Парады і памятка па тым, як не нашкодзіць наваколлю падчас летняга адпачынку.
Традыцыйна ў перыяд сонцастаяння і самых кароткіх начэй беларус_кі пакідаюць гарады, каб ва ўлонні прыроды разам адсвяткаваць Купалле і пабавіцца на прыродзе. Інфаслужба па рашэнні экапраблемаў «Зялёны тэлефон» сабрала рэкамендацыі па бяспечным узаемадзеянні з агнём, лесам і вадой. А таксама падлічыла, у якую суму штрафаў можа абысціся іх невыкананне.
Агонь: развядзенне вогнішчаў
Лета з’яўляецца найбольш пажаранебяспечным перыядам года. Збіраючыся адпачыць на прыродзе, майце на ўвазе, што развядзенне вогнішча, у тым ліку з усталёўкай мангала або барбекю, дапускаецца толькі пры яго размяшчэнні на былых кастрышчах або абсталяваных пляцоўках пры наяўнасці наўкол вычышчанай да мінеральнага пласта глебы паласы шырынёй не менш за 25 см. Пастаянны кантроль за працэсам гарэння абавязковы, гэтаксама як і наяўнасць побач сродкаў пажаратушэння – падыдзе вогнетушыцель альбо наўпрост ёмістасць з вадой. Не дапушчайце пашкоджанне агнём крон, камлёў і каранёвых лап дрэў. Пасля завяршэння гатавання неабходна патушыць вогнішча да поўнага спынення тлення, дадаткова заліўшы вуголле вадой.
Асаблівую рызыку ўзнікнення пажару нясуць непатушаныя запалкі і недапалкі, гарачы попел, а таксама лёгкаўзгаральныя і гаручыя рэчывы. Акрамя таго, у пажаранебяспечны перыяд забаронена запраўляць палівам машыну ў неўстаноўленых для гэтага месцах і пры працуючых рухавіках. Дадатковую небяспеку ўяўляе выкарыстанне няспраўных машын і механізмаў, што прыводзяць да выцякання гаручых вадкасцяў, таму паблізу іх таксама не варта курыць ці карыстацца адкрытым агнём.
Звяртаем увагу, што Пастановай Саўміна № 722 развядзенне вогнішчаў у пажаранебяспечны сезон забаронена на тарфяніках і лесасеках, у лясах-маладняках, сярод іглічных несутыкнутых насаджэнняў вышынёй да метра, а таксама ў месцах з падсохлай травой і на ўчастках з пашкоджанымі ветрам ляснымі насаджэннямі. Забараняецца выпальваць галлё, лясны подсціл, траву і іншыя лясныя гаручыя матэрыялы. Пра тое, якія страты наносіць прыродзе выпальванне травы можна пачытаць у нашым адмысловым матэрыяле.
Калі ж вы сталі сведка_й распальвання вогнішчаў у забароненым месцы з парушэннем патрабаванняў пажарнай бяспекі, варта спачатку папрасіць парушальні_цу патушыць вогнішча, а таксама нагадаць, што менавіта такім чынам узнікае большасць лясных пажараў. У выпадку адмовы парушальні_цы спыніць незаконныя дзеянні варта згадаць аб адказнасці паводле артыкула 16.41 КабАП. Гэтак, развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах мае вынікам штраф да 12 базавых велічынь, а парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках мае вынікам штраф да 12 базавых велічынь у выпадку адсутнасці шкоды і да 30 базавых велічынь пры знішчэнні або пашкоджанні лесу ці тарфянікаў. Запомніце месца і падрабязнасці парушэння, запішыце кантактныя дадзеныя сведка_ў, а таксама па магчымасці здзейсніце фота- ці відэаздымку правапарушэння. У далейшым гэтыя дадзеныя спатрэбяцца падчас складання пратакола, для чаго трэба звярнуцца ў раённую інспекцыю Мінпрыроды, мясцовы лясгас, Дзяржінспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, а ў выпадку з запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі – у адпаведныя прыродаахоўныя ўстановы на іх тэрыторыі.
Лес: наведванне і знаходжанне
Да пачатку начных пошукаў папараць-кветкі рэкамендуем зірнуць на інтэрактыўную мапу забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Беларусі, якую рэгулярна абнаўляе Мінлясгас. Тут важна разабрацца ў тэрміналогіяй, што выкарыстоўваецца міністэрствам. Чырвоны колер на мапе абазначае забарону на наведванне, а жоўты – абмежаванне. Увядзенне райвыканкамамі часовай забароны азначае неабходнасць поўнай адмовы грамадзян_ак ад наведвання лясоў з любой мэтай, у тым ліку для шпацыру ці адпачынку на прыродзе. У такім выпадку таксама забараняецца ўезд на лясныя тэрыторыі любым транспартным сродкам, акрамя службовых. Аднак часта ўводзяцца менавіта абмежаванні на наведванне лясоў, якія ў кожным канкрэтным выпадку могуць адрознівацца па сваім тэрытарыяльным або часовым дзеянні. Таксама часовыя абмежаванні могуць датычыцца, напрыклад, уезду транспарту, але не пешых шпацыраў.
Важна адзначыць, што нягледзячы на бягучую забарону альбо абмежаванне, грамадзян_кі ўсё роўна маюць магчымасць у любы час дабірацца да сваіх вёсак і лецішчаў, выконваючы дадатковыя меры асцярожнасці. Хоць на справе парушэнне правілаў наведвання лясоў для грамадзян_ак часта сканчаецца папярэджаннем, за парушэнне пастаноў мясцовых органаў улады ўсё ж прадугледжаны штрафы. Таму перад летнім паходам у лес трэба ўдакладніць наяўнасць забароны альбо канкрэтны змест абмежаванняў на інтэрактыўнай мапе. Мапа падзелена на адміністрацыйныя раёны. Калі націснуць на раён, выскоквае спасылка на тэкставы дакумент, у якім падрабязна напісана, якія канкрэтна дзеянні забаронены ці абмежаваны на тэрыторыі ляснога фонду.
