Сёлета арганізатары_кі Чарнобыльскага тыдня гуртавалі беларусаў_к свету як пры дапамозе традыцыйнага шэсця, гэтак і серыяй анлайн-падзей. Упершыню ўдзельнікі_цы тыдня таксама маюць магчымасць наведаць з любой кропкі планеты анлайн-выставу SUNFLOWER (“Сланечнік”), якая на фоне вайны ва Украіне спалучыла ў сабе экалагічны і антываенны пасылы. Цягам месяца наведвальнікі_цы выставы ўбачаць творы, прысвечаныя небяспецы ядравай энергетыкі, нанова актуалізаванай у кантэксце вэпанізацыі Чарнобыльскай АЭС расійскімі войскамі.
Папулярнасць метасусвету для правядзення выстаў узрасла апошнім часам у звязку з наступствамі пандэміі. Аднак у беларускім кантэксце важнасць віртуальнай прасторы яшчэ і наўпрост звязана з пытаннямі бяспекі і раскінутасцю беларусаў_к па свеце. Наведвальнік_ца SUNFLOWER мае магчымасць стварыць уласнага аватара і пашпацыраваць па трох залах выставы, што сімвалізуюць узаемасувязь негатыўных бакоў атамнай мінуўшчыны, роздумы мастакоў і мастачак аб энергіі і сіле ў цяперашнім, а таксама шлях да бяз’ядравай будучыні з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, на карысць якой працуюць экаактывісты_кі. З усімі творамі можна паўзаемадзейнічаць і нават пакінуць свой унёсак у экспазіцыю. Экадом пагутарыў з куратаркай Ксеніяй Тырсікавай пра працэс стварэння выставы, яе актуальнасць і адукатарскую ролю.
Назву выставе падараваў сланечнік – кветка, што паварочваецца ўслед сонцу, назапашвае яго энергію як натуральная батарэйка, а яшчэ з’яўляецца лёгкапазнавальнай адсылкай да Украіны. Як прыйшла ідэя абраць менавіта такі просты і эфектны сімвал?
— Гэта складаны працэс, які амаль немагчыма растлумачыць: ён дзесьці на сутыку свядомасці і падсвядомасці. Нешта трошкі праслізнула ўва сне, а потым вельмі нават выразна прадублявалася ў рэальнасці. Знакі, сімвалы, кнігі, артыкулы, размовы — усё наводзіць на думку. Але ў выніку атрымалася даволі відавочна, як мне падаецца (усміхаецца). І гэта забаўна: шлях доўгі, а вобраз атрымаўся просты.
У выставе бяруць удзел два дзясяткі беларускіх мастакоў і мастачак з творамі ў розных медыя: ад жывапісу і фатаграфіі да відэа і 3D — аб’ёмныя ветракі для выставы таксама зрабіў мастак. Усе два дзясяткі аўтараў_к – з Беларусі, хоць вы і не абмяжоўвалі ўдзельнікаў_ц па нацыянальнай прыкмеце. Распавядзі, калі ласка, пра працэс адбору твораў на выставу і іх пераносу ў метасусвет.
— Мы з Экадомам абвясцілі open call, і творы пацяклі ракой. Нічога складанага: мне дасылалі іх на пошту, я каталагізавала ўсё і запаўняла творамі ў прасторы, сістэматызуючы іх паводле тэм і фарматаў.
Ці можна сказаць, што выставы ў метасусвеце з’яўляюцца адзіным спосабам для крытычнага куратарскага выказвання ў Беларусі на бягучы момант?
— Напэўна, усё-такі не: можна яшчэ фільм зняць, напрыклад, і паказаць яго дзе заўгодна. Усё ж ёсць шляхі прывесці чалавека ў вопыт незалежна ад яго месцазнаходжання. Але гэты фармат, напэўна, уцягвае найбольш – дзякуй за яго сучасным тэхналогіям. У ідэале, пры дапамозе VR-акуляраў (дарэчы нашу выставу ў іх таксама можна паглядзець) магчыма ў адной прасторы сустрэцца на такой імпрэзе са сваімі сябрамі з Тбілісі, Вільнюса, Нью-Ёрка і Мінска. І разам атрымаць вопыт.
Як наведвальні_цы выставы могуць прыняць у ёй удзел?
— Можна прайсці па спасылцы і ўсё як мае прачытаць і прасякнуцца — раз. Там дастаткова матэрыялу і кантэксту для гэтага. Два: можна «пасадзіць» свой сланечнік. Для гэтага трэба актываваць ужо існы і прадубляваць яго. Можна пакінуць стыкер з адказам на пытанне «а якая энергія самая важная для цябе?». Для гэтага на панэлі знізу экрана ствары стыкер і напішы на ім свой адказ. Мы такім чынам збіраем фідбэк, выяўляем пачуцці гледачоў.
З якімі асаблівасцямі правядзення куратарскай экскурсіі, падтрымкі парадку на выставе ў анлайн-прасторы ты сутыкнулася?
— Гэта забаўна: паколькі прастора адкрыта да рэдагавання, каб усе маглі працаваць са сланечнікамі і пакідаць адказы ў выглядзе стыкераў, то, як вынік, часам гледачы могуць уцягнуць які аб’ект экспазіцыі ў іншы бок, бо выпадкова заціснулі не тую кнопку або не зарыентаваліся да канца. Нядаўна нехта дадаў ката (смяецца). Я прыбіраю толькі асноўны непарадак, звязаны з паўнавартасным прадстаўленнем твораў. Кот няхай блукае, сланечнікі ўжо таксама паўсюль (усміхаецца).
Асноўная складанасць у такіх анлайн-прасторах не дадатковыя аб’екты, а нестабільны інтэрнэт. Самая першая куратарская экскурсія чамусьці пайшла ў нас рэхам. Але гэта нястрашна, мы запішам відэа, запампуем на YouTube і ўсім можна будзе яго паглядзець. Усё будзе зручна і даступна.
А, яшчэ часам людзі выпадкова заходзяць з некалькіх браўзераў, напрыклад. Таксама даволі смешна атрымліваецца: яны проста памнажаюць такім чынам свае аватары і па залі можа блукаць некалькі клонаў аднаго чалавека.
Наколькі новы для цябе досвед працы з экалагічнай тэматыкай у куратарстве?
— Досвед працы менавіта з экалагічнай НДА новы ад пачатку да канца, асабліва з улікам таго, што было неабходна ў мастацкую частку інтэграваць адукатарскую (альбо наадварот) і неяк іх звязаць паводле сэнсу і падачы. Але гэта ніяк не перашкаджае працаваць: так ці інакш я ў кожным сваім праекце спрабавала працаваць таксама з тэмай экалогіі і прыроды. Мяркую, што атрымалася нядрэнна, але ў мяне яшчэ мноства нерэалізаваных ідэй напагатове — хопіць яшчэ на дзесяць праектаў.
Наведвальнікі_цы выставы ўжо паспелі стварыць пасярод залы сланечнікавае поле, а таксама падзяліцца, што галоўнай крыніцай энергіі для іх з’яўляюцца людзі, надзея, дзікая прырода ды прыўкраснасць агромністага сусвету. Дадаць стыкеры са сваімі варыянтамі, а таксама парэфлексаваць над небяспекай ядравай энергіі і яе бяспечнымі альтэрнатывамі можна да 19 траўня па спасылцы.