З 2023 года Экадом уваходзіць у Каардынацыйную раду, а дакладней у самую буйную яго фракцыю «Грамадзянская салідарнасць». Чым займаецца нашая фракцыя? Пагаварылі са спікерам фракцыі Паўлам Патапавым.
Што такое «Грамадзянская салідарнасць»?
Гэта фракцыя Каардынацыйнай рады, то бок група дэлегатаў_ак з агульнымі поглядамі і мэтамі. Для нас каштоўна грамадзянскасць — палітычная суб’ектнасць усіх грамадзян Беларусі і іх права прымаць удзел у рашэнні важных пытанняў.
Мы бачым сябе часткай нацыянальна-вызваленчага руху і зацікаўлены ў дэмакратычных пераменах і палітычнай незалежнасці нашай краіны. На наш погляд, гэта патрабуе вырашэння трох асноўных задач: дэсаветызацыі, беларусізацыі і еўрапеізацыі. Мы таксама працуем над арганізацыяй працоўнага працэсу дэмакратычных сіл Беларусі.
У фракцыю ўваходзяць прадстаўнікі_цы самых розных старых і новых арганізацый: экалагічных, парамілітарных, феміністычных, мясцовых супольнасцяў. Сачыць за нашай працай зручней за ўсё праз тэлеграм-канал @CivilSolidarityBelarus, там жа можна задаць нам пытанні.
Чым мы займаліся ў 2023 годзе?
У мінулым годзе мы праводзілі слуханні па важных пытаннях: разам з Каардынацыйнай радай абмяркоўвалі выбудоўванне падсправаздачнасці палітыкаў у дэмакратычным руху і прадстаўнікоў_ніц аб’яднанага пераходнага кабінета, а таксама пытанні дапамогі і вызвалення палітвязняў. Разам мы спрабавалі зразумець, што рабіць далей, прывесці розныя пазіцыі, падыходы і стратэгіі да кансэнсусу.
Парадавала, што мы як фракцыя змаглі арганізаваць працу часткі дэмсіл па працэдурах, а таксама дамагліся прыняцця заяваў з нагоды ўдзелу беларускага рэжыму ў Саміце і Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28 у Арабскіх Эміратах і наконт так званых слуханняў па ўводу ў строй другога энергаблока БелАЭС на ўзроўні Каардынацыйнай рады.
Якія планы на 2024 год?
Наш галоўны фокус зараз – выбары ў Каардынацыйную раду. Нам вельмі важна, каб як мага больш беларусак і беларусаў выказалі свае палітычныя інтарэсы, прагаласаваўшы за кандыдатаў, якія ім найбліжэй. Усяго ў трэцім складзе КР будзе 120 чалавек, а тэрмін іх паўнамоцтваў – 2 гады. Падрабязней пра працэс выбараў і пра працу нашай фракцыі можна прачытаць у @CivilSolidarityBelarus.