Ці патрэбны ён зараз грамадству, і калі так, куды звяртацца па дапамогу?

У цяперашнія складаныя часіны, калі ва Украіне ідзе вайна, а Беларусь уцягнута ў канфлікт на баку агрэсара, для шматлікіх жыхароў_ак нашай краіны цалкам зразумела жаданне дапамагчы ўкраінцам_кам, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны. Даволі натуральна, што ў падобных варунках праблемы экалогіі могуць падацца нетэрміновымі і адысці на другі план. Але, на вялікі жаль, ад адсутнасці нашай увагі такія праблемы нікуды не знікаюць і працягваюць наўпрост уплываць на здароўе, якасць жыцця і будучыню насельніцтва. Клопат пра экалогію гэта заўжды і клопат пра суседзяў, што жывуць побач – у тым ліку і ў міжнародным кантэксце. 

Ва ўмовах, калі ў беларусаў_к застаецца адносна няшмат опцый для ўплыву на сітуацыю ва Украіне, экаактывізм можа стаць шляхам трансфармацыі стрэсу ў канкрэтныя крокі па паляпшэнню наваколля і пераадолення пачуцця ўласнага бяссілля ды паралізаванасці. Да таго ж, малыя крокі па ахове навакольнага асяродку могуць стаць выхадам для стрэсу і мець тэрапеўтычны эфект. Нават маленькі поспех у экаактывізме можа вярнуць пачуццё кантролю і ўплыву на сітуацыю ва ўмовах, калі за гады пандэміі і рэпрэсій мноства планаў і чаканняў было парушана. Экаактывізм магчымы і патрэбны падчас вайны, а таму Экадом зрабіў падборку беларускіх экалагічных ініцыятыў, інструментамі якіх можа скарыстацца кожны і кожная, нягледзячы на няпросты час. Варта памятаць, што кожны запыт да чынавецтва не толькі сведчыць пра нашу грамадзянскую неабыякавасць, але таксама служыць фактарам дадатковага ціску на прадстаўнікоў_іц улады ў Беларусі. 

 Мая Рэспубліка (115.бел)

Дзяржаўны інтэрнэт-партал “Мая Рэспубліка” з’яўляецца адным з найзручнейшых спосабаў камунікацыі з супрацоўнік_цамі службаў ЖКГ. Паведаміць пра экалагічныя праблемы ў любой кропцы краіны магчыма як па кругласутачным нумары 115, так і пры дапамозе запытаў на сайце. Дастаткова зарэгістравацца і пакінуць запыт з апісаннем праблемы, некалькімі фота і пазнакай дакладнай лакацыі. Пасля мадэрацыі камунальныя службы атрымаюць запыт для выканання і праз некаторы час адрапартуюць аб выніках з фотаздымкамі. Важна адзначыць, што ў адзін запыт варта размяшчаць адну канкрэтную праблему дзеля паспяховага праходжання мадэрацыі. Партал таксама даступны ў фармаце дадаткаў для iOS i Android, таму падчас наступнага шпацыра па раёне не палянуйцеся сфатаграфаваць праблему, а потым запампуйце фота са свайго смартфона і пакіньце запыт. 

Зялёны тэлефон

Атрымаць анлайн-кансультацыю па стварэнню запытаў да чыноўнікаў_ц можна скарыстаўшыся Зялёным тэлефонам. Аператары_кі дапамогуць вам правільна сфармуляваць запыт і прапануюць канкрэтны план дзеянняў, каб потым вы самастойна маглі працягнуць камунікацыю. Паводле заканадаўства, чыноўнікі_цы мусяць адказаць на працягу 15 каляндарных дзён пасля рэгістрацыі звароту альбо праз 1 месяц пры неабходнасці дадатковай праверкі. Аднак у выпадку запытаў аб экалагічнай інфармацыі ад пэўнага органа тэрмін зніжаецца да 10 працоўных дзён. 76 узораў зваротаў, сярод якіх заявы, скаргі і прапановы, а таксама карткі з найчасцейшымі пытаннямі і алгарытмамі вырашэння экалагічных праблем ужо сабраныя для вас на сайце. А бот-дапаможнік у Telegram паспрыяе пачатку кансультацыі ў адзін клік. Усе звароты грамадзян_ак дадаткова аналізуюцца камандай Зялёнага тэлефона для актуальнай статыстыкі па вырашэнню экалагічных праблем у краіне.

Petitions.by

У беларускіх рэаліях петыцыі – гэта яшчэ адзін спосаб дагрукацца да чыноўнікаў_ц і прымусіць сфармуляваць афіцыйную пазіцыю наконт набалелай праблемы ды паспрыяць яе вырашэнню. Калектыўныя петыцыі дадаюць вагу запытам, сігналізуюць пра грамадскую заклапочанасць, прыцягваюць дадатковую ўвагу да праблемы, а таксама могуць стаць падмуркам для збору ініцыятыўнай групы. Збор подпісаў магчыма ажыццяўляць як на фізічных носьбітах, так і ў анлайне з абавязковай пазнакай асабістых дадзеных, сярод якіх імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас месца жыхарства. Папулярнай і дзейснай пляцоўкай па стварэнню анлайн-петыцый з’яўляецца Petitions.by. На сайтах (тут і тут) можна азнаёміцца і падпісаць ужо створаныя іншымі грамадзян_камі петыцыі, напрыклад, у катэгорыі “Экалогія і прырода”.

РобімГуд

Яшчэ адна ініцыятыва, пры дапамозе якой можна атрымаць неабходную кансультацыю для экалагічных актыўнасцяў з’яўляецца служба падтрымкі РобімГуд. Забяспечваючы камфортную ступень ананімнасці праз Telegram-бот, каманда праекта гарантуе экспертную падтрымку са стварэннем плана дзеянняў на падставе паспяхова рэалізаваных кейсаў, а таксама з запаўненнем неабходных дакументаў ці пошукам спонсараў_к пры неабходнасці. На сайце прадстаўлены натхняльныя гісторыі поспеху, а прыемным бонусам з’яўляецца магчымасць не толькі распачаць з нуля ўласную дзейнасць, але і адшукаць аднадумцаў ды далучыцца да ўжо існуючых ініцыятыў на карысць сваёй супольнасці. 

Усе пералічаныя праекты дзейнічаюць выключна ў межах заканадаўства Беларусі, а таму з’яўляюцца дзейсным метадам звароту ўвагі чынавецтва да надзённых экалагічных праблем. Выкарыстанне гэтых механізмаў наўрад ці наўпрост дапаможа ў ваенных дзеяннях ва Украіне, але тым не менш дапаможа прыцягнуць увагу ўладаў да праблем унутры краіны, на якія тыя схільныя заплюшчваць вочы.