Цягам двух апошніх тыдняў верасня горад будзе ў цэнтры нашае ўвагі. Мы будзем знаёміцца з ім бліжэй, паспрабуем прыслухацца да таго, што яго хвалюе — ад стратэгіі далейшага развіцця і адраджэння былых індустрыяльных прастораў да ўдзелу гараджан у яго жыцці на самых розных узроўнях, — і дапамагчы яму стаць лепшым. Гэтая падзея — Мінскі ўрбаністычны форум, часткай якога мы запрашаем стаць кожнага і кожную.
Будзем бавіць час у кампаніі гараджан, што робяць Мінск ды іншыя гарады і мястэчкі Беларусі тым месцам, дзе нам падабаецца быць, а таксама даведаемся, як далучыцца да іх. Прыходзьце на печу-кучу.
Мы пазнаёмімся з аднадумцамі і прафесіяналамі, у якіх ёсць цікавыя аповеды пра іх уласны досвед таго, як зрабіць свой горад лепшым, — няхай гэта будзе Берлін, Прага, Антверпен, Кіеў, Масква ці Амстэрдам. Прыходзьце на адкрытыя лекцыі.
Асобна зладзім лекцыі для нашых праектных інстытутаў і прафесіяналаў, для якіх горад — гэта штодзённая праца. Спадзяемся, што вы ўбачыце вынікі ў зменах у гарадскім асяроддзі.
Таксама мы не абыдзем увагай тэму транспарту і гарадской мабільнасці: 22 верасня, у Сусветны дзень без аўтамабіля, прэзентуем альтэрнатыўную трамвайную схему.
Да таго ж прэзентуем вам бягучыя праекты Мінскай урбаністычнай платформы сумесна з нашымі партнёрамі, Зялёнай сеткай і Экадомам, што рэалізуюцца цяпер у Мінску. Вы даведаецеся, што адбываецца у суседнім з вамі двары ці скверы і як зладзіць штосьці ў сваім. Прыходзьце на адкрытыя мерапрыемствы нашых праектаў — майстэрню Альтэрнатыўнага двара ў Серабранцы і прэзентацыю ў Котаўцы.
Асноўныя пляцоўкі:
- Мемориальный музей-мастерская Заира Азгура
- ЦЭХ
- Komnata 3/0/2
- вул. Леніна
- Серабранка
- сквер Котаўка
Сачыце за нашымі медыя, знаёмцеся з праграмай падзей — і выбірайце на свой густ! Запрашаем! Удзел ва ўсіх мерапрыемствах форума — вольны.
Увага! У праграме магчымы змены — калі ласка, адсочвайце навіны ў нашых сацыяльных сетках.
https://www.facebook.com/events/478782282497781
https://vk.com/event153165543