Падпішы петыцыю супраць, каб не дапусціць руйнавання парку і аблічча Гродна. Ёсць два дні.
Каложская царква г. Гродна з’яўляецца адным з самых імаверных кандыдатаў на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі, пішуць стваральні_цы петыцыі на Petitions.by. Царква стаіць на цяперным месцы з 12 стагоддзя — яшчэ да часоў утварэння ВКЛ. Гэтая царква з’яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры Беларусі не толькі мясцовага ці абласнога значэння, але і нацыянальнага. Каля гэтай царквы збіраюцца пабудаваць новы жылы масіў — ён разлічваецца на 6 тысяч чалавек. Вышыня тамтэйшых будынкаў будзе складаць ажно да 19 паверхаў. «Наколькі мэтазгодна будаваць такі мікрараён?», пытаюцца мясцовыя.
- Гарады 21 стагоддзя заўжды задумваюцца камфортнымі для ўсяго насельніцтва. Ці лагічна тады даваць доступ для 6 тысяч чалавек бачыць Стары Горад са свайго акна, але прытым перашкаджаць усім астатнім 350 тысячам гродзенцам, якія хочуць насалодзіцца старой архітэктурай гораду? Гэта нерацыянальны паход да ўрбаністыкі.
- Другое. Каля Каложскай царквы зараз знаходзіцца цудоўны парк з выхадам на Нёман. У гэтым самым парку стаяць памятны камень Давыду Гарадзенскаму і памятны знак «Пагоня на Грунвальд». Гэтыя помнікі культуры захоўваюць памяць пра бітву пад Грунвальдам — бітву, якую ў свой час ведала ўся Еўропа. Дзякуючы вялікакняскім ваярам, нашыя продкі фактычна адваявалі нам незалежнасць. Мы павінны захоўваць памяць пра нашыя перамогі. Перанос знака выглядае сумнеўнай ініцыятывай, а каменняў старажытных у нас увогуле засталося не так ужо і шмат — пры транспартыроўцы ён можа проста страціць сваё аблічча.
- Трэцяе. Гродна спрадвеку — еўрапейскі горад. Тое, што ён еўрапейскі, немагчыма ігнараваць. Сучасная архітэктура Еўропы, асабліва ў цэнтрах Старых Гарадоў (калі там нават нешта і будуюць) з’яўляецца істотна адрознай ад прапанаванага варыянту.
- Чацвёртае. З турыстычнага пункту гледжання — у Гродна шмат хто ездзіць менавіта з-за яго гістарычнага аблічча, захаванага Старога Гораду, каб пабачыць еўрапейскую архітэктуру. Гэта — адзін са шляхоў гэта ўсё разбурыць. У даўгасрокавай і сярэднесрокавай перспектывах гэта будзе бескарысна мясцовым уладам.
Падсумоўваючы гэта ўсё, стварльні_цы петыцыі просяць не ўзводзіць мікрараён «Залаты» або абмежаваць яго ўзвядзенне будынкамі да шасці паверхаў. Ты можаш патрымаць актыўных гараджан, што дбаюць аб будучыні свайго горада і ўсё Беларусі, усяго за пару клікаў. Падпішы петыцыю да 8 лютага.