Экадом далучыўся да заявы Каардынацыйнай рады з нагоды ўдзелу беларускага рэжыму ў Саміце і Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28 у Арабскіх Эміратах.
Рэжым Беларусі разглядае кліматычную канферэнцыю COP28 як магчымасць пераўсталявання сваёй міжнароднай легітымнасці, пошуку тэхнічнай падтрымкі ды іншых саступак з боку краін ды арганізацый ААН. Мы хацелі б нагадаць сусветнай супольнасці аб істотных перашкодах на шляху да гэтага.
- Цяперашнія беларускія ўлады страцілі сваю легітымнасць у 2020 годзе пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і дзяржаўнага гвалу ў адказ на грамадзянскія пратэсты, калі тысячы мірных людзей пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. У Беларусі па палітычных матывах больш за 1500 чалавек адбываюць турэмнае зняволенне, у тым ліку і нобелеўскі лаўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
- Беларусь падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны, спрыяючы сур’ёзным кліматычным ды іншым экалагічным яе наступствам. Гэтае ўздзеянне на клімат не прызнаецца і не ацэньваецца колькасна, бо дадзеныя, што лічацца звязанымі з бяспекай ці ваеннай таямніцай, не апублічваюцца.
- Беларусь выйшла з Орхускай канвенцыі ЕЭК ААН у 2022 годзе і Бернскай канвенцыі па захаванні дзікай прыроды ды натуральных асяроддзяў пражывання ў 2023 годзе, дэманстратыўна адмовіўшыся ад сваіх абавязацельстваў па абароне навакольнага асяроддзя і экалагічных правоў грамадзян.
- У Беларусі ліквідаваная большасць НДА, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія прасоўвалі кліматычную павестку і дэманстравалі сваю прыхільнасць экалагічнай справядлівасці, уключна Экадом і Беларуская партыя зялёных.
- Беларусь сістэматычна сабаціруе сусветную кліматычную палітыку, пазіцыянуючы сваю небяспечную атамную электрастанцыю, якая стала прадметам спрэчак з Еўрапейскай супольнасцю, як прымальнае кліматычнае рашэнне.
- Заявы рэжыму пра поспехі ў зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу, на думку экспертаў экалагічных няўрадавых арганізацый, сталі магчымымі дзякуючы маніпуляцыям са статыстычнымі дадзенымі. Між тым, у краіне адсутнічае эфектыўная сістэма маніторынгу і ўліку выкідаў, а таксама нізкавугляродная палітыка.
- Рэжым Беларусі сцвярджае, што нібыта несправядлівы санкцыйны ціск перашкаджае ёй дасягнуць амбітных кліматычных мэтаў. Аднак дзяржава не прадэманстравала якога-небудзь прыкметнага прагрэсу ў фінансаванні планаў ці мер па змякчэнні наступстваў змены клімату ці адаптацыі як да ўвядзення цяперашніх санкцый, гэтак і падчас іх змякчэння.
Вельмі важна адзначыць, што кліматычныя мэты не могуць дасягацца за кошт глабальных рызык, што ўзрастаюць, экалагічнай несправядлівасці ды рэгіянальнай нестабільнасці. Замест таго каб рэальна скарачаць выкіды, Беларусь выбрала рызыкоўны шлях павышэння напружанасці як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні, у тым ліку шляхам падтрымкі расійскай агрэсіі.
Міжнародная супольнасць не павінна гэта ўхваляць. І мы разам з удзельнікамі Кліматычнай канферэнцыі абавязаны нагадаць Беларускаму рэжыму пра гэта! Мы патрабуем, каб перамовы з Беларуссю, асабліва наконт тэхнічнай дапамогі для змякчэння змены клімату ды адаптацыі да яе наступстваў, у першую чаргу тычыліся кожнага з пытанняў, што пералічаныя вышэй.