21 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшоў перформанс Артура Камароўскага “290”. Як гэта было?
290 — гэта паэтычна-візуальнае даследаванне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, спроба фіксацыі і архівізацыі памяці, аднаўлення і пера(пра)жывання досведу.
290 — гэта вялікія і малыя беларускія мястэчкі, ліквідаваныя і пакінутыя. Большасць з іх сёння — кароткія старонкі ў вікіпедыі: геаграфія, транспартная сувязь, гісторыя і насельніцтва. А можа і нешта яшчэ.
Ідэя перформанса ўзнікла, калі я пабачыў спіс населеных пунктаў Чарнобыльскай зоны адчужання, — расказвае Артур Камароўскі. — Мяне ўразіла іх колькасць. А таксама сухая інформацыя ў Вікіпедыі: геаграфія, насельніцтва, транспартныя сувязі, гісторыя. Быццам бы і мова выкарыстаная тут, каб зрабіць гэтыя месцы яшчэ больш нежывымі, чым яны маглі б быць.
Для мяне яны — недзе паміж. Раптоўна адабраныя, раптоўна пакінутыя, раптоўна змушаныя жыць жыццё без чалавека.
У перформансе мне захацелася расказаць іх гісторыі, выкарыстоўваючы канцэлярскую мову і пераўтвараючы яе ў нешта жывое. Беручы зямлю як метафару смерці, расказваць пра жыццё. Ставіць кропку ў адной гісторыі існавання, і пачынаць новую. Называць месцы — адначасова падсвятляючы іх і пакідаючы ў памяці — і ставіць кропку. Альбо працяжнік.
Бо пакуль усё яшчэ невядома, якімі будуць ТАМ смерць і жыццё.
Мерапрыемства арганізавана ў межах Чарнобыльскага тыдня, які ладзіць Экадом #чарнобыльскітыдзень #чернобыльскаянеделя
Фота: Павел Савіцкі