27 лютага у судзе Маскоўскага раёна Брэста прайшло першае паседжанне ў межах справы супраць ААА “АйПаўэр”. Група грамадзянаў разам з грамадскім аб’яднаннем «Экадом» патрабуюць, каб будаўніцтва акумулятранага завода было спынена да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе. “АйПаўэр” і райвыканкам не пагаджаюцца з выстаўленымі патрабаваннямі.
Спецыяліст у галіне экалагічнага права і юрыст ГА “Экадом” Сяргей Магонаў лічыць, што ў яго арганізацыі высокія шанцы на перамогу і адзначае, что калі б “Айпаўэр” хоць крыху турбаваўся пра ўласную рэпутацыю, дык яны б першыя прапанавалі правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне і прадставілі належным чынам аформленыя і аўтарытэтныя дакументы, што пацвярджаюць адсутнасць шкоднага ўплыву планаванай вытворчасці.
“Мы патрабуем перадусім забеспячэння належнай рэалізацыі права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значнага рашэння. Яно было парушана блытанінай з тэрмінамі грамадскіх слуханняў, дапрацоўкай і значнай зменай зместу справаздачы пра АУНА, якая ў новай рэдакцыі не была даступная грамадскасці. Правядзіце абмеркаванне належным чынам, дайце магчымасць правесці грамадскую экалагічную экспертызу, пачуйце людей – вось асноўныя патрабаванні, кажучы па-чалавечы. А потым ужо з улікам розных меркаванняў варта прымаць рашэнне – трэба такая вытворчасць зараз і тут, альбо не. Належны ўдзел грамадскасці ў прыняцці рашэнняў – гэта вымогі як нацыянальнага заканадаўства, гэтак і міжнародных абавязацельстваў Беларусі. І судовая абарона гэтага права – адзін з яго складнікаў.”
Супраць будаўніцтва заводу актыўна выступаюць не толькі эколагі, але і шэраговыя грамадзяне, якія не займаюцца пытаннямі абароны навакольнага асяроддзя прафесійна, але якім не ўсё адно, чым будуць дыхаць і якую ваду будуць піць яны самі і іх родныя. Ці можа грамадская актыўнасць мясцовых жыхарак і жыхароў паўплываць на вынік судовага працэсу? На думку юрыста ГА “Экадом”, гэтая актыўнасць як мінімум прыцягвае ўвагу яшчэ больш шырокай грамадскасці да працэсу, таму ёсць спадзевы, што справа “будзе разгледжана максімальна справядліва, наколькі гэта можа дазволіць сабе суд”.
Асобна Сяргей Магонаў адзначае, што факты пераследу актывістаў, што дзейнічаюць супраць будаўніцтва заводу, не могуць застацца без увагі.
“Фактычна, гэта пераслед людзей, што рэалізуюць свае правы на прыняцце экалагічна значных рашэнняў, якое гарантуецца Орхусскай канвенцыяй. Канвенцыя забараняе дзяржаве пераследаваць прадстаўнікоў грамадскасці на гэтай падставе, і Камітэт па выкананню будзе неадкладна паінфармаваны пра прыкрыя факты ў Брэсце.”
Нагадаем, у студзені пракуратура папярэдзіла, што любыя зборы для абмеркавання сітуацыі з будаўніцтвам завода будуць расцэньвацца як несанкцыяваныя масавыя мерапрыемствы, і за арганізацыю і ўдзел у іх людзі будуць карацца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Праваабаронца Раман Кісляк тады выступіў супраць такіх дзеянняў пракуратуры і адзначыў, што людзі маюць права сустракаца з журналістамі, даваць інтэрв’ю (у тым ліку і блогерам) і распаўсюджваць інфармацыю.
“На эти способы выражения мнения, распространения информации не требуется разрешения, не требуется уведомления властей”, — сказаў Раман.
Наступнае паседжанне па ўжо пачатым судовым працэсе супраць ААА “Айпаўэр” адбудзецца 21 сакавіка.
Па словах Рамана Кісляка, зараз рыхтуюцца і іншыя прававыя цяжбы.
Наста Захаревич, Зялёны Партал