Забраць нельга пакінуць: што рабіць, калі знайшоў птушаня на зямлі?

слёток злётак птицы птенцы Экодом Зелёный телефон

Пабачылі птушаня – не спяшайцеся забіраць дадому і “ратаваць” яго, бо хутчэй за ўсё, гэта злётак. Або, калі па-просту, падлетак птушкі, які як раз вучыцца лятаць і жыць самастойна пад наглядам бацькоў. Арнітолагі падкрэсліваюць: гэта абсалютна нармальная прыродная з’ява. 

Як зразумець, што перад вамі злётак?

Звычайна такія птушкі выглядаюць быццам бы «неакуратна»: іх цела часткова пакрыта пухам, махавые і рулявыя пёры могуць быць яшчэ ў трубачках. У вераб’іных птушак па краях дзюбы вы можаце заўважыць жоўтыя валікі — яны існуюць, каб бацькі не прамахнуліся і даставілі корм прама ў рот злётка ў згодзе з усімі закладзенымі эвалюцыяй прынцыпамі.

«Дапамагчы» птушаняці або пакінуць на зямлі?

Арнітолагі кожны год папярэджваюць людзей па ўсім свеце: не забірайце дадому злёткаў, вы дакладна не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў. А вось рызыка загубіць птушаня праз няправільны догляд вельмі высокая.

Упс… а мы ўжо забралі.

Калі вы ўжо забралі птушаня, спецыялісты рэкамендуюць як мага хутчэй вярнуць злётка на тое ж месца, дзе вы яго падабралі.

У выпадку, калі гэтае месца небяспечнае (напрыклад, побач ажыўленая сцяжына, дарога, пляцоўка для выгулу сабак ці дзіцячая пляцоўка), то лепш акуратна перанесці птушаня да кустоў ці да дрэў паблізу, падсадзіць на галінку ці падкінуць на казырок пад’езда ці дах гаража, каб па вашым паху яго не адшукалі сабакі і каты. Не хвалюйцеся, бацькі яго там знойдуць — яны пільна, але часцяком незаўважна позірку двуногіх «выратавальнікаў» сочаць за сваімі птушанятамі і дакормліваюць іх.

слёток злётак птицы птенцы Экодом Зелёный телефон

То бок, бацькі працягваюць клапаціцца пра птушанят, калі яны на зямлі?

Так. І на здзіўленне некаторых, самыя заўзятыя абаронцы сваіх птушанят — шэрыя вароны. Чулі, як у канцы траўня і пачатку чэрвеня людзі часта скардзяцца, што вароны чагосьці раскаркаліся ці нават нападаюць на мінакоў? Прычына простая: так вароны адпужваюць людзей ад гнездавых участкаў, абараняючы сваіх дзяцей. Хутчэй за ўсё, недзе там у траве сядзіць іх злётак. Трэба проста перачакаць гэты перыяд (звычайна 3-4 дні). За гэты час птушаня навучыцца лётаць, і тады вароны пакінуць ваш двор. Больш за тое, можна павесіць улётку для іншых людзей: «Асцярожна, шэрыя вароны абараняюць птушанят, абыходзьце пакуль гэтае месца».

Баяцца варон, вядома, не варта: сур’ёзна яны людзей не параняць, хіба што могуць падрапаць. Абараніцца ад трывожных бацькоў можна проста надзеўшы капюшон або раскрыўшы над галавою парасон. Памятайце пра гэтыя меры засцярогі, калі вам трэба будзе аднесці злётка вароны далей ад дарогі, бліжэй да дрэў. Таксама птушак ​​можна адпудзіць крыкам.

слёток злётак птицы птенцы Экодом Зелёный телефон

А бываюць выпадкі, калі птушанятам усё ж патрэбна дапамога?

Так, калі гэта птушаня галуба або свіргуля (стрижа), калі птушаня відавочна траўміравана ці яшчэ цалкам у пуху, то лепш звярнуцца па дапамогу да валанцёраў ці ветэрынараў-арнітолагаў. Карысную параду ў такіх выпадках вам дадуць у Telegram-чаце «Ціў-ціў» – там стасуюцца бёрдвотчары, аматары назіранняў за птушкамі з усёй Беларусі.

Па бясплатную кансультацыю таксама можна звярнуцца ў інфаслужбу «Зялёны тэлефон» па нумары +375 29 1702670, у Viber і Telegram па тым жа нумары або  ў Інстаграме. Смела пішыце туды са сваімі пытаннямі.

Падсумаваць напісанае вышэй можна такой памяткай:слёток злётак птицы птенцы Экодом Зелёный телефон

Добавить в социальные сети:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Facebook
  • Twitter
  • Одноклассники