Актывіст_кі беларускай экалагічнай ініцыятывы «Твае зялёныя вочы» апублікавалі даследаванне пра палёгкі ў экалагічных патрабаваннях для інвестараў з Кітаю. Як піша Белсат, актывіст_кі перакананыя, што чаканні ад «інвестыцыяў з пахам тухлай капусты» завышаныя і нерэалістычныя. Як пішуць «Твае зялёныя вочы», можна ўпэўнена казаць пра экалагічныя палёгкі для інвестараў з Кітаю, бо кампаніі парку «Вялікі камень» атрымліваюць паслабленні ў экалагічных нормах, кітайскія кампаніі часта фігуруюць у экалагічных справах судоў Беларусі, а на экалагічныя слуханні справаў, звязаных з кітайскімі кампаніямі, беларусаў пускалі паводле спісаў.
Кітай, паводле ранейшага дакладу Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прытрымліваецца стратэгіі адыходу ад забруджання і пераносу брудных галінаў вытворчасці (цэментных заводаў, акумулятарных заводаў, дрэваперапрацоўвання) з Кітаю ў Беларусь, а таксама стратэгіі «арэолу забруджання»: выкарыстання таго, што правілы для кітайскіх кампаніяў за мяжой носяць «рэкамендацыйны характар».
Асаблівую ўвагу актывісты звяртаюць на мадэрнізацыю Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. З праектам на суму 800 млн долараў працаваў кітайскі генеральны падраднік «China CAMC Engineering Co» (CAMCE), сузаснавальнік парку «Вялікі камень». На публічныя абмеркаванні праекту грамадзянаў пускалі абмежавана, паводле спісаў, а прэтэнзіяў не зафіксавалі, бо не вялі пратаколу паседжання. Генпадраднік «рабіў памылку на памылцы»: ад няправільнай пракладкі кабелю да паху тухлай капусты (метымеркаптану, які ў вялікіх дозах небяспечны), што чуюць ад вытворчасці мясцовыя жыхары (але не чуе кіраўнік дзяржавы).
Скардзіліся не толькі на пах заводу, жыхароў непакояць таксама гукі і зліў сцёкавых водаў. За экалагічныя парушэнні прадпрыемству выпісвалі невялікія штрафы: 6600 долараў, 11 600 долараў, 4200 долараў… У судах фігуравала CAMCE, пра вынікі часткі судоў звестак няма. Паведамленні пра большы штраф аспрэчвалі. Паведамлялі таксама пра смерць у выніку аварыяў не менш як пяцярых асобаў.
З 800 млн, якія пайшлі на Светлагорскі ЦКК, 650 млн – кітайскі «звязаны» (з дадатковымі ўмовамі) крэдыт. Выплачваць яго, магчыма, давядзецца з бюджэту, бо камбінат працуе хіба на 70 % заяўленых магутнасцяў, не кожны год дае прыбыткі (у 2021-м увайшоў у тройку самых прыбытковых у вобласці) і ўжо атрымлівае датацыі ад дзяржавы.
Актывісты адзначаюць, што не ўсе праекты з кітайскім капіталам маюць праблемы, пра якія вядома публічна, але як мінімум некаторыя выглядаюць сумнеўна ў плане экалогіі і эканамічных паказнікаў. З другога боку, Кітай змяншае аб’ём інвестыцыяў у Беларусь, з «Вялікага каменя» адыходзяць заходнія інвестары. Кітай, на думку актывістаў, патрэбны ўладам Беларусі для ўтрымання раўнавагі адносна Расеі, а Беларусь была патрэбная Кітаю хіба як «запасны аэрадром» для пашырэння доступу на еўрапейскія рынкі, ад якіх Беларусь цяпер практычна адрэзаная.
Прачытаць даследванне можна па спасылцы: https://drive.proton.me/urls/JEXY8VQFN8#1rbk3nUmiKaf.
Крыніца: Белсат