Станцыю «Мінск-Сартавальны» хочуць перанесці пад бок жыхарам элітных жыллёвых комплексаў, размешчаных недалёка ад сталіцы.
Пра гэта Еўрарадыё пагаманіла з эксперткай інфаслужбы па рашэнні экапраблемаў «Зялёны тэлефон«.
«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» падзялілася з Еўрарадыё дакументам, у якім распісаныя планы і апетыты расійскай чыгункі, якая хоча паўдзельнічаць у гэтым праекце. У прэзентацыі праекта расказваецца пра выгады ад удзелу Расіі ў пераносе станцыі «Мінск-Сартавальны» за межы горада.
На вызваленым месцы плануецца пабудаваць раён, «аналагічны Масква-Сіці». А куды падзець само «Сартаванне»? У «Супольнасці чыгуначнікаў» вывучылі план і кажуць, што станцыю плануюць вынесці за межы горада ў раён Калодзішчаў.
Вось толькі… зусім побач ужо пабудаваны элітны цэнтр «Зялёная гавань». І многія жыхары не ведаюць пра тое, што ім могуць арганізаваць кругласутачны перастук колаў пад вокнамі.
Навошта выносіць «Мінск-Сартавальны» за горад?
«Мінск-Сартавальны» сапраўды даўно планавалі вынесці за межы горада. Гэта прапісвалася яшчэ ў генплане Мінска ў 2016 годзе. Праз тое, што станцыя знаходзілася ў межах горада, жыхары суседніх дамоў пастаянна скардзіліся на шум і не маглі нармальна спаць.
А гэтым летам спаць перасталі і жыхары Калодзішчаў. У ліпені завяршылася грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта «Зялёны бор», і мясцовыя даведаліся, што калі «Сартавальны» нарэшце і прыбяруць з цэнтра горада, то перасунуць бліжэй да іх дамоў. Пра гэта пісалі «Мінск-Навіны».
«Зялёны бор» — велізарны жылы комплекс, які будуюць за МКАДам. Ён разлічаны на 105 тысяч жыхароў — гэта насельніцтва буйнога беларускага райцэнтра. А побач знаходзіцца яшчэ адзін жылы комплекс — «Зялёная гавань». Гэта элітная забудова з гольф-палямі і, галоўнае, цішынёй і чыстым паветрам. І тут — «Мінск-Сартавальны».
Аргументы тых, хто летам выступіў супраць праекта «Зялёнага бору», які ўключае і будаўніцтва новага «Сартавальнага», чыноўнікі палічылі марнымі. Жыхарам Калодзішчаў заставалася суцяшаць сябе толькі тым, што станцыю пабудуюць не ў найбліжэйшыя гады.
Паводле грубай ацэнкі, на вынас «Мінска-Сартавальнага» трэба 220 млн долараў. Ні ў горада, ні ў Беларускай чыгункі на гэта няма грошай. І раптам… яны знайшліся ва ўсходняга суседа.
З дакументаў, якія Еўрарадыё перадала «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», вынікае, што расіяне правялі перамовы з буйным расійскім банкам, і той зацікавіўся праектам. Таксама прадстаўніцтва РЧ у Беларусі і дэпартамент замежных праектаў і міжнароднага супрацоўніцтва РЧ ужо нават абмеркавалі з буйным беларускім дэвелаперам нерухомасці, што можна пабудаваць на вызваленых ад станцыі землях — і той таксама выказаў зацікаўленасць.
“У нас няма інфармацыі пра такія рашэнні ўладаў”
У чаце Калодзішчаў — перапалох. Чуткі, што побач могуць пабудаваць сартавальную станцыю, нікому не падабаюцца. У «Зялёнай гавані» пакуль не ў курсе планаў расіян у пераносе да іх пад бок самага шумнага аб’екта Мінска. Ідэя квартала — горад на прыродзе. Вакол — лес і гольф — палі чэмпіёнскага класу. І так, ніякага шуму.
Пад выглядам зацікаўленага ў куплі таўнхаўса кліента карэспандэнтка Еўрарадыё звязалася з кансультанткай праз форму зваротнай сувязі на сайце.
У нас няма інфармацыі пра такія рашэнні ўладаў, але я ўдакладню ў кіраўніцтва», — напісала ёй здзіўленая кансультантка.
Так, такія аб’екты лепш выносіць за гарады, кажа менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.
— Такія прадпрыемствы ў гарадской мяжы існаваць не мусяць. Гэта не толькі шумавое, але і іншыя віды забруджання. Да таго ж такія прадпрыемствы трэба пашыраць, паляпшаць — а рабіць гэта ва ўмовах гарадской забудовы немагчыма.
Так што ў цэлым перанос станцыі за горад — правільнае рашэнне. Але перанос яе ў канкрэтна гэты раён — не. Нават без дакументаў, без справаздачы пра ўздзеянне на навакольнае асяроддзе ў нас у «Зялёным тэлефоне» паўстала шмат пытанняў да праекта.
Усяго год таму праходзілі грамадскія абмеркаванні праекта будаўніцтва чыгуначных шляхоў у аэрапорт Мінска. І тады ў нас узнікла шмат пытанняў: што будзе зроблена для захавання заказнікаў на гэтых тэрыторыях, што будзе зроблена для захавання папуляцыі жывёл, што будзе пабудавана для барацьбы з шумавым забруджаннем? Гэтыя пытанні засталіся без адказаў, а новы аб’ект па плане будзе будавацца ў тым жа раёне.
Наогул, калі пачынаецца будаўніцтва любога чыгуначнага аб’екта, у эколагаў адразу з’яўляецца шмат пытанняў. Паліна пералічвае толькі некаторыя з іх:
— Не кажучы пра гэты канкрэтны аб’ект, скажу проста: чыгуначны транспарт — гэта заўсёды шумна і брудна. Па-першае, шум: шум падчас руху, шум падчас перачэпкі, сігнальны шум і шум галасавых аб’яваў…
Па-другое, выкіды, і тут спектр вельмі шырокі — выкід падчас працы рухавікоў на паліве, пыленне падчас руху адкрытых вагонаў з насыпным грузам, выкіды падчас захоўвання і перапампоўкі паліва і іншых вадкіх грузаў. А варта ўлічыць, што перавозіць могуць і розныя кіслоты, і небяспечныя адходы.
Па-трэцяе, сцёкавыя воды. Зразумела, што сцёкі будуць накіроўвацца на ачышчальныя збудаванні, і значыць, гэтыя будынкі таксама будуць узводзіцца, і яны таксама з’яўляюцца аб’ектам уздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Выкіды будуць негатыўна ўплываць на раслінны свет, на раслінах будуць асядаць цвёрдыя часцінкі. А што да гэтага канкрэтнага аб’екта, нават пасля павярхоўнага разгляду можна прагназаваць яшчэ і вялікую высечку. І, падобна, высякацца будуць ахоўныя лясы побач з заказнікамі.
А яшчэ такая станцыя небяспечная імавернасцю ўцечкі небяспечных грузаў, дадаюць у супольнасці чыгуначнікаў. Таму што праз станцыю могуць ісці цягнікі і з выбуховымі рэчывамі любога класа небяспекі. Напрыклад, газ, кіслата, аміяк — усё гэта прапускаецца праз «Мінск-Сартавальны».
Крыніца: Еўрарадыё
