А што з адкідамі?
У Беларусі плануюць пабудаваць 14 свінакомплексаў для забеспячэння мясаперапрацоўчай прамысловасці сыравінай. Маштабныя планы маюць за мэту не менш маштабныя вынікі. Але за гэтымі планамі хаваюцца рызыкі. Давайце разбірацца разам.
Перспектывы развіцця свінагадоўлі
Па выніках нарады ў Лукашэнкі было аб’яўлена аб планах па пабудове 14 сучасных свінакомплексаў на 24 тыс. галоў кожны, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. Міністр сцвярджае, што новыя тэхналагічныя комплексы дазваляюць дабіцца лепшых прыбаўленняў у вазе пры зніжаных затратах на кармленне. Вялікія свінакомплексы заменяць некалькі меншых, забяспечыўшы аптымальную колькасць пагалоўя для эфектыўнай вытворчасці.
Свіны гной небяспечней ртуці?
Любая інтэнсіўная жывёлагадоўля — гэта вялікая нагрузка на навакольнае асяроддзе, падкрэсліваюць у Экадоме. Адна з асноўных праблем — гэта адкіды, якія вырабляюць велізарная колькасць свіней на свінакомплексе ў абмежаванай прасторы. Адходы свіней падобныя на адходы жыццядзейнасці чалавека, але кожная свіння вырабляе ў восем разоў больш фекаліяў, чым чалавек, што выклікае вострую неабходнасць у рэгуляванні і абясшкоджванні гэтых адходаў. Таму ключавую ролю ў будаўніцтве новых комплексаў мае якасць ачысткі сцёкаў і наяўнасць біялагічнай абароны.
Паводле экспертаў, у параўнанні з камунальна-бытавымі адходамі, беспадсцілачны гной і памёт па ўзроўні хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя больш небяспечныя ажно ў 10 разоў. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яны з’яўляюцца фактарам перадачы больш за 100 відаў розных узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека, а свежы свіны гной па таксічнасці параўнальны з ртуццю.
— Сцёкі са свінафермаў могуць утрымліваць патагенныя мікраарганізмы, бактэрыі (часта ўстойлівыя да антыбіётыкаў) і цяжкія металы, якія могуць быць таксічнымі пры трапленні ў арганізм, — тлумачаць у Экадоме. — Акрамя таго, адходы свінагадоўлі таксама спрыяюць забруджванню грунтавых вод нітратамі.
Даследаванні даказваюць, што гнаявыя сцёкі выклікаюць раздражненне слізістай абалонкі ў людзей, якія пражываюць у непасрэднай блізкасці ад свінакомплексаў або якія працуюць на іх, а таксама рэспіраторныя захворванні, падвышаны стрэс, зніжэнне якасці жыцця, і павышэнне крывянага ціску.
Нязгода грамадскасці, экалагічная экспертыза, судовыя позвы
Беларусь мае досвед барацьбы з праблемамі ў сферы свінагадоўлі. У 2014-2016 гадах у краіне ўжо праводзіліся мадэрнізацыя і рэканструкцыя свінакомплексаў. Лукашэнка даў дазвол на будаўніцтва двух вялікіх свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне, кожны на 100 тысяч свіней за год.
Гэта стала прычынай шэрагу праблем.
- У адпаведнасці з рашэннем Мінсельгаса, калі свінакомплекс быў бы пабудаваны, то ўвялася б забарона на ўтрыманне свіней у хатніх гаспадарках у радыусе пяці кіламетраў ад комплексу. Гэта ўяўляла прамую пагрозу традыцыйнаму ладу жыцця жыхароў бліжэйшых вёсак.
- Акрамя таго, праца свінакомплексаў негатыўна ўплывае на якасць паветра, а іх блізкае размяшчэнне да населеных пунктаў зрабіла б жыццё ў гэтых месцах невыносным.
Мясцовыя жыхары падчас грамадскіх абмеркаванняў выказалі сваю нязгоду па гэтых праектах. У лістападзе 2014 года «Экадом» накіраваў заяву аб намеры правесці грамадскую экалагічную экспертызу праектаў свінагадоўчых комплексаў. Грамадская экспертыза была неабходна для аб’ектыўнай незалежнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Кампанія «Вялес-Міт» не дала неабходную інфармацыю для правядзення экалагічнай экспертызы, таму «Экадом» падаў пазоў супраць яе. У студзені 2015 года кампанія забудоўшчык заявіла ў судзе, што ў яе няма матэрыялаў для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы, бо дакументацыя не была гатова. Толькі праз год, ТАА «Вялес-Міт» падаў праектную дакументацыю для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы.
Па выніку, намаганні па барацьбе са свінакомплексамі былі часткова поспеховыя: адзін з іх быў перамешчаны з вёскі Мойсічы ў раён Палачан. Пасля, хаця будаўніцтва свінакомплексаў суправаджалася пікетамі супраць іх стварэння ў 2016 годзе, абодва аб’екты ўсё ж былі завершаны і пачалі функцыянаваць.
А ці магчыма бяспечна разводзіць свіней?
Эксперты адказваюць сцвярджальна:
— Нам найбольш падыходзіць досвед Даніі, якая займае 3-е месца ў свеце па вытворчасці свініны, там каля 12 тысяч свінарнікаў па 600-900 галоў у кожным. І ў гэтым уся сутнасць! Уся краіна раўнамерна пакрыта сеткай гэтых гаспадарак, і гэта ў асноўным сямейныя фермы. З аднаго боку, тамака людзі ў сёлах загружаныя працай, а з іншага — прырода не нясе празмернай нагрузкі. Там на 600-900 свіней прыпадае 150-200 гектараў зямлі і такой колькасці раллі дастаткова для бяспечнай утылізацыі асветленых сцёкаў.