Сёння паўсядзённасць, якая нашмат складаецца з негатыўных навін і пачуцця агульнай нявызначанасці, не можа не ўплываць на наш унутраны свет. Каб даць рады псіхалагічным праблемам, шмат хто звяртаецца да спецыялістаў. Але ці ведалі вы, што ўзаемадзеянне з прыродай таксама можа палепшыць нашае ментальнае здароўе?
Павелічэнне ўзроўня трывогі і колькасці дэпрэсіўных станаў у насельніцтва прымусілі навукоўцаў шчыльней даследаваць узаемасувязь паміж нашым ментальным станам і асяроддзем, у якім мы праводзім вольны час. Вынікам гэтых даследванняў стала выснова, што баўленне часу на прыродзе дапамагае пры такіх праблемах псіхічнага здароўя, як трывога і дэпрэсія.
Даследаванні экатэрапіі — псіхалагічнага кірунка, які засяроджваецца на тэрапіі з дапамогай прыроды — паказалі, што яна можа дапамагчы пры лёгкай і ўмеранай дэпрэсіі. Падобны эфект дасягаецца праз спалучэнне рэгулярнай фізічнай актыўнасці са знаходжаннем на свежым паветры. Бавіць час звонку пад сонечным святлом можа быць карысным, і калі чалавек пакутуе ад сезоннага афектыўнага разладу — тыпу дэпрэсіі, які ўплывае на людзей у пэўны час або сезон года.
Навукоўцы прыйшлі да высновы, што праведзены на прыродзе час, сыграў важную ролю ў паляпшэнні псіхалагічнага стану гарадскіх жыхароў на пачатку пандэміі, калі шмат людзей апынуліся схільнымі да стрэсу і дэпрэсіі праз сацыяльную ізаляванасць. Падчас сацыялагічнага апытання ў Велікабрытаніі каля паловы рэспандэнтаў паведамілі, што менавіта шпацыры ў парках і іншых зялёных зонах больш за ўсё дапамаглі ім справіцца з псіхалагічнымі наступствамі лакдаўнаў.
Мы таксама лічым, што праведзены на прыродзе час можа стаць эфектыўным дапаможнікам у барацьбе са стрэсам і іншымі псіхалагічнымі праблемамі. Таму Экадом вырашыў скласці спіс актыўнасцей, да якіх ты можаш звярнуцца, калі адчуеш, што вывозіць цяжар штодзённых выклікаў становіцца ўсё складаней.

Варыянт 1: разгрузіся падчас шпацыра па экасцяжыне
Няшмат хто ведае, што на тэрыторыі Беларусі ёсць больш за 70 актыўных экасцежак, якія праходзяць па неверагодна прыгожых мясцінах. Выбарка краявідаў таксама разнастайная: можна паехаць на балоты, прайсціся ўздоўж берагоў рэк ці, калі ёсць сілы і жаданне, сплавіцца па самой рацэ (ёсць варыянты нават узімку!), а таксама наведаць запаведныя лясы ці турыстычныя аб’екты. Экалагічная ініцыятыва “Багна” скалала гід з апісаннем самых папулярных экамаршрутаў, каб аматарам такога адпачынку было з чаго абіраць. Калі ты не супраць умеранай фізічнай актыўнасці, раім запланаваць такую паездку на выходныя.
Варыянт 2: паназірай за птушкамі
Калі доўгія шпацыры вам не даспадобы, прапаноўваем заняцца бёрдвочынгам (з ангельскай мовы тэрмін перакладаецца як “назіранне за птушкамі”). Медытатыўнае хобі арнітолагаў-аматараў ўжо даўно ўваходзіць у спісы самых папулярных актыўнасцяў на свежым паветры. За птушкамі можна назіраць як у парку непадалёк ад дома, так і ў лесе падалей ад чалавечых паселішчаў. Займацца бёрдвочынгам можна без спецыяльнага абсталявання, але калі ў вас ёсць магчымасць прыхапіць бінокль ці добрую камеру, працэс можа стаць значна цікавейшым. Да таго ж за птушкамі бёрдвочары не толькі назіраюць, але яшчэ і слухаюць іх: некаторыя віды можна знайсці па іх адметных песнях.
