ПРАГРАМА міжнароднага фестываля экалагічнага кіно 2018 «Планетарый»

Uncategorized

ПРАГРАМА міжнароднага фестываля экалагічнага кіно 2018 «Планетарый»

месца: кінатэатр «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 13).

24 верасня (панядзелак) 19.00
«Бабулі Чарнобыля»

(2015, рэж. Холі Морыс, Эн Богарт, ЗША, 70 хв.)

Амаль 30 гадоў гэтыя малавядомыя гераіні выжываюць у чарнобыльскай «зоне адчужэння». Адданыя і ўпартыя, гэтыя дзіўныя жанчыны здолелі не проста выжыць, але і пабудаваць сваё шчасце ў адным з самых небяспечных месцаў на планеце. Яны апошнія сярод тых, хто адмовіўся пакінуць дом сваіх продкаў пасля чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе. Аднак бабулі не адзіныя з тых, хто пайшоў на рызыку. Навукоўцы, чыноўнікі і нават маладыя хлопцы і дзяўчаты, больш вядомыя як «сталкеры» (людзі, якія незаконна прабіраюцца на тэрыторыю для ўвасаблення сваіх фантазій, навеяных відэагульнямі) вывучаюць злавесную Зону і знаёмяцца з радыёактыўнымі бабулямі. Упершыню дакументалісткі Холі Морыс і Эн Богарт пакажуць гледачу дзіўную гісторыю пра сілу прыцягнення роднай хаты, гаючую магію лёсу і суб’ектыўную прыроду рызыкі.

25 верасня (аўторак) 18.00
«Рака вуліцы: графіці ў Амазонцы»

(2017, рэж. Бета Маседа, Ц’яга Бербарэ, Бразілія, 60 хв.)

Унікальны праект, які стаў дзіўным фільмам. Знаёмцеся — Рака вуліцы — першая мастацкая галерэя пад адкрытым небам у нетрах Амазоніі. Гэты праект стварыў Себай Тападжос (вядомы мастак з бразільскага штата Пара), а курыруе яго Уільямам Багліонэ (куратар урбаністычнага мастацтва з Сан-Паула). Праект аб’яднаў 10 самых аўтарытэтных мастакоў-урбаністаў, якія распісалі дамы карэнных жыхароў рэгіёнаў Ільха-ду-Комба і Белем-ду-Пара ў Амазоніі (Бразілія). Фільм апавядае пра тое, як мастацтва можа стаць штуршком да зменаў, а яшчэ — пра спажывецтва вады і ўрад, які нічога не хвалюе. Фільм «Рака вуліцы» варта ўспрымаць як урок чалавечнасьці, але з-за яго асуджальнага характара адзін з мастакоў быў вымушаны хавацца — яму пачалі паступаць ананімныя пагрозы.

26 верасня (серада), 19.00
Праграма кароткаметражных фільмаў (90 хв.)

Самыя яскравыя кароткаметражныя фільмы на тэму аховы навакольнага асяроддзя з усяго свету. За адзін вечар вы ўбачыце анімацыю, дакументальнае і ігравое кіно з Францыі, Іспаніі, ЗША, Бельгіі, Індыі, Непала і інш. Прыгоды маленькай пчолкі і постапакаліптычная фантазія пра жыхароў марскіх глыбінь, трыумф веласіпеднага руху і цяжкае жыццё на сметніку электронных прылад, паэтычнае відэаэсэ пра прыроду паўночнай выспы Шпіцбэрген — усё гэта за адзін вечар.

27 верасня (чацвер), 19.00
«Блакітнае сэрца»

(2018, рэж. Брытан Калуэт, ЗША, 45 хв.)

Балканскі паўвостраў — дом адной з апошніх запаведных рэк у Еўропе. Аднак попыт на гідраэнэргію расце і пагражае культуры і экалогіі гэтага некранутага рэгіёну. Калі супраціў мясцовых жыхароў будзе зламаны, больш чым 3000 плацінаў гідраэлектрастанцый зменяць апошнія свабодныя рэкі кантынента. Тым часам ва ўсім цывілізаваным свеце ўжо даўно адыходзяць ад практыкі іх будаўніцтва і нават разбіраюць ужо існуючыя. Актывісты, якія аберагаюць гэтыя рэкі, змагаюцца з прадажнасцю ўрада і замежнымі інвестарамі. «Блакітнае сэрца» распавядае пра барацьбу за найбуйнейшую «вольную» (без плацінаў) раку ў Еўропе — албанскую Вьосу — а таксама пра спробы захаваць знікаючы від балканскіх рысяў у Македоніі і пра жанчын з вёскі Крушчыца ў Босьніі і Герцагавіне, якія месяцамі пратэстуюць, спрабуючы захаваць сваю адзіную крыніцу пітной вады. Гэтая і іншыя гісторыі ўпершыню паказваюць набліжэнне найвялікшай экалагічнай катастрофы ў Еўропе.

