Сёлета Чарнобыльскі тыдзень, ініцыяваны Экадомам, ізноў  праходзіць 19-26 красавіка. Чарнобыльскі тыдзень — гэта серыя мерапрыемстваў, мэта якіх — расказаць пра наступствы аварыі на ЧАЭС, якія нікуды не падзеліся, а таксама пра небяспеку выкарыстання ядзерных тэхналогій і прапанаваць альтэрнатыву ядзернаму шляху.

Мерапрыемствы гэтага году прысвечаны асэнсаванню, інфармаванню людзей і абмеркаванню нямірнага атама з самых розных бакоў, у тым ліку вепанізацыі АЭС, праблемам БелАЭС і пагрозе размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. А таксама разважанням аб магчымай бяз’ядзернай будучыні Беларусі з выкарыстаннем устойлівай энергетыкі. Сярод мерапрыемстваў запланаваны:

19 красавіка – анонс Чарнобыльскага шляху і акцый дыяспары па ўсім свеце. Зараз у спісе ўжо ёсць акцыі ў Літве, Польшчы, Канадзе, Германіі і Латвіі. Спіс будзе папаўняцца і мы запрашаем усіх далучацца ад акцый і арганізоўваць свае лакальныя мерапрыемствы як у Беларусі (не забывайцеся на меры бяспекі), так і па-за Радзімай. Напрыклад, гэта можа быць кніжны клуб, або кінапрагляд з абмеркаваннем. 

24 красавіка – у гэты дзень Экадом прадставіць сайт для мабільных прыладаў «Перадозу», народнага маніторынгу забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторый. Мы раскажам, дзе яго спампаваць, як ім карыстацца і што цікавага і карыснага можна з яго дапамогай даведацца.

25 красавіка –  У 17:30 у холе Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта адбудзецца адкрыццё выставы калажоў, створаных студэнт_камі ЕГУ ў рамках Чарнобыльскага тыдня. Уваход на выставу вольны.

25 красавіка – У 18:00 тэатральная заля ЕГУ чакае ўсіх на перфоманс,падрыхтаваны студэнт_камі ЕГУ, і дыскусію з удзелам суаснавальніцы «Экадома» Ірыны Сухій. Уваход вольны, але колькасць месцаў абмежавана камернымі памерамі залі.

26 красавіка – У дзень аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі пройдзе традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі Шлях» з лозунгам «Не ядзернай зброі ў Беларусі» і акцыі беларусаў ды беларусак замежжа па свеце. 

Увесь месяц – увесь красавік Экадом ладзіць інфакампанію ў TikTok @ecohome.ngo. Зазірай туды ўжо зараз, стаў падабайкі, каментуй відэа і падпісвайся, каб не прапусціць наступныя ролікі.

Далучайся да Чарнобыльскага тыдня!

#твойэкадом #чарнобыльскітыдзень #чарнобыльскішлях #ecobelarus