Філосаф у турме: Уладзіміру Мацкевічу далі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Новостиправовая службаУчастие общественности

У сувязі з гэтым 23 чэрвеня Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, часткай якой з’яўляецца Экадом, выпусціла заяву. Прыводзім яе тэкст.

23 чэрвеня 2022 г. Мінскі гарадскі суд вынес прысуд палітзняволенаму філосафу, метадолагу, грамадскаму дзеячу Ўладзіміру Мацкевічу у выглядзе 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Уладзіміра Мацкевіча, які знаходзіцца ў зняволенні ад 4 жніўня 2021 года, абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак),
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання),
  • ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Мы расцэньваем вынесены прысуд як несправядлівы і палітычна матываваны пераслед, адкрытую барацьбу з іншадумствам, а таксама як паказальнае пазбаўленне голасу, ціск і прымус да адмовы ад рэалізацыі сваіх правоў, ад грамадскай ці палітычнай актыўнасці.

Складана пераацаніць значнасць ролі В. Мацкевіча ў станаўленні і развіцці беларускай грамадзянскай супольнасці, беларускай філасофскай думкі і гуманітарных навукаў. Філосаф і метадолаг Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч, аўтар формулы «Думаць Беларусь», заснавальнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», стваральнік «Лятучага універсітэта». Уладзімір Мацкевіч стаяў ля вытокаў Беларускай нацыянальнай платформы і Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства. Яго напрацоўкі і ідэі доўгі час выкарыстоўваліся ў фарматах працы БНП і ФГС УП. Развіццю грамадзянскай супольнасці Беларусі Уладзімір Мацкевіч прысвяціў шэраг сваіх кніг, лекцый і артыкулаў.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць: краiн Еўрасаюза, міжнародныя інстытуты, дыпламатаў, грамадзянскую супольнаць звярнуць грамадскую і палітычную ўвагу на прысуд і зняволенне Уладзіміра Мацкевіча, роўна як на сітуацыю з іншымі тысячамі палітычных зняволеных у Беларусі, як непрымальную і заганную практыку палітычных рэпрэсій адносна ідэйных апанентаў беларускага рэжыму. 

Экадом выказвае салідарнасць Уладзіміру Мацкевічу і заклікае цябе пашыраць інфармацыю аб палітвязнях у Беларусі па ўсіх магчымых каналах, а таксама дасылаць ім лісты і паштоўкі падтрымкі.