У Беларусі існуе свая суполка назіральнікаў за птушкамі: паглядзець на іх знаходкі ці знайсці сабе кампанію аднадумцаў можна ў Ціў-ціў чаце ў Тэлеграме. Там жа можна запытацца, ці ёсць бёрдвочары ў дыяспары іншых краін. А калі лёс вас занясе ў Тбілісі, ведай, што там ладзяцца птушыныя шпацыры, падчас якіх можна паназіраць за птушкамі ў кампаніі беларускай арніталагіні.
Варыянт 3: дапамажы дзікім жывёлам
Яшчэ адзін варыянт для тых, каму патрэбны кантакт з прыродай — экскурсія ў цэнтр дапамогі дзікім жывёлам. Паназіраць за птушкамі і звярамі можна не толькі ў заапарках, дзе ўмовы іх утрымання нярэдка выклікаюць пытанні, але і ў адмысловых цэнтрах, якія дапамагаюць рэабілітавацца траўмаваным жывёлам ці ўтрымліваюць у набліжаных да дзікай прыроды ўмовах тых, хто праз траўму ўжо не можа вярнуцца ў сваё звычайнае асяроддзе.
“Сірын” — беларускі цэнтр дапамогі дзікім жывёлам, часам ладзіць спецыяльныя экскурсіі, падчас якіх супрацоўнікі распавядаюць пра сваіх гадаванцаў. Замовіўшы такую экскурсію, ты не толькі атрымаеш асалоду ад назірання за жывёламі, але і зможаш фінансава падтрымаць цэнтр, які робіць такую важную справу. Дарэчы, тут сплятаюцца нават два фактары, якія станоўча ўплываюць на ментальнае здароўе: прырода і дабрачыннасць. Напішы цэнтру, каб пацікавіцца мажлівасцямі.
Варыянт 4: вырашы лакальную экапраблему
Даказана, што вырашэнне невялікіх праблем вяртае нам адчуванне кантролю і павышае самаацэнку ды ўпэўненасць у сабе. Паспрабуй сумясціць гэта з выхадам на свежае паветра і пасадзіць дрэва побач з домам ці прыбраць смецце ў парку. Калі ж вам патрэбна дапамога, каб справіцца з вашай экапраблемай, раім тэлефанаваць на лінію па вырашэнні экалагічных праблем “Зялёны тэлефон”. Спецыялісты пракансультуюць і падтрымаюць вашую ініцыятыву, а ты атрымаеш псіхалагічнае задавальненне не толькі ад актыўнасці на свежым паветры, але і ад таго, што зрабілі карысную справу для грамадства і навакольнага асяроддзя.
Варыянт 5: збяры смецце падчас прабежкі
Аматарам бега раім звярнуць увагу на магчымасць не толькі правесці час на прыродзе, але і паспрыяць вырашэнню пытання з забруджваннем тэрыторый. Размова пра плогінг — так называюць набіраючы папулярнасць экарух, сутнасць якога — збор смецця падчас бегу. Ідэя спалучыць бег з уборкай прыйшла да розуму шведскаму актывісту Эрыку Альстрэму, бо яго непакоіла вялікая колькасць смецця на вуліцах роднага горада. У назве скрыжаваліся словы «plocka upp» (са шведскай — «забіраць»), і «jogging» («бег трушком» з ангельскай).
У Беларусі аматараў плогінгу хапае, забегі ладзяцца часта і даволі масава, таму зацікаўленым будзе вельмі проста далучыцца да гэтай карыснай ініцыятывы. За навінамі ад беларускіх аматараў плогінгу можна сачыць у інстаграме і на фэйсбуку. Але распачаць эказабегі можна і самастойна: непрыбранага смецця хапае ў любой зялёнай паласе ў межах гарадоў.
Як бачыш, варыянтаў карысна правесці час на свежым паветры хапае на любы густ і лад жыцця, таму, калі ў наступны раз жыццё возьме вас у палон дэпрэсіўных думак і стрэсу, паспрабуй адну з актыўнасцяў з нашага спіса.