У рамках 6-ай сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі адбылося паралельнае мерапрыемства прысвечанае нацыянальным і альтэрнатыўным дакладам краін па маніторынгу прагрэса ў пытаннях імплементацыі канвенцыі. Адным з арганізатараў івэнта выступіла грамадскае аб’яднанне Экадом.
Чаму грамадскасць піша альтэрнатыўныя агляды?
Ня сакрэт, што не ва ўсіх краінах грамадскасць пэўным чынам уключаная ў працэс абмеркавання нацыянальных дакладаў, якія рыхтуе афіцыйная дэлегацыя. Таксама не заўсёды гэтыя дакументы праўдзіва адлюстроўваюць існуючую практыку.
Як патлумачыла Зялёнаму парталу дырэктарка «Экадома» Марына Дубіна, у большасці сваёй афіцыяльныя нацыянальныя даклады канцэнтруюцца на заканадаўчых нормах і змяненнах у іх, але ў той жа час правапрымяняльная практыка можа істотным чынам адрознівацца ад прапісанага.
«У Беларусі быў пазітыўны прыклад удзелу грамадскасці ў падрыхтоўцы нацыянальнага дакладу: была створана спецыяльная рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі «Экадома» і «Зялёнай сеткі«. Але сама форма і структура даклада не дазволіла ў дастатковай ступені адлюстраваць праблемы, што існуюць у правапрымяняльнай практыцы«, – адзначыла яна.
Орхуская канвенцыя ў Беларусі: ні экаінфармацыі, ні судоў, ні ўліку меркаванняў
Праблемы звязаныя з удзелам у прыняцці рашэнняў, доступам да інфармацыі, правасуддзем ў большасці краін падобныя: прастора правоў грамадскасці рэзка скарачаецца. На жаль, Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне.
У сваім выступленні дырэктарка «Экадома» падкрэсліла, што ў большасці выпадкаў спробы імплементацыі Орхускай канвенцыі ў нашай краіне сканчаюцца намаганнямі Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Астатнія ж дзяржаўныя органы адмаўляюць у прадастаўленні інфармацыі, абгрунтоўваючы гэта паняццем «для службовага карыстання». Пры гэтым зацікаўленыя бакі не ўключаюцца ў працэс абмеркавання на ранніх эпах, а іх меркаванне не ўлічваецца належным чынам.
«За апошні год грамадскасці было адмоўлена ў прадастаўленні планаў дэтальнага планавання тэрыторыі, пасля таго як яны атрымліваюць статус «для службовага карыстання». І гэта з улікам таго, што грамадскасць прымала актыўны ўдзел у іх абмеркаванні. Па выніку ж, ніхто не можа пабачыць, што было прынята», – кажа яна.
Гэта праблема грунтуецца на тым, што на дзяржаўным узроўні адсутнічае ўспрыманне грамадскасці як паўнацэннага суб’екта прыняцця рашэнняў, лічыць экспертка.
«Нягледзячы на тое, што Камітэт даваў свае рэкамендацыі нашай краіне ў дачыненні да БелАЭС, практыка па доступу да інфармацыі і ўдзелу грамадскасці па абмеркаванню пытанняў датычных гэтага аб’екта пакідае жадаць лепшага», – прыгадвае Марына Дубіна.
Як, напрыклад, і практыка абароны грамадзянамі сваіх правоў у судзе.
За апошнія 3 гады ў суды было накіравана 18 спраў, 9 з якіх не былі прыняты да разгляду.
У сваю чаргу і людзі не ідуць у судовыя ўстановы, бо не вераць, што свае правы можна абараніць праз іх.
Што прапануюць экалагічныя НДА
Вядома, што наракаць і скардзіцца – самая лёгкая пазіцыя. Таму ў сваім альтэрнатыўным аглядзе беларускія экаНДА падрыхтавалі пэўныя прапановы і рэкамендацыі, якія, на іх думку, змогуць палепшыць якасць імплементацыі Орхускай канвенцыі.
Эколагі раяць пераглядзіць Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, што было зацверджана Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2011 года. На іх погляд, было б рацыянальным забяспечыць захаванне дакументаў па правядзенню грамадскіх абмеркаванняў, у тым ліку заўвагі і прапановы ад грамадскасці, адказаў на пытанні; накіроўваць прапановы і заўвагі, разам з адказамі ў дзяржаўныя органы і чыноўнікам, якія прымаюць рашэнні. Але самае галоўнае, даць доступ грамадскасці да ўсіх матэрыялаў грамадскіх абмеркаванняў.
Акрамя гэтага, экаНДА бачаць неабходнасць удасканалення заканадаўства ў абмяркоўваемай галіне: вызначыцца з істотнымі парушэннямі працэдуры правядзення, выпадкамі прызнання абмеркаванняў несапраўднымі, орагана/асобы, што могуць прызнаць гэты факт і наступствы, да якіх гэта вядзе.
Такім чынам ёсць верагоднасць пазбегнуць негатыўнай практыкі ў правядзенні грамадскіх абмеркаванняў.
Тым больш, грамадскія арганізацыі маюць багаты досвед працы з кейсамі і знаходзяцца ў больш цесных стасунках з грамадзянамі. Відавочна, што іх альтэрнатыўная ацэнка адлюстроўвае штодзённую практыку і выклікі, з якімі сутыкаюцца недзяржаўныя арагнізацыі і ўстановы, звычайныя людзі у спробе абараніць свае правы на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
«Урады мусяць улічваць меркаванне грамадскіх аб’яднанняў пры ацэнцы рэалізацыі Орхускай канвенцыі ў краіне пры планаванні будучых крокаў», – зазначыў Марцін Скальскі, эксперт па ўдзелу грамадскасці пражскай грамадскай арганізацыі «Арніка», якая займалася каардынацыяй падрыхтоўкі незалежных аглядаў.
Хрысціна Чарняўская, Зялёны Партал