Не праспаць дзеянні ўладаў, альбо Чаму важны актывізм на месцах?

Новости

Грамадская аб’яднанне «Экадом» – адно са старэйшых у экалагічнай галіне, што займаецца абаронай правоў грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Акрамя непасрэднай камунікацыі з дзяржаўнымі органамі і экспертамі ў спрэчных пытаннях, працай над нарматыўна-прававой базай, актывісты падтрымліваюць мясцовыя супольнасці ў барацьбе за навакольнае асяроддзе.

Адну з нефармальных сустрэч з мясцовымі актывістамі прадстаўнікі Экадома правялі ў Мазыры, дзе сёлета ўдалося дамагчыся адмены планаў мясцовых уладаў на арэнду 91 кіламетра ракі Прыпяць. Гэта стала магчыма дзякуючы сваечасовай рэакцыі гараджан і актывістаў, што разгарнулі цэлую кампанію супраць арэнды ракі, апілюючы ўшчымленнем правоў і інтарэсаў людзей, магчымымі экалагічнымі наступствамі такога рашэння.

Пра тое, наколькі важна хуткая рэакцыя людзей на тую ці іншую праблему ведае Павел Наздра, актывіст і ўдзельнік грамадскага руху «Зялёны дазор». У пыклад ён прыводзіць адзін з апошніх выпадкаў, калі да яго звярнуліся жыхары аднаго з мікрараёнаў горада, пад вокнамі якіх знаходзіцца гандлёвы цэнтр. Людзі даведаліся пра планы рэканструяваць цэнтр з узвядзеннем ля яго мыйкі для аўтамабіляў адкрытага тыпу літаральна перад самымі грамадскімі абмеркаваннямі.

«Літаральна за два дні атрымалася сабраць 150 «жывых» подпісаў і 2000 анлайн. Гараджане выступалі выключна супраць аўтамыйкі, мяркуючы што гэта прывядзе да пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў раёне. Але яны не заміналі рэканструкцыі гандлёвага цэнтра. Выканкам пайшоў насустрач гараджанам і мыйку не пабудавалі», – дзеліцца Павел.

Такім чынам, зазначае актывіст, гэта была самая кароткая кампанія з яго досведу – на вырашэнне праблемы пайшло 4 дні.

«На сайце выканкамі існуе спецыяльны раздзел, дзе выстаўляюць інфармацыю пра планы забудовы і  іншае. Людзі павінны цікавіцца, разбірацца што няся за сабой праект, выказваць сваё незадавальненне, збіраць подпісы», – падкрэслівае ён.

Прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях – вельмі важна, сцвярджаюць экадомаўцы і вопытныя актывісты. Гэта магчымасць не толькі выказацца і прагаласаваць «за» ці «супраць» праекту, але і стварыць народны рэзананс. Гэта інструмент, якім трэба ўмела карыстацца.

У цэлым жа, грамадскія абмеркаванні маюць тры формы:

  • абмеркаванне архітэктурна-будаўнічай дзейнасці;
  • канкрэтнай дзейнасці – будаўніцтва завода, прадпрыемтсва і г.д. – у гэтым выпадку абмяркоўваецца спецыяльна распрацаваны дакумент Ацэнка ўдзеяння на навакольнае асяроддзе канкрэтна плануемага аб’екта;
  • выдаленне аб’ектаў расліннага света, што абмяркоўваецца ў рэдкіх выпадках.

«Заканадаўства трактуе грамадскія абмеркаванні як працэдуру. Напрацягу 30 дзён, што яна праходзіць, людзям трэба паспець азнаёміцца з праектам і падаць свае заўвагі і прапановы», – удакладняе Марына Дубіна, дырэктарка «Экадома» .

Аб’явы пра правядзенне абмеркаванняў размяшчаюцца на сайтах выканкамаў і ў мясцовай газеце. Праблема ў тым, што мала хто з гараджан разглядае гэтыя рэсурсы як крыніцы інфармацыі. Таму нярэдкі выпадкі, калі на абмеркаванні ніхто з гараджан не прыходзіць і не падае заўваг. Аднак яны лічацца праведзенымі.

«Выканкаму дастаткова выканаць працэдуру згодна заканадаўству. А збіраць людзей на абмеркаванні ў іх абавязкаў няма», – кажа Марына.

Відавочна, што пытанне мусіць вырашацца зменамі механізмаў: аб’явы пра грамадскія абмеркаванні павінны быць больш эфектыўнымі, заўважнымі, людзі павінны цікавіцца тым, што адбываецца, улады, бізнэс павінны навучыцца камунікаваць з гараджанамі, жыхары павінны навучыцца чуць улады і сваіх суседзяў.

«Вядома, існуюць палітычныя праекты і рашэнні па ім, як напрыклад, будаўніцтва БелАЭС, Кранаспан. Вырашыць пытанне мэтазгоднасці, бяспекі іх будаўніцтва не здольна абурэнне ўсіх беларусаў», – зазначае Марына.

У такіх выпадках, раяць актывісты, трэба ацэньваць рэальны маштаб і ісці ў нейкім сэнсе на саступкі – дабівацца не адмены, а каб аб’ект адпавядаў экалагічным, тэхнічным патрабаванням бяспекі.

«У гісторыі з Кранаспанам мясцовым жыхарам удалося дабіцца ўзвядзенне экрана і ачышчальных збудаванняў. Прадпраемства не абавязана было рабіць гэта. Але людзі змаглі дамовіцца», – прыводзіць прыклад дырэктарка аб’яднання.

Для тых жа, хто не ведае з чаго пачаць, можна перш на перш звярнуцца на гарачую лінію »Зялёны тэлефон», дзе дакладна падкажуць як правільна дзейнічаць і дапамогуць скласці зварот.

Хрысціна Чарняўская, Зялёны Партал