«Пад уплывам гэтага рэчыва могуць з’явіцца моцныя апёкі»

ГлавнаяНовостиРешение экологических проблем

Чым небяспечны баршчэўнік і як змагацца з інвазіўнымі раслінамі?

Расказваюць эксперты інфаслужбы па вырашэнні экалагічных праблем «Зялёны тэлефон«, якія ўжо больш за 5 гадоў дапамагаюць беларусам ліквідаваць несанкцыянаваныя звалкі, спыняць высечку дрэў, удзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях, усталёўваць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця і шмат іншага.

Інвазіўнымі называюцца тыя віды, якія распаўсюдзіліся на неўласцівых ім тэрыторыях дзякуючы дзейнасці чалавека, укараніліся там і актыўна захопліваюць новыя землі, выцясняючы мясцовыя віды. Такія расліны − агрэсары або расліны-захопнікі. І праблема ўварвання ў чужую экасістэму − адна з найбуйнейшых сусветных экалагічных праблем на сённяшні дзень, якая набірае сілу праз наступствы глабальнай змены клімату.

Такія расліны не толькі наносяць шкоду прыродным экасістэмам, але і зніжаюць якасць сельскагаспадарчых угоддзяў, памяншаюць ураджай, а таксама прыводзяць да вымірання і знікнення рэдкіх відаў, многія з якіх з’яўляюцца нашым нацыянальным набыткам.

Так, згодна з Мінпрыроды, спіс інвазіўных і патэнцыяльна інвазіўных раслін Беларусі ўключае больш за 300 відаў, некаторыя з якіх здольныя ў корані змяніць існуючыя экасістэмы на дастаткова вялікіх тэрыторыях. Сярод іх гіганцкі баршчэўнік (баршчэўнік Сасноўскага і баршчэўнік Мантэгацы), залатарнік канадскі і залатарнік гіганцкі, эхінацыстыс лопасцевы, клён ясенелісты, амброзія палыналістая, робінія ілжэакацыя – найбольш небяспечныя і патрабуюць асаблівай увагі як з боку дзяржавы, так і кожнага і кожнай з нас. 

Напрыклад, паводле інфармацыі ад Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лісце, карані, сцябло, плады баршчэўніка ўтрымліваюць у сабе асаблівыя рэчывы фуракумарыны.

Калі гэтыя рэчывы трапляюць на скуру, яны істотна павялічваюць яе ўспрымальнасць да ўльтрафіялету. Промні сонца пад уплывам гэтага рэчыва выклікаюць наймацнейшыя апёкі, − кажуць у «Зялёным тэлефоне». − Каб апячыся баршчэўнікам, дастаткова пакратаць яго або прайсці па зарослым участку. Акрамя таго, баршчэўнік вельмі добра распаўсюджваецца, займаючы пусткі, лугі і лясы.

Запомніце гэтыя нескладаныя правілы бяспекі:

  • Не падыходзьце і не дакранайцеся да баршчэўніка, папярэдзьце і засцерагайце ад небяспекі дзяцей.
  • Калі вам даводзіцца набліжацца да яго, апранайце адзенне з тоўстых тканін.
  • Калі вы выпадкова дакрануліся да баршчэўніка, то прамыйце гэтае месца вадой з густой мыльнай пенай, апрацуйце скуру спіртам, слабым растворам марганцоўкі ці растворам фурацыліна.
  • Калі апёкі вялікія або сок патрапіў у вочы, рот ці на іншыя слізістыя абалонкі, тэрмінова звяртайцеся да лекара.

Што ж рабіць, калі вы выявілі інвазіўныя расліны? Калі гэта грамадская тэрыторыя, алгарытм дзеянняў будзе наступным:

  1. Пісьмова ці вусна паведаміце аб месцах іх вырастання ў адну з гэтых установаў:

— у тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды (раённую інспекцыю Мінпрыроды),

— у мясцовы выканкам,

— у органы дзяржаўнага санітарнага нагляду.

Варта захаваць геатэг на гугл ці яндэкс-мапе, каб адмыслоўцы сапраўды знайшлі патрэбнае месца.

  1. У звароце папрасіце адказныя органы прыняць меры па прадухіленні распаўсюджвання інвазіўных відаў раслін.
  2. Аб месцах вырастання таксама паведаміце ў Інстытут эксперыментальнай батанікі па тэлефоне: 8 (017) 379 20 25. Ім таксама неабходна даслаць месца вырастання — геалакацыю, або ўказанні (напрыклад, 200м на поўнач ад вёскі, поле/луг і да т.п).

Што рабіць, калі вы выявілі інвазіўныя расліны на сваім участку? Па-першае, выдаляць інвазіўныя расліны, у тым ліку баршчэўнік, на прыватных участках павінны або гаспадары ўчастка, або спецыяльныя службы на дагаворнай аснове. Вось самастойныя дзеянні, якія варта распачаць:

  1. самае эфектыўнае — папросту выкапаць баршчэўнік ці іншую інвазіўную расліну з каранямі;
  2. рэгулярна скошвайце гэтыя расліны пад корань. Тут варта адзначыць, што скошванне эфектыўна толькі для прадухілення цвіцення і паспявання насення гэтага віду;
  3. заглушыце шчыльным мульчавання. Мульча — гэта матэрыял (звычайна здробненая кара іглічных дрэў), пластом якога пакрываецца паверхню зямлі вакол сцябла агароднай культуры. Зялёны тэлефон рэкамендуе такую методыку: па-над скошаным баршчэўнікам разаслаў чорны нятканы матэрыял або чорную поліэтыленавую плёнку; можна па-над мульчамі з нятканага матэрыялу насыпаць грунт і пасеяць траву.
Калі ў вас засталіся пытанні ці патрэбна дапамога ў складанні зваротаў мясцовым органам, напішыце спецыялістам "Зялёнага тэлефона" за бясплатнай кансультацыяй!