Мы, беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, вызнаем мір і бяспеку як неаспрэчныя каштоўнасці. У сваёй дзейнасці мы кіруемся стандартамі правоў чалавека і прынцыпамі гуманнасці. Мы шмат год працуем над тым, каб стварыць дэмакратычнае грамадства, свабоднае ад дыскрымінацыі, няроўнасці і гвалту. Мы не спынялі і не спыняем дзейнасць, нягледзячы на ціск, пераслед і жорсткія рэпрэсіі.
Мы падкрэсліваем, што цяперашняя нелегітымная ўлада рэалізуе палітыку, якая супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам, уцягнула Беларусь у ваенную агрэсію супраць Украіны і адпраўляе беларускіх вайскоўцаў і іншых асоб удзельнічаць у гэтай вайне. Існуючая нелегітымная ўлада, якая дазволіла размяшчэнне войскаў Расійскай Федэрацыі, прапусціла іх праз сваю тэрыторыю, на палітычным узроўні падтрымала агрэсію і паставіла пад пагрозу суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
Мы заяўляем сваю нязгоду з палітыкай нелегітымнага ўраду і будзем разам бараніць нашыя каштоўнасці, годнасць, правы чалавека і права на мір усімі даступнымі негвалтоўнымі сродкамі. Мы працягнем працаваць на карысць бяспекі і справядлівасці, салідарнасці і ўзаемападтрымкі, права на самавызначэнне, на карысць свабоды і незалежнасці.
З улікам вышэй адзначанага, мы заяўляем пра свой намер:
- працаваць разам над спыненнем вайны і перадухіленнем яе наступстваў;
- дзейнічаць супраць уцягнення беларускага народу ў ваенную агрэсію нелегітымным кіраўніком краіны;
- распаўсюджваць даставерную інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі і Украіне;
- падтрымліваць народ Украіны ў іх барацьбе за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць;
- выказваць свой пратэст супраць ваеннай агрэсіі і пашыраць прынцыпы мірнага і добрасуседскага суіснавання дзяржаваў;
- дапамагаць беларускай і ўкраінскай супольнасці выйсці з гуманітарнага крызісу.
Патрабуем не выкарыстоўваць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у якасці ваенных плацдармаў і тэрыторыі ваеннай агрэсіі.
Заклікаем арганізацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці далучацца да падпісання заявы і праявіць салідарнасць.
У сувязі з рэпрэсіўнай палітыкай цяперашняй улады ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці адзначаем, што падпісацца пад дадзенай заявай магчыма непублічна. Калі вы абіраеце варыянт публічнага падпісання, калі ласка, ацаніце рызыкі, звязаныя з Вашай бяспекай і бяспекай усёй каманды. Мы можам даць вам кансультацыю ў сферы бяспекі і ацэнцы рызыкаў для вас і вашай арганізацыі.
Спампаваць Заяву у фармаце .pdf:
Па-беларуску: https://bit.ly/nie_vajnie_by
Па-украінску: https://bit.ly/nie_vajnie_ukr
Па-англійску: https://bit.ly/nie_vajnie_eng
Тэкст Заявы для распаўсюду: https://bit.ly/nie_vajnie_statement
Пошта для сувязі: nie.vajnie@gmail.com
Ілюстрацыя @lizarusalskaya.