28 верасня (пятніца), 19.00
«Старажытныя лясы»

(2017, рэж. Міндоўг Сурвіла, Літва/Эстонія/Германія, 85 хв.)

Яскравы фільм, зняты ў адным з апошніх старадаўніх лясоў у Літве. Старажытныя лясы — гэта месца, дзе межы часу растаюць і ўсё, што існуе, не вяне з часам, а перарастае у вечнасць. Паэтычны і нетыповы фільм пра дзікую прыроду запрашае гледачоў у бясконцую вандроўку — ад ляснога гушчара да пячор ваўкоў і гнязда чорнага бусла, глыбока пад водную роўнядзь ў падводны «лес», а потым зноў да людзей, якія жывуць на ўскрайку лесу. Падчас фільму вы не пачуеце каментароў і закадравага голасу, толькі багатыя лясныя гукі, да якіх амаль што можна дакрануцца, і магічныя сітуацыі, якія змагла ўхапіць камера рэжысёра.

29 верасня (субота), 19.00
«24 снега»

(2015, рэж. Міхаіл Барынін, Расія, 93 хв.)

Невыносны клімат арктычнай Якуціі. Вечная мерзлата. Узімку тэмпература дасягае 65 градусаў ніжэй за нуль. Тут няма тэлефоннай сувязі і электрычнасці, а адсутнасць дарог ўскладняе перамяшчэнне. Жыццё ў такіх умовах звязана са штодзённай барацьбой са стыхіяй і самім сабой. У сотнях кіламетрах ад бліжэйшага населенага пункта чалавек можа разлічваць толькі на самога сябе. Герой карціны, канявод, большую частку года праводзіць у тундры, даглядаючы за табуном. З кожным годам Сяргей усё больш і больш часу праводзіць у месцах, далёкіх ад вёскі, сустракаючыся з сям’ёй толькі некалькі разоў на год. Ён адчувае сябе чужынцам у роднай хаце і практычна губляе сувязь з сям’ёй. Знясільваючы побыт Поўначы ставіць чалавека перад самым цяжкім выбарам — хто ён на самай справе.

30 верасня (нядзеля), 17.00
«Зубры Беларусі».

(2018, рэж. Ігар Бышнёў, Беларусь, 54 хв.)
культурны цэнтр «Корпус» (пр. Машэрава, 9).

Уваход вольны. Кінапаказ і дыскусія «Здымка жывёл у дзікай прыродзе. Размова с рэжысёрам Ігарам Бышнёвам».

Зубр у Беларусі — і сімвал краіны, і жывое сведчанне багацця і разнастайнасці прыроды. Гэта магутная і велічная жывёла, нашы продкі ўвасаблялі яго з сіламі прыроды і кланяліся яму, як сімвалу роднай зямлі. Аднак з цягам часу ўсё змянілася, і з трох існуючых відаў да нашых дзён захаваўся толькі адзін.

Чаму зубр знік на кантыненце, як навукоўцы аднаўлялі папуляцыю, як звязаны зубр з іншымі насельнікамі лесу — усё гэта і многае іншае ў новым паўнаметражным фільме Ігара Бышнёва «Зубры Беларусі».

Пасля кінапаказу гледачы змогуць сустрэцца з рэжысёрам фільма, які раскажа пра свой досвед здымкі дзікіх жывёл. Ігар Бышнёў — рэжысёр, сцэнарыст, аператар, аўтар больш за 60 фільмаў і сацыяльных відэаролікаў пра прыроду. Ігар пабываў у самых дзіўных і прыгожых кутках зямлі і сустракаў рэдкіх яе насельнікаў. Пра ўсё гэта ён раскажа падчас дыскусіі 30 верасня.

Атрымаць захапляльныя і ўнікальныя кадры з дзікімі жывёламі на прыродзе — няпростая і ўнікальная творчая місія. Ігар Бышнёў і яго сям’я, якая таксама ўваходзіць у здымачную каманду рэжысёра, падзеляцца сваім вопытам, як здымаць жывёл, каб наладзіць з імі кантакт, якія ёсць методыкі здымкі дзікіх жывёл у прыродзе, а таксама раскажуць цікавыя гісторыі са сваёй шматгадовай практыкі.

Праграмы дэманструюцца на мовах арыгіналу з беларускімі і рускімі субтытрамі.

Квіткі на фільмы можна набыць у касе кінатэатра «Цэнтральны» ці праз «Bycard».