Ужо заўтра 26 красавіка, у 37-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, у Вільнюсе і іншых гарадах пройдзе Чарнобыльскі шлях. У ім возьме ўдзел і Святлана Ціханоўская.
У гэты дзень беларускія грамадзяне, незалежныя партыі, актывісты і актывісткі грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі беларусаў і беларусак замежжа па ўсім свеце правядуць акцыі да ўгодак Чарнобыльскай аварыі. На сёння Чарнобыльскі шлях анансаваны ў Вільнюсе, Варшаве, Берліне і Таронта.
Так, у Вільнюсе сярод прамоўцаў мітынгу анансаваныя:
- лідарка дэмакратычнага руху Беларусі Святлана Ціханоўская,
- краўнік групы Сейма Літвы “За дэмакратычную Беларусь” Жыгімантас Павілёніс,
- пасол Украіны ў Літве Пятро Бешта,
- дэпутат Еўрапейскага Парламента Пятрас Аўштравічус,
- суаснавальніца адной з найстарэйшых экалагічных арганізацый Беларусі “Экадома” і прадстаўніца партыі Зялёных Ірына Сухій,
- намеснік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Уладзімір Шанцаў,
- кіраўніца валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” Наталля Калегава,
- прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Альгірдас Сісас,
- дырэктарка правааборнчага цэнтра “Наш дом” Вольга Карач ды іншыя.
— Чарнобыль забраў шмат жыццяў і скалечыў мільёны беларускіх сем’яў. Мы мусім пра гэта памятаць. Але ў свеце ёсць тыя, каго гісторыя нічому не вучыць і праз іх дзеянні ў Беларусі ўжо з’явілася АЭС, вядуцца размовы пра будаўніцтва другой, а неўзабаве можа з’явіцца ядзерная зброя, — пішуць арганізатары. — Усё гэта не дасі анічога, акрамя значна вышэйшага ўзроўню небяспекі для жыцця кожнага беларуса і беларускі, а таксама большай залежнасці ад Расіі. Таму 26 красавіка мы запрашаем выйсці на акцыі ў розных гарадах свету і разам з намі сказаць «Не ядзернай зброі ў Беларусі».
Святлана Ціханоўская таксама заклікала беларусаў і беларусак замежжа выходзіць на Чарнобыльскі шлях у сваіх гарадах 26 красавіка:
— Вы, напэўна, як і я — дзіцё Чарнобыля. І вы ўжо ведаеце, што зараз дыктатары збіраюцца размясціць у Беларусі расійскую ядзерную зброю. Таму я заклікаю ўсіх, хто цяпер знаходзіцца ў фізічнай бяспецы. Палітыкі, актывісты, журналісты, прадпрымальнікі, айцішнікі, студэнты і пенсіянеры, – выходзьце на акцыі 26 красавіка, у дзень Чарнобыльскай трагедыі, у сваім горадзе. Вялікія акцыі ўжо запланаваныя ў Вільні і Варшаве. Далучайцеся да акцыяў у гэтых гарадах ці арганізоўвайце іх у сваіх, каб гучна і публічна заявіць – беларусы супраць ядзернай зброі.
Акцыя “Чарнобыльскі шлях” пачнецца 26 красавіка 18:00 па Вільнюсу, сустрэча на Лукiшскай плошчы. Спіс акцый у іншых гарадах шукай у нашай падборцы.
#твойэкадом #чарнобыльскітыдзень #чарнобыльскішлях #ecobelarus