Што рабіць з навагодняй ялінкай?

ГлавнаяНовости

Пасля старога Новага года нават самыя ўпартыя аматары каляднага настрою пачынаюць думаць, што рабіць з ялінкай. Як найлепш пазбавіцца ад дрэўца?

Калі калядная ялінка прастаяла ўдома ад двух тыдняў да месяца, значыць, яна ўжо цалкам гатовая да далейшай трансфармацыі. Ці пройдзе гэта з карысцю для наваколля, залежыць ад таго, на якую сметніцу вы аднесяце ялінку, піша Belsat.

Першы этап – падрыхтаваць ялінку. З дрэўца трэба зняць аздобы і пакінуць у першапачатковым выглядзе. Ніякай вяроўкі, скотчу ці пакета заставацца не мусіць.

«У Беларусі даволі нізкая тэмпература, і можна з той самай ялінкі зрабіць ахову для дрэваў, проста пакласці лапкі, зрабіць мульчу, каб іх неяк абараніць ад маразоў, і гэта дапаможа як у дварах, так і на лецішчах», – кажа ўдзельнік «Зялёнай сеткі» Аляксей Аўчыннікаў.

Другі варыянт – перапрацаваць, дадае эксперт. Калі вы проста вынесеце ялінку на сметнік, яе забяруць на палігон для побытавых адкідаў. Там дрэўца павялічыць колькасць смецця і адпаведна аб’ём выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Сапраўднае перапрацоўванне ялінак прапануе сталічная кампанія «Remondis».

«Сабраныя дрэвы адправяць на ўчастак для перапрацоўвання раслінных адкідаў, дзе елкі будуць перапрацаваныя ў паліўную дранку і арганічны кампост. У далейшым магчымае выкарыстанне яловай дранкі ў ландшафтным дызайне, у складзе ўгнаенняў, як альтэрнатыўнае паліва для кацельняў і гэтак далей», – заяўляюць у кампаніі «Remondis».

Але ёсць нюанс: «Remondis» абслугоўвае толькі тры раёны ў Менску: Маскоўскі, Кастрычніцкі і Фрунзенскі. Ялінку трэба прывезці на пляцоўкі для буйнагабарытнага смецця. Лакацыі пазначаныя на сайце. Наступны збор – 22-га студзеня.

ялінка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя ялінка.
Фота: Drazen Zigic / Freepik.com

«Лепей, калі вы выкарыстоўваеце натуральную ялінку, гэта проста яе рассячы і аддаць тым, у каго ёсць лецішчы, каб яны іх выкарыстоўвалі ў сваёй гаспадарцы. Таксама я ведаю, што ў некаторых краінах заапаркі збіраюць ялінкі і аддаюць іх потым на корм жывёлінам. То бок можна запытаць у заапарку ці тых, хто мае нейкую жывёліну», – кажа ўдзельнік «Зялёнай сеткі» Аляксей Аўчыннікаў.

Мы пазванілі ў сталічны заапарк ад імя жыхара Менску і даведаліся, што там больш не прымаюць дрэваў ад насельніцтва: «У нас пасля продажу навагодніх ялінак фірмы, якія займаліся продажам, прывезлі ялінку. Ну, неяк у нас не склалася з насельніцтвам: ялінка ж ужо сухая – навошта нам сухая ялінка. Мы ж яе на корм бяром».

Калі вы набывалі калядную ялінку ў кадцы, то сталічныя камунальнікі гатовыя забраць яе і высадзіць на вуліцах гораду. Прымаюць ялінкі ў кадках у Маскоўскім раёне сталіцы.

Калі вы набывалі штучнае дрэўца, пажадана яго выкарыстоўваць не менш за дзесяцігоддзе. Калі надакучыць – аддаць у іншую сям’ю.

«Такое дрэва вельмі складана перарабіць, плюсам там фарбавальнікі розныя, плюсам – шмат розных відаў пластыку. Карацей, гэта вельмі неэкалагічная альтэрнатыва, асабліва, калі купляць ялінку нізкай якасці. Яно ўсё ідзе на палігон і пасля трапляе ў глебу», – кажа менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

Каб не хвалявацца, правільна вы ўтылізавалі калядную ялінку ці ўсё ж нанеслі шкоду навакольнаму асяроддзю, проста не набывайце жывых або штучных дрэваў. Упрыгожвайце тое, што расце побач з вамі ў зямлі. Яно дакладна будзе штодзень радаваць сваёй прыгажосцю.

Крыніца: Belsat