены клімата. Таксама моцна ўплываюць на якасць паветра выкіды хімічных таксінаў з прадпрыемстваў.
Куды звярнуцца, каб праверыць якасць паветра? Гэта можна зрабіць у Цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі (ЦГЭ) на выбар:
- гарадскі (напрыклад, Мінскі),
- раённы,
- рэспубліканскі.
Працэдура платная, варта азнаёміцца з прэйскурантам на платныя санітарна-эпідэміялагічныя паслугі. Дарэчы, сачыць за індэксам чысціні паветра ў рэальным часе можна на спецыяльнай мапе.
Скарачэнне біяразнастайнасці
Змены клімату выклікаюць скарачэнне біяразнастайнасці праз памяншэнне папуляцый пэўных відаў раслін, жывёл ды асяроддзя іх пражывання. Таксама магчыма з’яўленне жорсткай межвідавой канкурэнцыі з-за перасялення відаў жывёл, у прыватнасці птушак паўднёвага паходжання, якія могуць выціснуць беларускія віды фаўны. На біяразнастайнасць таксама ўплываюць антрапагенныя (г.зн. створаныя чалавекам) фактары, такія як забруджанне экалагічных сістэм, дэградацыя асяроддзя пражывання ў выніку ўрбанізацыі і развіцця транспартных і камунікацыйных сістэм, пашкоджанне гідралагічных рэжымаў праз арашэнне ды асушэнне, лясныя пажары, радыёактыўнае забруджванне ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, актыўнае землекарыстанне ды турызм.
Негатыўны ўплыў зменаў клімата на лясныя экасістэмы
Асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць пашкоджанне і знішчэнне лясоў у Беларусі, з’яўляюцца масавае размнажэнне насякомых-шкоднікаў лесу, хваробы дрэў, ураганы і пажары. Да таго ж, змена клімата ў краіне, дзе сорак адсоткаў тэрыторыі пакрыта лясамі, можа стаць падставай для павышэння тэмпературы і зменаў функцый экасістэм, якія сапсуюць склад лясоў і некаторыя пароды дрэў, напрыклад, елку. Засуха і павышэнне тэмпературы могуць зрабіць лясы больш уразлівымі да кліматычных пагроз, такіх як усплёскі хвароб і лясныя пажары.
Асноўнай прычынай ўзгаранняў у лясах традыцыйна з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, то-бок чалавечы фактар, — кажуць спецыялісты. — У сваім алгарытме мы тлумачым правілы развядзення вогнішчаў.
Засталіся пытанні? Звярніцеся ў «Зялёны тэлефон» па кансультацыю.