Збіраючы дровы на вогнішча, важна памятаць аб недапушчэнні незаконнай высечкі, пашкоджання і знішчэння лясных насаджэнняў. Паводле Ляснога кодэкса, самастойная нарыхтоўка дроў забаронена, нават калі гэта ламачча або буралом. Паваленыя, пашкоджаныя і сухастойныя дрэвы таксама з’яўляюцца часткай натуральнага асяроддзя лясной фаўны, служаць важнай крыніцай мікраэлементаў, а таму неабходны для падтрымання біяразнастайнасці. Таму нарыхтоўка драўніны на ўчастках ляснога фонду ажыццяўляецца за плату і на падставе ордэра. Аднак нават з адпаведнымі дакументамі збор ламачча можа праводзіцца толькі ў месцах, дзе ўжо запланавана ўборка. За незаконную рубку, выдаленне, пашкоджанне або знішчэнне драўняна-хмызняковай і іншай расліннасці паводле артыкула 16.17 КабАП прадугледжаны штрафы да 20 базавых велічынь, а ў прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах – ад 5 да 30 базавых велічынь. Разам з тым ламачча не варта блытаць з лапнікам і галлём, збор якіх з’яўляецца вольным, а таму яны могуць стаць ідэальнай асновай для купальскіх вогнішчаў.
Памятайце, што адказнасць прадугледжана і за прычыненне шкоды лясной фаўне. За знішчэнне і спусташэнне мурашнікаў, гнёздаў, нор і іншых месцаў пасялення дзікіх жывёл, збор яек птушак, а таксама яек, лічынак і кукалак мурашак прадугледжаны штраф у памеры да 30 базавых велічынь (арт. 16.23 КабАП). Таксама нагадаем аб важнасці не пакідаць пасля пікніка смецце. Бо акрамя пагаршэння эстэтычнай каштоўнасці і якасці навакольнага асяроддзя, забруджванне лесу і іншай драўняна-хмызняковай расліннасці адкідамі альбо іншым чынам мае вынікам накладанне штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь (артыкул 16.22 КабАП). Калі раптам вы заўважылі несанкцыянаваную звалку, то ў нашым матэрыяле можна азнаёміцца са шляхамі яе ліквідацыі.
Вада: забруджванне і рыбалоўства
Пускаючы па рацэ купальскія вянкі, не дапускайце траплення бытавога смецця ў ваду, бо засмечанне паверхневых вод мае вынікам штраф да 20 базавых велічынь (артыкул 16.34 КабАП). Акрамя таго не дапускаецца мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў у межах водаахоўных зон (арт. 53 Воднага Кодэкса), таксама як і стаянка механічных транспартных сродкаў да 30 метраў па гарызанталі ад берагавой лініі (арт. 54 Воднага Кодэкса). Парушэнне рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах або прыбярэжных палосах прыводзіць да накладання штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь (ч. 2 арт. 16.34 КаАП). У летні перыяд санітарна-эпідэміялагічнымі службамі рэгулярна праводзіцца маніторынг стану зон адпачынку ля вады з наступнай публікацыяй інтэрактыўнай мапы тых зон рэкрэацыі, у дачыненні якіх зроблены прапановы па абмежаванні або забароне купання і заняткаў воднымі відамі спорту.
Таксама нагадваем аб неабходнасці выконваць правілы аматарскага рыбалоўства. Норма сутачнага вылаву на аднаго рыбалова на бясплатных вадаёмах складае 5 кілаграм рыбы. Забароненымі для лоўлі з’яўляюцца ўсе чырванакніжныя віды рыб і міног, вугры, а таксама некаторыя іншыя віды рыб падчас нерасту – актуальны спіс і часовыя рамкі абмежаванняў можна адшукаць у правілах. Такую рыбу неадкладна трэба вяртаць у натуральнае асяроддзе непасрэдна ў месцы яе здабычы, прычым з найменшымі пашкоджаннямі і незалежна ад яе стану. Забаронены вылаў рыбы сеткамі любых кшталтаў, а таксама з ужываннем пастак, выбуховых і атрутных рэчываў, электратоку. Таксама нельга лавіць рыбу з лодкі ў начны час. З забароненымі ж прыладамі рызыкоўна знаходзіцца не толькі ў вадаёме, але і ў непасрэднай блізкасці ад яго, інакш прылады будуць канфіскаваны разам з уловам. Штраф за парушэнне правілаў рыбалкі і незаконную лоўлю рыбы для фізічнай асобы складае ад 10 да 30 базавых велічынь (артыкул 16.25 КабАП).
Пры выкананні ўсіх пералічаных рэкамендацый купальская ноч пройдзе незабыўна і максімальна экалагічна. А вось сума штрафаў за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства можа дасягнуць 202 базавыя велічыні.
Не забыцца на правілы табе дапаможа памятка. Раздрукуй яе па-беларуску або па-руску, каб павесіць на пляжы, у лесе або іншым месцы адпачынку на прыродзе.
Калі ж ты ў чымсьці сумняешся, не саромейся і пішы або тэль Зялёнаму тэлефону: аператар_кі інфаслужбы пракансультуюць цябе па ўсіх пытаннях.