У прамым эфіры Еўрарадыё кіраўнічка антыядзернага напрамку і сузаснавальніца Экадома Ірына Сухій разам з фізікам-атамшчыкам Андрэем Ажароўскім абмеркавалі пытанні журналістаў пра рэальную небяспеку станцыі, эканамічную выгаду ядзернай энергетыкі і як другі блок БелАЭС атрымае ліцэнзію па бяспецы ў абход меркавання беларусаў і беларусак.

Улады рыхтуюцца да запуску другога энергаблока БелАЭС. Нягледзячы на нявырашаныя праблемы станцыі, пра якія кажуць эколагі. Каб легітымізаваць працэдуру, Дзяржатамнагляд праводзіць «грамадскія слуханні». Яны праходзяць сёння.

Фармат слуханняў «умоўна адкрыты»: анлайн-трансляцыі няма, а каб паўдзельнічаць — трэба было зарэгістравацца (і вашу кандытатуру яшчэ маглі не ўхваліць).

«Зялёная сетка» запусціла альтэрнатыву слуханням. Гэта галасаванне, адно з пытанняў у якім — «Ці хацелі б вы жыць паблізу БелАЭС?». Пра яго першыя вынікі, і пра тое, што не так з другім энергаблокам БелАЭС і арганізаванымі ўладамі «слуханнямі», мы пагаворым з сузаснавальніцай і сяброўкай Рады Экадома Ірынай Сухій і фізікам-атамшчыкам Андрэем Ажароўскім.