Экадом ініцыяваў заяву наконт так званых слуханняў па ўводу ў строй другога энергаблока БелАЭС, якія пачаліся 8 верасня.

Прыводзім поўны тэкст заявы:

8 верасня 2023 года ў Беларусі пройдуць так званыя слуханні па ўводу ў строй другога энергаблока БелАЭС, якія папярэднічаюць выдачу ліцэнзіі на яго эксплуатацыю.

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл, у тым ліку арганізацыі і эксперты, якія назіралі за рэалізацыяй праекта БелАЭС з 2009 года, заяўляем наступнае.

  1. Грамадскія слуханні па ўводу ў эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС з’яўляюцца арганізаванай на дзяржаўным узроўні прафанацыяй і не ставяць перад сабой мэтай улік меркавання грамадзян Беларусі і закрананых краін, і прадуктыўнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва з грамадскасцю ў галіне ядзернай бяспекі.
  2. Ні працэдура грамадскіх слуханняў, ні апублікаваная дакументацыя не дазваляюць зрабіць адназначных высноў аб бяспецы эксплуатацыі другога энергаблока БелАЭС для беларусаў і жыхароў закрананых краін. 
  3. Наяўная на сённяшні дзень інфармацыя сведчыць аб не адпаведнасці як другога энергаблока, так і БелАЭС агулам, міжнародным стандартам у галіне ядзернай бяспекі і эксплуатацыі атамных электрастанцый, а таксама ў галіне захавання правоў чалавека, у тым ліку, правы мясцовых супольнасцяў і грамадзян на чыстае і бяспечнае навакольнае асяроддзе.  

Мы лічым, што праект БелАЭС, які першапачаткова ставіў перад сабой палітычныя мэты, такія як экспансія расейскага ўплыву на Захад, сёння з’яўляецца гібрыднай пагрозай, якая кідае сур’ёзны выклік не толькі бяспецы на еўрапейскім кантыненце, але і дэмакратыі, добрасуседству і міжнароднаму супрацоўніцтву.

Ва ўмовах, калі беларуская грамадзянская супольнасць душыцца жорсткімі рэпрэсіямі, крытыка і любое ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі небяспечныя, а сама Беларусь падтрымлівае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны і размяшчае на сваёй тэрыторыі Расійскую ядзерную зброю, праблема эксплуатацыі небяспечнай БелАЭС уяўляе сабой сур’ёзную праблему, якая ўжо не можа быць вырашана аднымі толькі сродкамі дыпламатыі і перакананні. Таму мы заклікаем міжнародную супольнасць да эфектыўных і адэкватных сітуацыі дзеянняў, накіраваных на прыпыненне, замарожванне гэтага праекта. Сярод такіх нам бачацца як эканамічныя, так і палітычныя, міжнародныя механізмы і рычагі ўплыва, уключаючы міжнародныя дамовы аб ядзернай бяспецы, удзельніцай якіх Беларусь пакуль з’яўляецца.