На сайце petitions.by з’явілася петыцыя за спыненне абрэзкі дрэваў «пад слуп» у Віцебску. Падпішы яе да 13 чэрвеня!
У Віцебску супрацоўнікі камунальных службаў (як мяркуюць стваральні_цы петыцыі, ДП «Віцебскі Зелянбуд») у маі і чэрвені 2022 года правялі абрэзку шэрагу дрэў «пад слуп» з поўным выдаленнем кроны і верхняй часткі ствала на некаторых цэнтральных вуліцах. Такую абрэзку дрэў гараджане заўважылі на вуліцах Пушкіна, Путна, Жасткова і на Маскоўскім праспекце.
Аўтар_кі петыцыі лічаць, што гэта супярэчыць нарматыўным прадпісанням часткі восьмай п.36 Правілаў утрымання азелянёных тэрыторый, зацверджаных пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 13.01.2020 года №1 (далей — Правілы).

Частка восьмая п.36 Правілаў ўстанавіла, што не праводзяцца работы па кранаванню (топінгу) дрэў, калі пры абразанні цалкам выдаляюцца крона і верхняя частка ствала дрэва. Гэта норма Правілаў імператыўная: зроблена ў пэўнай, катэгарычнай форме і не падлягае змяненню па ініцыятыве яе выканаўцаў. Правілы таксама рэгулююць асаблівасці правядзення розных тыпаў абрэзкі дрэў (санітарная, фармовачная і амаладжальная).
Так, санітарная абрэзка дрэў, кустоў (п.33 Правілаў) прадугледжвае выдаленне сухіх, старых, хворых, пашкоджаных і пераплеценых галін, а таксама галін, накіраваных унутр кроны або збліжаных адна з адной. Выдаленню падлягаюць галіны, якія адыходзяць ад цэнтральнага ствала ўверх пад вострым вуглом або вертыкальна (выключаючы пірамідальныя формы), каб пазбегнуць іх абломвання і ўтварэння ран на ствале, а таксама галіны, размешчаныя паблізу паветраных камунікацый.
Фармовачнае абразанне дрэў, кустоў (п.34 Правілаў) праводзіцца з мэтай захавання натуральнай формы дрэў і хмызнякоў, альбо надання кроне зададзенай формы (шарападобнай, конусападобнай, цыліндрычнай і іншай).
А амаладжальная абрэзка дрэў, кустоў (п.35 Правілаў) праводзіцца з мэтай павышэння працягласці жыцця раслін шляхам частковага або поўнага выдалення сукоў старой кроны. Амаладжальная абрэзка дрэў, кустоў ажыццяўляецца да зоны з’яўлення новых маладых пабегаў, абразаючы старыя галіны на 1/2–3/4 агульнай даўжыні.
Такім чынам, забарона на правядзенне работ па кранаванню (топінгу) дрэў, калі пры абразанні цалкам выдаляюцца крона і верхняя частка ствала дрэва, тычыцца ўсіх відаў абрэзкі, якія ўстаноўлены Правіламі. Паколькі кранаванне (топінг) дрэў ажыццяўляўся з поўным выдаленнем кроны і верхняй часткі ствала дрэва, у жыхароў Віцебску ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што спецыялісты ДП «Віцебскі Зелянбуд» не азнаёмленыя з палажэннямі Правілаў (у частцы абрэзкі дрэў).
Аўтар_кі петыцыі патрабуюць:
• правесці праверку выкладзеных у гэтым звароце фактаў парушэння Правілаў правядзення абрэзкі дрэў;
• патлумачыць, на якой падставе праводзіліся работы па кранаванню (топінгу) дрэў з поўным выдаленнем кроны і верхняй часткі ствала дрэва, калі яны забароненыя ў адпаведнасці з часткай восьмай п.36 Правілаў?
• забяспечыць праходжанне работнікамі, якія выконваюць работы па абрэзцы дрэў, навучання (стажыроўкі) па авалодванні тэхнікай абрэзкі дрэваў і кустоў;
• устанавіць службовых асоб, вінаватых у правядзенні работ па кранаванню (топінгу) дрэў з поўным выдаленнем кроны і верхняй часткі ствала дрэва, а таксама ў парушэнні нарматыўных прадпісанняў часткі восьмай п.36 Правілаў, і прыцягнуць іх да дысцыплінарнай адказнасці;
• праінфармаваць у адказе на гэты зварот аб прынятых да вінаватых службовых асоб мер дысцыплінарнай адказнасці;
• забяспечыць спыненне практыки абрэзкі дрэў «пад слуп» у іх горадзе.
Падпішы петыцыю да 13 чэрвеня!
Нагадаем, што гэта не адзінкавы выпадак, калі беларус_кі спрабуюць дагрукацца ад чыноўнікаў наконт неправільнай абрэзкі дрэваў. Літаральна на мінулым тыдні мы пісалі пра падобную петыцыю з Мазыра. Калі ты хочаш паўплываць на выгляд зялёных тэрыторый і працу службаў у сваім мястэчку, але не ведаеш, з якога канца за гэта ўхапіцца, ты можаш атрымаць бясплатную кансультацыю ў інфаслужбы «Зялёны тэлефон».
- Патэль на нумар +375 29 1702670;
- Патэль ці напішы ў Viber або Telegram па нумары +375 29 1702670;
- Напішы на e-mail: greenphonehelp@gmail.com.
- Звярніся праз тэлеграм-бот
- Або ў інстаграме.